
Обальскія міратворцы занялі другое месца
Юныя міратворцы Обальскай СШ прынялі ўдзел у VIII злёце міратворцаў Віцебскай вобласці і занялі другое месца сярод 17 школ міру.
Злёт быў арганізаваны на базе 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады і быў прысвечаны 65-годдзю грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру».
Міратворцы расказалі, як рэалізуюцца напрамкі праграмы «Школа міру», якія патрыятычныя, творчыя ці дабрачынныя справы рэалізаваны. Каманды спаборнічалі ў спартыўнай эстафеце, маршыравалі, чыталі вершы.
Сваімі ўражаннямі падзялілася камандзір атрада обальскіх міратворцаў «Праўнукі Перамогі» Вераніка Болдыш: «Самай складанай для нас стала паласа перашкод — трэба было разабраць і сабраць аўтамат Калашнікава. Мы дружна маршыравалі пад песню «Ідзе салдат па горадзе», расстаўлялі воінскія званні па ўзрастанні. Верш «Беларусь святая» вельмі пранікнёна прачытала Марыя Серафімовіч. Мы задаволены, што занялі ганаровае другое месца. За добрую падрыхтоўку ўдзячны настаўніку фізічнай культуры Віктару Аляксандравічу Гусакову і каардынатару праекта “Школа міру” Вользе Васільеўне Баранавай».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
