Вы спрашивали: Можно ли отказаться от вывоза мусора?

Вопрос-Ответ

Ці можна адмовіцца ад вывазу смецця?
Дзіўны факт: калі ў вёсках раёна не была арганізавана такая паслуга, як вываз смецця, некаторыя скардзіліся на гэта. А цяпер, калі трактар УП ЖКГ па графіку прыязджае за смеццем практычна ва ўсе населеныя пункты, некаторыя вяскоўцы пытаюцца: ці можна адмовіцца ад гэтай паслугі, каб за яе не плаціць?

З такім жа пытаннем звярнуліся ў рэдакцыю жыхары а.-г. Кардон.
“З падобнымі пытаннямі жыхары раёна звяртаюцца да нас даволі часта, – кажа вядучы юрысконсульт УП ЖКГ Аляксей Шчарбакоў. – Вельмі цяжка перайначыць светапогляд людзей, бо працяглы час смецце ніхто нікуды не вывозіў. Яго проста спальвалі на падворку, выкідвалі ў канаву, вывозілі ў лес або закапвалі. Думаю, што змяненне псіхалогіі людзей, іх пазітыўныя адносіны да новай паслугі – гэта справа часу. Разам з тым, згодна з законам “Аб абароне правоў спажыўца жыллёва-камунальных паслуг” вываз цвёрдых бытавых адходаў – асноўная паслуга, якая аказваецца грамадзянам незалежна ад іх жадання і згоды. Спецыялізаваная служба не мае практычнай магчымасці адмовіць аднаму канкрэтнаму грамадзяніну ў выкарыстанні кантэйнераў для збору адходаў. Такая работа праводзіцца строга па графіку. Распрацавана схема абароту з камунальным смеццем, перыядычнасць яго вывазу і час руху аўтатранспарту. Паслуга носіць непарыўны характар, незалежна ад наяўнасці або адсутнасці смецця ў канкрэтнага спажыўца. Гэта значыць, адмовіцца ад яе нельга. Што тычыцца заключэння дагавору, то яго адсутнасць не вызваляе спажыўца ад платы за фактычна аказаныя паслугі”.
Але ж гэта не азначае, што спажывец мае права складзіраваць каля кантэйнераў смецце, якое не адносіцца да камунальных адходаў. Збор і вываз сезонных раслінных адходаў, абрэзанага вецця і галінак ад дрэў з прысядзібных участкаў, буйнагабарытных адходаў, згодна з заканадаўствам, робяцца па асобнай заяўцы платна. Грамадзяне, якія складзіруюць побач з кантэйнерамі будаўнічае смецце, раслінныя адходы, парушаюць патрабаванні заканадаўства і рызыкуюць быць прыцягнутымі да адміністрацыйнай адказнасці (штраф ад 5 да 50 БВ).
Людміла ЗУЙКОВА.
Надрукавана ў №73 ад 19.09.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *