
Не трэба чакаць, пакуль малыя ямкі стануць вялікімі
Восенню дарогі асабліва важна падрыхтаваць да зімы. Невялікая выбоіна, расколіна ў асфальце ці месца, дзе пакрыццё пачало разбурацца, з надыходам халадоў могуць стаць сур’ёзнай праблемай. Вада трапляе ў шчыліны, замярзае, пашыраецца – і маленькая ямка ператвараецца ў глыбокую выбоіну, кажа інспектар дарожна-патрульнай службы ДАІ РАУС Дзмітрый Шуміла, разам з якім на мінулым тыдні карэспандэнт раённай газеты выехаў у рэйд па дарогах райцэнтра.


Галоўная задача перад зімой – не чакаць, пакуль невялікія пашкоджанні разрастуцца, а своечасова арганізаваць рамонт. Адзін з праблемных участкаў – на скрыжаванні вуліц Ленінскай і Мясаедава (насупраць цэха ТАА «Вітконпрадукт»). «Яміна прыкладна паўметра, – ацэньвае сітуацыю Дзмітрый Шуміла. – Для вадзіцеляў гэта не проста няроўнасць: наезд на выбоіну можа прывесці да пашкоджання кола, шыны або дыска». Супрацоўнікі ДАІ паведамілі пра праблему ва УП ЖКГ, работнікі якога ў пачатку бягучага тыдня ўзяліся за работу. Ямкі ліквідаваны, мы праверылі.
На вуліцы Маладзёжнай некалькі ямін яшчэ раней засыпалі гравійнай крошкай. Аднак гэта вырашыла праблему толькі там, дзе рэдка ходзіць транспарт. На дарозе паблізу дома № 15 падчас рэйду было заўважана, што пакрыццё зноў пачало выбівацца, яміна зноў стала небяспечнай. Таму работнікі камунальнай службы возьмуцца за рамонт і гэтай няроўнасці.
На Р‑20 – сітуацыя пад кантролем. Падчас рэйду траса Р‑20 была ў належным стане. Калі на гэтай дарозе з’яўляецца яма, супрацоўнікі ДАІ дзяжураць на месцы да прыезду рамонтнай брыгады. Гэта дазваляе папярэдзіць вадзіцелей пра небяспечны ўчастак. Такі парадак важны на трасе, дзе хуткасць руху высокая, а часу на рэакцыю менш. Нават адна выбоіна можа прымусіць рэзка тармазіць, а нечаканы манеўр здольны стварыць небяспечную сітуацыю ўжо не толькі для аднаго аўтамабіля.
Асноўная адказнасць за бяспечны стан дарог – у своечасовым выяўленні і рамонце небяспечных участкаў, лічаць супрацоўнікі ДАІ. Не трэба чакаць, пакуль малыя ямкі стануць вялікімі. У добрым стане дарог зацікаўлены як супрацоўнікі ДАІ, так і дарожнікі і, зразумела, вадзіцелі і пешаходы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
