
Сапраўдная праверка на трываласць
У Шумілінскай СДЮШАР прайшоў адкрыты валейбольны турнір памяці трэнера-выкладчыка Анатоля Завадскага. Спаборніцтвысталі адным з галоўных спартыўных стартаў Шуміліншчыны. Яны штогод збіраюць каманды, для якіх удзел у турніры – справа гонару. Сёлета на пляцоўку выйшлі шэсць калектываў: «Шуміліна», «Мінск», «Віцебск», «Глыбокае», а таксама госці з Расіі – «Пскоў» і «Цвер». Варта адзначыць, што каманда «Цвер» прыехала на турнір упершыню і адразу здолела заявіць пра сябе.

За шумілінскую каманду выступалі Дзмітрый Ярыга, Цімур Савва, Міхаіл Карнілаў, Павел Пушноў, Мікіта Шумінскі, Мікіта Аксёнаў, Сяргей Кучмароў, Дзмітрый Талстой, Арцём Багачоў, Дзяніс Літвін і Вадзім Казлоў. Трэнер – Аляксей Паршыкаў.

Урачыстае адкрыццё сабрала багата гасцей. На свяце прысутнічалі старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук, генеральны дырэктар КУП «Віцебскаблдарбуд» Руслан Насцюшкін, сын Анатоля Завадскага Сяргей і ігрок віцебскага валейбольнага клуба «Марка-ВДТУ» Антон Сушынскі. Усе прысутныя хвілінай маўчання ўшанавалі памяць трэнера Анатоля Завадскага, капітаны каманд разам з дырэктарам Шумілінскай СДЮШАР Алегам Асташонкам усклалі кветкі да мемарыяльнаФй дошкі.

У першы дзень шумілінцы правялі матчы з расійскімі камандамі «Цвер» і «Пскоў» і ў абодвух святкавалі перамогу. Асабліва напружанай выдалася гульня супраць дэбютантаў з Цверы. Дзве гадзіны барацьбы, ачко ў ачко, нервы на мяжы. Лёс паядынку вырашыла трэцяя партыя, дзе «Шуміліна» вырвала перамогу з лікам 35:33. Матч скончыўся на карысць шумілінцаў – 3:1.

У другі дзень сапернікамі шумілінцаў сталі каманды з Віцебскай вобласці. Першым на пляцоўку выйшаў «Віцебск». Госці спрабавалі навязаць сваю гульню, але шумілінцы з першых жа розыгрышаў узялі ініцыятыву. Дакладная падача, надзейны прыём, імклівыя атакі – і сапернік не знайшоў адказаў. Вынік – упэўненая перамога 3:0.

Больш складанай выдалася сустрэча з «Глыбокім». Гасцям удалося забраць адну партыю. Але шумілінцы не разгубіліся: дадалі ў абароне і нападзенні і давялі матч да перамогі з лікам 3:1. Такім чынам, пасля двух дзён шумілінская каманда мела чатыры перамогі запар і ўпэўнена ішла да прызавых месцаў.
У трэці, заключны, дзень шумілінцы сустракаліся з «Мінскам». Госці са сталіцы таксама прыйшлі да гэтага матчу без паражэнняў, таму сустрэча фактычна была фінальнай – яе пераможца станавіўся пераможцам турніру. На жаль, у гэтай гульні шумілінцы саступілі.
– Турнір выдаўся на славу – сапраўдная праверка на трываласць, – падзяліўся ўражаннямі трэнер «Шуміліна» Аляксей Паршыкаў. – Пяць гульняў, і ніводнай прахадной. Хлопцы змаглі і характар паказаць, і камандную гульню наладзіць. Фінал з «Мінскам» – гэта як люстэрка: убачылі і свае моцныя бакі, і тое, над чым трэба папрацаваць. Другое месца мы не лічым трагедыяй. Галоўнае – гэта была выдатная трэніроўка перад першынством вобласці.

Асаблівай стала цырымонія ўзнагароджання. Акрамя традыцыйных дыпломаў, кубкаў і медалёў, дырэктар СДЮШАР Алег Асташонак уручыў камандам па вя-
дзерцу журавін і слоіку мёду. Валейбалісты ад’язджалі не толькі з узнагародамі, але і з сапраўднымі прысмакамі з Прыдзвіння.

Па выніках спаборніцтваў каманда «Шуміліна» заняла другое месца. Перамогу на турніры святкаваў «Мінск», прызавую тройку дапоўнілі валейбалісты «Цверы», для якіх турнір стаў яркім дэбютам на шумілінскай зямлі.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
