
Ад першых крокаў да вялікіх перспектыў
У Шумілінскім раёне прайшла другая сустрэча маладых спецыялістаў з прадстаўнікамі раённай улады. На гэты раз лакацыяй стаў гарадскі пасёлак Обаль. Моладзі неабходна хутчэй адаптавацца ў калектывах, бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй, патэнцыялам і жыццём рэгіёна. Менавіта з гэтай мэтай для ўдзельнікаў форуму быў арганізаваны насычаны азнаямляльны дзень з цікавай культурнай праграмай.
Першым прыпынкам на маршруце стаў музей Обальскага камсамольскага падполля, прысвечаны легендарным «Юным мсціўцам». Займальную экскурсію для моладзі правяла Анастасія Цыганкова, якая таксама з’яўляецца маладым спецыялістам і новым тварам культурнай сферы Шуміліншчыны. Экскурсія адрознівалася свежым поглядам і атрымала жывы водгук у слухачоў, дазволіўшы ім апынуцца на адной хвалі.

Наступным пунктам на карце Обалі стаў храм прападобнага Ануфрыя Вялікага, дзе пазнавальную сустрэчу-азнаямленне правяла яго прыхаджанка. Запамінальным падарункам для ўдзельнікаў стала магчымасць падняцца на храмавую званіцу і асабіста пазваніць у званы, напоўніўшы наваколле чыстым, святочным перазвонам.
Далей група адправілася знаёміцца з важнымі сацыяльнымі аб’ектамі пасёлка: новай амбулаторыяй і пастом хуткай медыцынскай дапамогі. Там работнікі ўстановы правялі гасцям экскурсію па кабінетах і расказалі пра спецыфіку сваёй работы.

Затым моладзь пераехала ў Обальскую сярэднюю школу імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай, дзе іх гасцінна сустрэў дырэктар установы Аляксандр Сачыўка. Самым відовішчным і эмацыянальным момантам візіту для маладых спецыялістаў стала паказальнае выступленне юных спартсменаў, якія займаюцца грэка-рымскай барацьбой пад кіраўніцтвам знакамітага трэнера – неаднаразовага чэмпіёна Беларусі Уладзіслава Грачухіна. Музычнасці дню дадало выступленне обальскага ансамбля лыжкароў «Ударынка».
Кульмінацыяй насычанай праграмы стала сустрэча маладых спецыялістаў з кіраўніцтвам раёна. Галоўнымі спікерамі форуму «Прафесійны старт: вопыт, дасягненні, перспектывы» сталі старшыня райвыканкама Мікалай Будневіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук і старшыня Обальскага сельвыканкама Сяргей Мураўёў. Мадэратарам адкрытага дыялогу выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шаўнёва.

Першым вітаў моладзь Мікалай Будневіч. У сваёй прамове кіраўнік раёна адзначыў, наколькі важна, каб юнакі і дзяўчаты захацелі застацца і замацавацца на шумілінскай зямлі. Мікалай Аляксеевіч пазначыў і кола пытанняў, з якімі кожны з рабят можа звярнуцца да мясцовай улады. Ён паабяцаў моладзі ўсебаковую падтрымку і аказанне рэальнай дапамогі як у рабочых пытаннях, так і ў вырашэнні бытавых праблем.

Ход сустрэчы прадоўжыла Вікторыя Ратнікава, якая пазнаёміла хлопцаў і дзяўчат з дзейнасцю Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і расказала аб праектах, дзе кожны з іх можа праявіць сябе.

Маладыя спецыялісты не засталіся ўбаку. Некаторыя з іх таксама выйшлі да аўдыторыі і расказалі пра сябе: адкуль прыехалі, у якіх установах праходзяць адпрацоўку, падзяліліся планамі на будучыню. Са сваім асабістым вопытам паспяховага станаўлення падзялілася малады педагог Обальскай школы Юлія Сямёнава. Карысныя парады па лёгкай адаптацыі ў калектывах рабяты атрымалі ад псіхолага Паліны Бадровай.

Маладыя спецыялісты задалі кіраўніцтву пытанні. Моладзь цікавілі прававыя тонкасці і магчымасці пераразмеркавання, перспектывы з’яўлення ў раёне новых аб’ектаў баўлення вольнага часу і ўтульных кафэ.

Не менш іх захапіла гісторыя прафесійнага станаўлення саміх спікераў. Рабятам было цікава даведацца, з якіх першых працоўных месцаў пачыналі сваю працоўную дзейнасць кіраўнікі раёна. Самым нечаканым стала пытанне, як прадстаўнікі ўлады аднаўляюць сілы і расслабляюцца пасля цяжкіх працоўных будняў. Так, Сяргей Мураўёў знаходзіць расслабленне ў спорце. Мікалай Будневіч з павагай ставіцца да спорту, аднак прызнаўся, што не заўсёды знаходзіць час для заняткаў. Таму лепшы спосаб расслабіцца і аднавіць сілы для яго – атрымліваць асалоду ад прыроды. Руслан Матвейчук падтрымаў двух спікераў, падкрэсліўшы, што спорт сапраўды дапамагае адключыць думкі ў галаве, але часам для гэтага яму дастаткова і дзесяці хвілін, праведзеных у лесе.
На такой пазітыўнай ноце насычаны дзень у Обалі падышоў да свайго завяршэння, прадэманстраваўшы, што жывыя сустрэчы дапамагаюць сціраць бар’еры і аб’ядноўваць пакаленні. Маладыя спецыялісты адчулі, што ў раёне іх цэняць, чуюць і гатовы падтрымаць любыя іх добрыя пачынанні. У кожнага з іх ёсць усе магчымасці для пабудовы паспяховай будучыні.
Дар’я ЧАПУРНОВА.

