У школьным выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Юны патрыёт» СШ № 2 г. п. Шуміліна вучні 10-11 класаў не толькі адпачывалі, але і рыхтаваліся да галоўнага выпрабавання – экзаменаў. Пяць дзён у лагеры сталі для старшакласнікаў карысным спалучэннем вучобы, прафесійных знаёмстваў, спорту і добрага настрою.
Кожную раніцу да абеда вучні займаліся з педагогамі СШ № 1 г. п. Шуміліна. Заняткі былі арганізаваны так, каб ні хвіліны не марнавалася дарэмна: педагогі акцэнтавалі ўвагу на найбольш важных тэмах, парадку іх вывучэння, вучылі правільна працаваць з матэрыялам і размяркоўваць час, каб не перагружаць сябе і ахапіць усё неабходнае.
Другая палова дня была не менш насычанай. Перад старшакласнікамі выступілі намеснік начальніка Шумілінскага РАНС Дзяніс Грунтоў і загадчыца юрыдычнай кансультацыі Шумілінскага раёна Наталля Сінкевіч, яркія ўражанні пакінула экскурсія ў экспертна-крыміналістычны сектар па Шумілінскім раёне Віцебскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз. Старшакласнікі адкрылі для сябе прафесію эксперта і самі паспрабавалі зняць адбіткі пальцаў і скласці фотаробат.
Такі незвычайны вопыт – вучоба і адпачынак у школьным выхаваўча-аздараўленчым лагеры – дазволіў старшакласнікам актуалізаваць веды па вучэбных прадметах, цікава правесці час, аднавіць сілы і ўмацаваць здароўе.
Жанна РАГУНОВІЧ, дырэктар СШ № 2 г. п. Шуміліна.

