
Падрыхтавацца да ЦЭ і алімпіяд
На асенніх канікулах на базе школьнага лагера СШ № 1 г. п. Шуміліна працуюць спецыяльныя атрады,у якіх вучні шумілінскіх школ рыхтуюцца да ЦЭ, навуковых даследаванняў і алімпіяд.
«Для вучняў 11 класаў СШ № 2 г. п. Шуміліна арганізавана работа профільнага лагера па падрыхтоўцы да здачы цэнтралізаваных экзаменаў. Лагер наведваюць 20 вучняў 10 і 11 класаў СШ № 2. У першай палове дня для старшакласнікаў арганізаваны заняткі па вучэбных прадметах «матэматыка», «біялогія» і «руская мова». Прадметы выбраны з улікам дысцыплін, якім выпускнікі аддаюць перавагу пры выбары прадмета для здачы ЦЭ, – расказала галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Вольга Дарафеева. – Для раёна гэта новая форма работы з выпускнікамі. Яна аб’ядноўвае інтэнсіўнае навучанне, псіхалагічную падтрымку і поўнае пагружэнне ў адукацыйнае асяроддзе».
Асаблівасць новага фармату ў тым, што з вучнямі працуюць педагогі з іншых устаноў адукацыі. Па біялогіі заняткі праводзіць настаўнік Мікіціхінскай СШ Раіса Данчанка, па матэматыцы – настаўнік СШ № 1 Наталля Мясаедава, па рускай мове – настаўнік СШ № 1 Любоў Сіліна.
А ў СШ № 1 акцэнт зрабілі на работу са здольнымі вучнямі. 15 вучняў 8-11 класаў ездзяць у ВДУ імя П. М. Машэрава. Выкладчыкі ўніверсітэта займаюцца з імі па хіміі і біялогіі, рыхтуюць да прадметных алімпіяд ці ўдзелу ў доследнай рабоце.
Профільны атрад, па словах Вольгі Дарафеевай, ідэальна падыходзіць тым, хто хоча сістэматызаваць веды за кароткі тэрмін. Гэта не замена гадавому навучанню, а добры матыватар. Ён дапамагае здольнаму вучню перабудаваць мысленне з фармату «проста вывучыць» на фармат «разабрацца і ісці далей».
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
