
Амаль сорак гадоў – у сельскай гаспадарцы
За яе плячыма – амаль сорак гадоў працы ў сельскай гаспадарцы, адданасць роднай Мікіцісе і дружная сям’я. Гаворка – пра Вольгу Віктараўну Галуза, якая нядаўна адзначыла юбілей.
Вольга Віктараўна нарадзілася і вырасла ў Мікіцісе. У маладосці разам з мужам Васілём, з якім вучылася ў адным класе, паехала ў Віцебск – хацелася паспрабаваць гарадскога жыцця. Вольга ўладкавалася на радыёзавод. Калі нарадзіўся сын, маладым бацькам здымаць кватэру ў горадзе стала не па кішэні, таму вырашылі вярнуцца ў Мікіціху. Тут сям’і далі кватэру.
Вяртанне на малую радзіму стала для Вольгі Віктараўны пачаткам доўгага працоўнага шляху ў сельскай гаспадарцы. Яна завочна закончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут, спалучала вучобу з сямейнымі клопатамі і працай.
Больш за дзесяць гадоў была брыгадзірам на дзвюх фермах – Латкова і Мясаедава, работа патрабавала арганізаванасці, ведаў і ўмення знаходзіць агульную мову з людзьмі.
Пазней Вольга Віктараўна прадоўжыла працоўную дзейнасць на жывёлагадоўчым комплексе, дзе апошнія пятнаццаць гадоў працавала начальнікам першага перыяду. Тут гадавалі маладняк буйной рагатай жывёлы: ад месячнага ўзросту і да паўгода. Адначасова пад яе наглядам знаходзілася 300-350 бычкоў. Выйшаўшы на пенсію, жанчына яшчэ дзесяць гадоў у час жніва працавала на вагавай.
У жыцці В. В. Галуза заўсёды важнае месца займала сям’я. Яна маці двух сыноў, бабуля траіх унукаў. Родныя і блізкія – яе радасць і падтрымка, а сямейныя сустрэчы напаўняюць дні асаблівым цяплом. Ёсць і любімае захапленне – кветкі. Яны радуюць яе ў доме і на вуліцы.
Сем дзесяцігоддзяў – гэта не толькі вялікі жыццёвы шлях, але і гісторыя працавітасці, адказнасці і вернасці роднай зямлі, адзначылі падчас віншавання в. а. старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Афанасьеў і старшыня прафсаюзнай арганізацыі СУП «Лаўжанскае» Алена Лісава. Вольга Віктараўна Галуза прайшла гэты шлях годна, з’яўляецца прыкладам для маладога пакалення.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
