Размова па сутнасці
Стыхійныя звалкі, падпаленая сухая трава, заваленыя старымі шынамі тэрыторыі мехдвароў. Пра тое, дзе часцей за ўсё ў раёне выяўляюць парушэнні і чаму парадак на зямлі залежыць не толькі ад кантралюючых службаў, мы пагаварылі з галоўным эколагам раёна Генадзем КІСЯЛЕВІЧАМ.
– Генадзь Мікалаевіч, якія экалагічныя праблемы сёння найбольш актуальныя для раёна?
– Перш за ўсё гэта несанкцыянаваныя звалкі. З пачатку года спецыялістамі раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя выяўлены 52 такія выпадкі. У асноўным гаворка ідзе пра камунальныя адходы, якія людзі выкідваюць у лесапалосах, на ўскраінах вёсак або ў закінутых месцах. На жаль, з года ў год у ліку самых праблемных застаюцца Светласельскі і Лаўжанскі сельсаветы. Асабліва гэта тычыцца населеных пунктаў Мікіціха і Язвіна. І самае крыўднае, што ў пераважнай большасці выпадкаў вінаваты самі грамадзяне.
– Многія лічаць, што выкінуты пакет смецця нічога не зменіць…
– А потым з такіх пакетаў вырастаюць цэлыя сметнікі. Кожны павінен разумець: за падобныя дзеянні прадугледжана адказнасць. Для фізічных асоб штраф можа дасягаць 30 базавых велічынь. Але пытанне нават не ў пакаранні. Хочацца, каб людзі ўсвядомілі: чысціня вакол пачынаецца з асабістай адказнасці і сумлення.
Сур’ёзнай увагі патрабуюць тэрыторыі сельгаспрадпрыемстваў. Ёсць пытанні па ўтрыманні жывёлагадоўчых аб’ектаў і мехдвароў. Балючая тэма – складзіраванне выкарыстаных шын і іншых адходаў. Непрывабна выглядаюць і неабкошаныя тэрыторыі каля ферм. Зараз, калі асноўныя палявыя работы завершаны, самы час ушчыльную заняцца навядзеннем парадку.
– Вясной і восенню становіцца актуальнай тэма выпальвання сухой расліннасці…
– Так, і кожны год мы нагадваем: пал травы можа абярнуцца сур’ёзнай бядой. Асабліва востра гэта праблема стаіць у Мікалаеўскім сельсавеце. У гэтым сезоне намі зафіксаваны чатыры выпадкі выпальвання сухой расліннасці, вінаватыя ўстаноўлены і прыцягнуты да адказнасці. Прычым парушальнікам даводзіцца не толькі плаціць штрафы, але і кампенсаваць урон, а гэтыя сумы часта аказваюцца значна вышэй.
– Пра што б вы хацелі нагадаць жыхарам раёна?
– Парадак на зямлі пачынаецца не з праверак і прадпісанняў, а з павагі да месца, дзе мы жывём. Не выкідваць смецце абы-дзе, не паліць сухую траву бескантрольна, утрымліваць у парадку свае тэрыторыі. Калі кожны будзе выконваць гэтыя простыя правілы, наш раён стане чысцей і прыгажэй.
У тэму
З пачатку года спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя правялі 25 кантрольных мерапрыемстваў па навядзенні парадку, абследавалі 874 тэрыторыі і выявілі 363 парушэнні.
Па выніках праверак выдадзены 44 прадпісанні на ліквідацыю 178 парушэнняў і 9 рэкамендацый на ліквідацыю 131 парушэння.
Адказныя асобы прыцягнуты да ўстаноўленай заканадаўствам адказнасці.
Алена КАРПУШЭНКА.

