
Размова пра бяспеку ў Інтэрнэце
Семінар-нарада для ідэолагаў устаноў і арганізацый раёна прайшоў у Шумілінскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Удзельнікі абмеркавалі, як працаваць у сацыяльных сетках, распазнаваць кіберпагрозы і супрацьстаяць махлярству ў Інтэрнэце. Семінар правяла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Шаўнёва.
Сёння камунікацыі не абмяжоўваюцца рабочымі кабінетамі: сацыяльныя сеткі і інтэрнэт-рэсурсы сталі часткай штодзённага жыцця. Таму сярод галоўных тэм сустрэчы былі граматная прысутнасць у сацыяльных сетках і бяспека ў Інтэрнэце. Ідэолагам важна не толькі ведаць, як данесці інфармацыю да сваіх работнікаў, але і разумець, з якімі рызыкамі можна сутыкнуцца ў лічбавым асяроддзі.
Пра інфармацыйную бяспеку і работу ў сацыяльных сетках па відэасувязі расказала намеснік галоўнага рэдактара абласной газеты «Віцебскія весці» Юлія Новікава. Выступленне калегі практычнымі парадамі дапоўніў вядучы рэдактар інтэрнэт-рэсурсаў абласной газеты Пётр Чымкоўскі. Ён таксама расказаў пра нейрасеткі і іх магчымасці.
Асобны блок быў прысвечаны прафілактыцы кіберзлачынстваў. На неабходнасць быць пільнымі звярнуў увагу оперупаўнаважаны аддзялення крымінальнага вышуку РАУС Максім Васільеў. Ен адзначыў, што сёлета ў раёне ўзбуджана 18 крымінальных спраў, і нагадаў асноўныя правілы бяспекі.
Пра падпісную кампанію, якая распачалася на першае паўгоддзе новага года, расказала начальнік раённага ўчастка паштовай сувязі Алеся Новікава.

Семінар стаў нагодай адзначыць актывістаў. Ліст падзякі і падарунак Рэспубліканскага савета РГА «Белая Русь» Вольга Шаўнёва ўручыла намесніку дырэктара Обальскай СШ Вользе Баранавай. Так адзначаны яе ўдзел у рэалізацыі праграмы «17 граней адзінства» і праекта «Корна» раённай арганізацыі ГА «Белая Русь».
Ларыса ЗАЙЦАВА.
