
Ад Мінска да Шры-Ланкі: турысты адкрываюць заказнік «Казьянскі»
Прыродныя мясціны заказніка «Казьянскі» ўсё часцей вабяць турыстаў. З красавіка па кастрычнік дырэктар заказніка Павел Мартыненка правёў 18 экскурсій па Обальскім балоце, на якіх пабывала больш за сто чалавек: школьнікі, турысты з Мінска і Віцебска, Расіі і нават са Шры-Ланкі.

На экскурсію ў заказнік завіталі вучні васьмі школ раёна – для многіх гэта стала магчымасцю ўпершыню пазнаёміцца з балотамі.
Для прыцягнення экскурсантаў заказнік заключыў дагавор з «Экасістэмай турызму» – гэта турыстычны аператар уязнога і ўнутранага турызму, які працуе на тэрыторыі Беларусі і прапануе азнаёміцца з унікальнымі прыроднымі ландшафтамі. У выніку на Обальскае балота прыязджалі не толькі жыхары Віцебска і Мінска, але і госці з-за мяжы. У складзе турыстычных груп былі грамадзяне Расійскай Федэрацыі, а таксама некалькі чалавек са Шры-Ланкі. Для іх экскурсія праходзіла з перакладчыкам. Самая вялікая група налічвала 28 чалавек.
«За экскурсійны сезон было зароблена 1804 рублі. За пазабюджэтныя сродкі было добраўпарадкавана месца стаянкі для турыстаў на месцы былой вёскі Вішня, – расказаў Павел Мартыненка. – Там пабудавана альтанка са сталом і лаўкамі, разлічаная на 20 чалавек. Цяпер наведвальнікі могуць спыніцца, адпачыць і перакусіць пасля экскурсіі. Гэта робіць падарожжы больш камфортнымі».
Уладкавана турыстычнае месца і каля возера Расалай. Тут вельмі дапамог валанцёр з Мінска Арцём Апацкі. Разам з Паўлам Мартыненкам ён нёс дошкі да месца работ каля двух кіламетраў.
Дарэчы, сезон экскурсій у заказніку не завершаны. Павел Мартыненка расказаў, што на лістапад ёсць яшчэ дзве заяўкі – на Обальскае балота прыедуць экскурсанты з Мінска і Віцебска.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
