
Сядзіба, якая чакала сваіх гаспадароў
Хто сказаў, што ў дома, купленага за адну базавую велічыню, няма будучага. Ёсць. Галоўнае, каб гэты дом трапіў у гаспадарскія рукі, кажуць жыхары вёскі Маркава, якія назіраюць, як Аляксей Філіпаў з жонкай Кацярынай Саманцовай з Шуміліна наводзіць парадак на падворку і ў доме. Сям’я купіла тут дом за адну базавую і робіць у ім рамонт.
Дзяржаўная праграма па продажы пустуючых дамоў у сельскай мясцовасці за адну базавую велічыню адкрывае выдатныя перспектывы для тых, хто марыць пра ўласную загарадную сядзібу, лічыць Аляксей Філіпаў, які працуе інжынерам-механікам па транспарце Шумілінскага вытворчага цэха ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод». Драўляны дом сустрэў новых гаспадароў не ў самым лепшым выглядзе – будынак стаяў без гаспадароў ажно12 гадоў. За гэты час падворак зарос хмызняком, а сама хата патрабавала сур’ёзнага рамонту. Аднак Аляксей і Кацярына цяжкасцей не спужаліся, адразу ж закасалі рукавы і дружна ўзяліся за работу.
Спачатку генеральная ўборка разгарнулася на прыдамавой тэрыторыі. Каб расчысціць прастору, спілавалі старыя яблыні і дзікія кусты, скасілі бур’ян. Кацярына хутка і ўпэўнена авалодала сур’ёзнай тэхнікай – сучаснай газонакасілкай, і зараз акуратны зялёны газон каля хаты – яе асабісты гонар. Ну, а на найбольш складаных участках спраўляецца муж з трымерам.
Пасля навядзення парадку на зямлі пачалася карпатлівая праца па рэканструкцыі самога будынка. Абадралі старыя пачарнелыя дошкі абшалёўкі, затым узяліся за складаную будаўнічую аперацыю – замену двух ніжніх сапсаваных часам бярвенняў зруба. На даху гаспадары замянілі стары канёк, каб засцерагчы будынак ад дажджоў. Каб у пакоях было цёпла і светла, устанавілі новыя пластыкавыя вокны.
Цяпер асноўны фронт работ перамясціўся ўнутр дома, дзе са сцен давялося зняць аж 8 слаёў старых шпалер. У бліжэйшых планах сям’і – адшліфаваць бярвёны зруба, пафарбаваць іх, пераслаць падлогу.
Спыняцца на дасягнутым Аляксей і Кацярына не збіраюцца, бо ідэй у іх шмат. Наперадзе – будаўніцтва прасторнай альтанкі для сямейных пасядзелак, гаража і летняга душа, а таксама афарбоўка даху.
– У Маркаве вельмі спакойна, тут лёгка дыхаецца, – кажа Кацярына. – Праца прыносіць сапраўдную радасць, а кожнае абнаўленне, зробленае сваімі рукамі, натхняе на новыя праекты.
Гісторыя гэтай сям’і – выдатны прыклад для ўсіх, хто пакуль толькі марыць пра ўласную дачу за адну базавую велічыню. Нават калі дом стаяў закінутым доўгі час, жаданне і гаспадарскі падыход здольныя вярнуць яму другое жыццё.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
