
Калі гаснуць ліхтары, рызыка ўзрастае
Калі на вуліцы змяркаецца, бяспека дарожнага руху залежыць не толькі ад уважлівасці вадзіцеляў і пешаходаў. Важна і тое, ці добра бачныя дарога, пераходы, тратуары і людзі на іх, адзначаюць супрацоўнікі ДАІ, разам з якімі карэспандэнт раённай газеты на мінулым тыдні адправілася ў вячэрні рэйд.
Большасць вуліц у Шуміліне былі асветленыя. Інспектары дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС Дзмітрый Шуміла і Дзяніс Кухто адзначылі, што на вуліцах Кароткіна, Ленінская, Сіпко, Луначарскага, Першамайская, Садовая, Мясаедава і многіх іншых асвятленне адпавядае нарматыўным патрабаванням. Разам з тым, праязджаючы па вуліцы Мінчугова, супрацоўнікі ДАІ заўважаюць, што на адным са слупоў (насупраць дома № 24) лямпа не гарыць. Гэту няспраўнасць варта ліквідаваць, бо адсутнасць святла пакідае частку вуліцы ў цемры.
Больш сур’ёзныя пытанні выклікала асвятленне ў Каравайніцы. У 18.20 тут не гарэў ні адзін ліхтар, і на дарозе было цёмна. Пешахода ў чорным адзенні заўважылі на абочыне толькі дзякуючы наяўнасці ў яго флікера на рукаве курткі.
Недастаткова асветленай была траса Віцебск-Полацк у аграгарадку Мікіціха. Дзмітрый Шуміла падлічыў, што не гараць на слупах 18 ліхтароў. Увечары пешаходы там, як і ў Каравайніцы, менш заўважныя для вадзіцеляў, і людзям складана своечасова ўбачыць няроўнасці, абочыну ці перашкоду на шляху.
Начальнік дыстанцыі № 364 ДЭУ‑36 РУП «Віцебскаўтадар» Віктар Прыходзька патлумачыў, што зараз вядуцца рамонтныя работы, у першай дэкадзе лістапада дарожнае асвятленне будзе прыведзена ў парадак.
Па выніках рэйду супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы падрыхтавалі рапарт начальніку РАУС. Рэйд паказаў, што большая частка вуліц асветленая, але праблемы маюць месца. Супрацоўнікі ДАІ накіравалі адпаведныя прадпісанні адказным службам і падкрэслілі, што своечасовае абнаўленне вулічных ліхтароў – не дробязь, а важная ўмова бяспекі на дарогах. Вядома, асвятленне не замяняе асцярожнасць, але вельмі дапамагае вадзіцелям і пешаходам своечасова ўбачыць адзін аднаго і арыентавацца ў прасторы. Таму важна сачыць за тым, каб яны працавалі.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
