
Юныя зорачкі цяпер першакласнікі ДШМ
У Шумілінскай дзіцячай школе мастацтваў адбылося традыцыйнае ўрачыстае пасвячэнне ў першакласнікі. У гэтым навучальным годзе дружная творчая сям’я школы папоўнілася сотняй юных талентаў.

У глядзельнай зале ў гэты вечар літаральна яблыку не было дзе ўпасці. Падзяліць з дзецьмі іх першае вялікае творчае свята прыйшлі бацькі, бабулі і дзядулі, а таксама нераўнадушныя да творчасці госці. Будучыя музыканты, танцоры і мастакі з цікавасцю назіралі за выступленнямі сваіх старэйшых таварышаў, але і самі не засталіся ўбаку: некаторыя маленькія зорачкі ўпершыню выйшлі на вялікую сцэну і падарылі гледачам свае дэбютныя яркія нумары, сарваўшы заслужаныя апладысменты.

Праграма вечара атрымалася насычанай і займальнай. Як адзначыў педагагічны склад школы, дзеці сёлета прыйшлі вучыцца вельмі актыўныя і вясёлыя. І гэта можна было адчуць на свяце: першаклашкі з вялікім азартам удзельнічалі ў творчых віктарынах і гучнымі авацыямі падтрымлівалі выступоўцаў.

Самым хвалюючым момантам і кульмінацыяй свята стала ўрачыстае ўшанаванне новаспечаных вучняў. Рабяты пад бурныя авацыі залы прынялі памятныя медалі і салодкія падарункі ад сваіх педагогаў і разам з бацькамі прамовілі клятву першакласніка.
Са знамянальнай падзеяй хлопчыкаў і дзяўчынак павіншавала дырэктар школы мастацтваў Алена Сцяпанава, адзначыўшы, што іх імёны – гэта новая старонка гісторыі, якая пішацца ў сценах школы. Алена Уладзіміраўна дала наказ першакласнікам на цікавую вучобу і пажадала натхнення і гучных творчых поспехаў.
Дар’я ЧАПУРНОВА.
