Распачалі сезон чыстых і добрых спраў

Першы ў гэтым сезоне вясновы суботнік у Шумілінскім раёне, які прайшоў 28 сакавіка, стаў не проста працоўным днём – ён ператварыўся ў сапраўднае свята адзінства, прадэманстраваў наш клопат пра родную зямлю і шчырае жаданне зрабіць свой край чыстым і дагледжаным. Калі гаварыць на мове лічбаў, 2649 чалавек прынялі ў ім удзел, пералічыўшы на раённы рахунак 19 тысяч 145 рублёў, якія пойдуць на добрыя і карысныя справы.



З самай раніцы па ўсім раёне кіпела работа. На вуліцы, у двары і паркі, на фермы і мемарыялы выйшлі людзі розных прафесій, узростаў і характараў, але аб’яднаныя адной мэтай – пасля доўгай зімы навесці парадак там, дзе кожны дзень праходзіць іх жыццё. Настаўнікі і школьнікі, медыкі і банкаўскія работнікі, электрыкі і газавікі, сувязісты і камунальнікі, лесаводы і культработнікі, кіраўнікі – усе сталі часткай вялікага руху, які робіць наш раён больш чыстым, утульным і прыгожым. Усмешкі, працоўны азарт, сяброўскія размовы паміж справай, аздобленыя цёплым надвор’ем і лагодным вясновым сонцам – усё гэта стварала адчуванне, што раён стаў адной вялікай камандай.



Дзесьці дэманціравалі старыя пабудовы, як гэта рабіў на малочнатаварнай ферме «Паратоўка» КУСГП «Ульскі» працоўны дэсант на чале са старшынёй райвыканкама Мікалаем Будневічам і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Русланам Матвейчуком, дзесьці выдалялі хмызняк, дзесьці высаджвалі кусты, чысцілі памятныя мясціны. Наогул масавыя работы, з прыцягненнем вялікай працоўнай сілы, былі арганізаваны на аб’ектах аграпрамысловага комплексу раёна. Шчыравалі работнікі УП ЖКГ – фарбавалі лаўкі, бялілі дрэвы, падмяталі вуліцы, дэманціравалі і рамантавалі агароджу. З непадробным энтузіязмам збіралі леташнюю лістоту школьнікі.



Раённы суботнік паказаў: традыцыя ладзіць генеральную ўборку жывая, і яна па-сапраўднаму аб’ядноўвае людзей. Гэта не фармальнасць і не абавязак – гэта праява павагі да сваёй зямлі, да памяці продкаў і да будучых пакаленняў.
Вынік дня – не толькі чыстыя вуліцы, абноўленыя тэрыторыі і акуратныя двары. Галоўны вынік – адчуванне агульнасці, якое немагчыма падрабіць. Калі мы разам, мы можам усё.
Раённы суботнік стаў пачаткам работ па навядзенні парадку на зямлі. Яго падхопіць месячнік па добраўпарадкаванні і санітарнай ачыстцы населеных пунктаў, які распараджэннем кіраўніка раёна аб’яўлены на Шуміліншчыне з 1 па 30 красавіка. Далучайцеся!
Алена КАРПУШЭНКА.
