Из зала суда. Могла поехать з детьми в санаторий, а поедет в профилакторий

Закон Происшествия

Фото носит иллюстративный характер.

Магла б з дзецьмі ехаць у санаторый,  а паедзе адна ў прафілакторый

У раённым аддзеле ўнутраных спраў адбыўся выязны суд, які правяла старшыня суда Шумілінскага раёна Ірына Жарава. З удзелам намесніка пракурора раёна Лізаветы Асяпенка разглядалася грамадзянская справа аб накіраванні жыхаркі райцэнтра ў лячэбна-працоўны прафілакторый. На суд былі запрошаны жыхары райцэнтра, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.

У ходзе разбіральніцтва ўстаноўлена, што 37-гадовая жыхарка райцэнтра абавязана кампенсаваць расходы на ўтрыманне пецярых дзяцей. Старэйшы сын нядаўна дасягнуў паўналецця, трое знаходзяцца на выхаванні ў бабулі, адна з дачок – у прыёмнай сям’і. Маладой жанчыне ўзяцца б за розум, але яна выбрала іншы шлях: злоўжываць спіртным, прагульваць работу, на якую ёй дапамаглі працаўладкавацца. Сваімі паводзінамі жанчына дабілася таго, што стаяла перад высокім судом, а апраўданняў сваім учынкам не знаходзіла.

Участковы інспектар РАУС Уладзіслаў Алімаў, які настойваў на змяшчэнне Валянціны (імя зменена па этычных меркаваннях) у лячэбна-працоўны прафілакторый, прывёў довады: жанчына некалькі разоў была заўважана нецвярозай у грамадскім месцы, за што прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, была арыштавана на месяц, афіцыйна папярэджвалася пра магчымасць накіравання ў ЛПП. «Аднак высноў не зрабіла, кожны раз паўтарала “Я піла і буду піць”, – акцэнтаваў увагу ўчастковы».

Валянціна была толькі часткова згодная з патрабаваннямі супрацоўніка РАУС накіраваць яе ў ЛПП. Казала, што ёй трэба даць час пабыць з дзецьмі. «Пра дзяцей трэба думаць было раней: калі вы бегалі ў магазін за чарговай бутэлькай, калі прагульвалі работу, – адзначыла Лізавета Асяпенка. – Калі ў вас забіралі дзяцей, алкатэстар паказаў больш за тры праміле, некаторыя пры такіх дозах спіртнога паміраюць. Алкаголь ніколі і нікому яшчэ не дапамог у жыцці. Вы не разумееце сваёй праблемы, не ўсведамляеце, што трэба лячыцца. Давалі шмат абяцанняў кінуць піць, але ж жадання няма. А дапамагчы выправіцца, вярнуцца да нармальнага ладу жыцця можаце толькі вы сабе самі».

Суддзя Ірына Жарава агучыла пісьмовыя матэрыялы: копіі пастаноў начальніка РАУС аб прыцягненні падсуднай да адміністрацыйнай адказнасці, характарыстыка і дакладныя запіскі з месца работы, медыцынская даведка з ЦРБ наконт таго, што жанчына прызнана хранічным алкаголікам і не мае супрацьпаказанняў для знаходжання ў ЛПП.

Выслухаўшы зацікаўленых асоб і абгрунтаваўшы матэрыялы грамадзянскай справы, суд з улікам пазіцыі намесніка пракурора вынес рашэнне накіраваць жыхарку райцэнтра ў ЛПП на медыка-сацыяльную рэабілітацыю на дванаццаць месяцаў з абавязковым прыцягненнем да працы.

Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *