Районный бюджет-2025: 68% расходов — на социальную сферу

Власть

Раённы бюджэт‑2025: колькі і на што патрацім

Дэпутаты раённага Савета дэпутатаў на чарговай сесіі адобрылі праект раённага бюджэту на 2025 год.

«Разліковыя паказчыкі бюджэту былі сфарміраваны з улікам чакаемага выканання бюджэту ў 2024 годзе і прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, – зазначыла намеснік начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Аксана ЛЕБЕДЗЕВА і азнаёміла з прагнозамі па даходнай і расходнай частках раённага бюджэту на бягучы год.

Даходы

Агульная сума даходаў па бюджэце раёна на 2025 год прагназуецца ў аб’ёме 68,9 млн. рублёў. У структуры даходаў бюджэту раёна падатковыя даходы складуць 89% уласных даходаў, непадатковыя даходы – 11%. Асноўнымі даходнымі крыніцамі будуць падаходны падатак, падатак на дабаўленую вартасць, падаткі на прыбытак і на ўласнасць, кампенсацыі выдаткаў дзяржавы. Удзельная вага ўласных даходаў складзе 42,2%, бязвыплатных паступленняў (датацый, мэтавых субвенцый, міжбюджэтных трансфертаў) – 57,8%.

Расходы

Па словах раённых фінансістаў, прыярытэтнымі напрамкамі бюджэтнай палітыкі ў 2025 годзе застаюцца сацыяльная арыентаванасць расходаў, павышэнне якасці жыцця насельніцтва, дабрабыту работнікаў бюджэтнай сферы за кошт павелічэння памеру заработнай платы. Значную частку расходаў складуць выдаткі на аплату працы і выплату дапамог, а таксама на выкананне дзяржаўных сацыяльных стандартаў.

Агульная сума расходаў на 2025 год прагназуецца ў аб’ёме 66,6 млн. рублёў. Прафіцыт бюджэту на 2025 год складзе 2,3 млн. руб. Разліковыя паказчыкі па бюджэце на 2025 год дазволяць забяспечыць фінансаванне галін сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і інш.

На сацыяльную сферу будзе накіравана 45,3 млн. руб. (68% агульнага аб’ёму выдаткаў), у тым ліку: на адукацыю – 35,3% (23,5 млн. руб.), ахову здароўя – 20,7% (13,8 млн. руб.), фізічную культуру і спорт – 1,5% (1,0 млн. руб.), культуру – 5,3% (3,5 млн. руб.), сацыяльную палітыку – 5,3% (3,5 млн. руб.).

У праекце бюджэту на 2025 год у першачарговым парадку забяспечаны расходы на выплату заработнай платы, набыццё лекавых сродкаў, прадуктаў харчавання, аплату трансфертаў насельніцтву, камунальных паслуг. Іншыя бягучыя выдаткі ў сацыяльнай сферы прадугледжаны ў аб’ёмах, якія забяспечваюць функцыянаванне бюджэтных арганізацый з улікам неабходнасці правядзення мерапрыемстваў па эканоміі бюджэтных рэсурсаў. Сфарміраваны бюджэт на 2025 год дасць магчымасць забяспечыць фінансаванне важнейшых напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна з улікам наяўных фінансавых рэсурсаў, падкрэсліла А. І. Лебедзева.

Галоўны фінансавы дакумент – бюджэт Шумілінскага раёна – з’яўляецца вынікам работы эканомікі раёна і галоўнай крыніцай эфектыўнага правядзення эканамічнай і сацыяльнай палітыкі з улікам усіх максімальна магчымых даходаў.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *