На территории Шумилинского района прошел месячник безопасной работы в реальном секторе экономики. Что показали рейды?

Главное Новости Общество


Каска – не для «галачкі»

Што ўбачыла рэйдавая група на прадпрыемствах раёна


З 19 кастрычніка да 20 лістапада ў вобласці, у тым ліку на тэрыторыі Шумілінскага раёна, праходзіў месячнік бяспечнай працы ў рэальным сектары эканомікі. Спецыялісты рэйдавай групы наведалі сельскагаспадарчыя і вытворчыя аб’екты, лясніцтва, будаўнічую пляцоўку, правяралі ўмовы працы, стан абсталявання, дакументы па ахове працы, а таксама наяўнасць сродкаў пажарнай бяспекі і ўкамплектаваных аптэчак.

Да рэйдавай групы, у якую ўвайшлі галоўны спецыяліст упраўлення райсельгасхарчу Алена Цурбелёва, інспектар сектара нагляду і прафілактыкі РАНС Арсеній Мароз і ўрач-гігіеніст Шумілінскага РЦГЭ Дзяніс Кавалеўскі, далучылася і карэспандэнт раённай газеты. Маршрут ахапіў СУП «Лаўжанскае», ОКЗ, Мікіціхінскае лясніцтва і Шумілінскую ПМК‑70.

Дробязей у  ахове працы няма

У СУП «Лаўжанскае» наведалі сталярны і акумулятарны цэхі, майстэрню, аўтазаправачную станцыю. На АЗС было чыста і акуратна: у памяшканні – парадак, на вокнах – фіранкі. А вось на іншых аб’ектах выяўлены недахопы. Пры рамонце тэхнікі пад колы падкладзены выпадковыя прадметы, што вельмі небяспечна –трэба карыстацца спецыяльнымі металічнымі ўпорамі. У акумулятарнай павінна быць аптэчка. Інжынер па ахове працы прадпрыемства Сяргей Пантаплёў ведае праблемныя пытанні. Выяўленыя заўвагі не патрабуюць выдаткаў і іх рэальна выправіць. Сяргей Мікалаевіч адзначыў, што зварачны цэх, дзе столь у аварыйным стане, плануюць перанесці ў іншае памяшканне.

Сродкі абароны і пажарны інвентар

На ОКЗ рэйдавая група пабывала ў мясцовай кацельні, заўваг па ахове працы не было. Не ўзнікла прэтэнзій і да вядзення дакументацыі, і па пакоі прыёму ежы. У цэху № 2 не ўсе работнікі карысталіся рэспіратарамі. Арсеній Мароз праверыў пажарныя шчыты – на адным не хапала пажарнага рукава і ствала. «Гэтае абсталяванне павінна быць на сваім месцы і ў спраўным выглядзе», – падкрэсліў ратавальнік. Выконваючы абавязкі начальніка цэха Віктар Цітоў запэўніў, што сітуацыю выправяць.

Аптэчкі і  месца для адпачынку

У Мікіціхінскім лясніцтве ўдзельнікаў рэйду сустрэў майстар лесу Сяргей Блыкін, паказаў павераны алкатэстар, месца для курэння і ўкамплектаваныя аптэчкі. Падчас агляду пажарная служба звярнула ўвагу, што на адным з вогнетушыцелей адсутнічае раструб. Спецыяліст санітарнай службы рэкамендаваў абгарадзіць пляцоўку для смецця з трох бакоў.

У  касках і  пальчатках

Апошнім пунктам маршруту стала будоўля на Брыкеце. Будаўнікі працавалі ў касках і пальчатках, прэтэнзій да арганізацыі рабочага працэсу не было.

Адказнасць за бяспеку ляжыць не толькі на кіраўніках і спецыялістах па ахове працы. Яна пачынаецца з паўсядзённых дзеянняў кожнага работніка. Своечасова надзець рэспіратар, карыстацца спецыяльнымі ўпорамі, трымаць у парадку пажарны шчыт, не курыць у недазволеным месцы – простыя патрабаванні, якія могуць прадухіліць сур’ёзныя наступствы. Іх выкананне павінна стаць звычкай на кожным рабочым месцы, незалежна ад таго, праходзіць у гэты час месячнік бяспечнай працы ці не.

Ларыса КІСЯЛЁВА. 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *