Председатель Шумилинского районного Совета депутатов Николай Будневич подводит итоги первого года работы Советов 29-го созыва

Власть Главное

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч: «Задача дэпутата –– жыць справамі і клопатамі людзей»

Роўна год прайшоў з першай арганізацыйнай сесіі раённага Савета дэпутатаў 29 склікання, калі на пасаду старшыні абралі дэпутата па Першамайскай выбарчай акрузе №16 Мікалая Будневіча. Гэты факт стаў нагодай для інтэрв’ю з кіраўніком раённага дэпутацкага корпуса, дзе мы папрасілі расказаць, якім быў год для новага складу Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў, якія справы і ініцыятывы дэпутаты запісалі ў свой актыў і плануюць увасобіць сёлета.

— Мікалай Аляксеевіч, раскажыце, што сёння ўяўляе сабой дэпутацкі корпус раёна?

— На тэрыторыі раёна маецца 25 выбарчых акруг, дзе працуюць 25 дэпутатаў. Сярод дэпутатаў 13 жанчын і 12 мужчын, усе – з вышэйшай адукацыяй. Самаму маладому – 36 год, самаму вопытнаму – 61. Мы пастараліся захаваць традыцыі дзейнасці дэпутатаў 28 склікання, у сілу таго, што частка дэпутатаў захавала свае паўнамоцтвы, і пры гэтым унеслі новую хвалю, новае бачанне і ўспрыманне свету ў асобе новых дэпутатаў. Новы склад дастаткова шырока прадстаўлены членамі маладой партыі «Белая Русь». Больш за 70% займаюць кіруючыя пасады. Часам складана размежаваць работу аднаго і таго ж чалавека ў якасці дэпутата Савета і кіраўніка, але галоўнае – вынік і магчымасць пастаянна маніторыць праблемныя ўчасткі і аператыўна на іх рэагаваць. Усё гэта дазваляе эфектыўна вырашаць актуальныя праблемы нашага рэгіёна.

Акрамя таго, дзейнасць ажыццяўляе 51 дэпутат у 8 сельскіх Саветах дэпутатаў. Яны таксама актыўна працуюць над вырашэннем паўсядзённых задач, якія хвалююць вяскоўцаў, дапамагаюць увасабляць у жыццё мясцовыя ініцыятывы і служаць важным сувязным звяном паміж жыхарамі аддаленых населеных пунктаў і раённым Саветам.

— Многія лічаць, што дэпутат — той, хто працуе з дакументамі, рашэннямі, законамі. Ці так гэта і што было зроблена ў 2024-м?

– Асноўнай формай дзейнасці Савета з’яўляюцца сесіі. За 2024 год праведзена 9 сесій раённага Савета дэпутатаў, прыняты 64 рашэнні, у тым ліку нарматыўна-прававых – 14. На сесіях былі зацверджаны рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў па рэалізацыі дзяржпраграм, раённы бюджэт на 2025 год, разглядаліся актуальныя пытанні навядзення парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, стану навакольнага асяроддзя, занятасці насельніцтва, умацавання грамадскага правапарадку і дысцыпліны, рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў і інш. Праведзена 66 сесій сельскіх Саветаў дэпутатаў, на якіх прынята 129 рашэнняў.

Таксама раённы Савет дэпутатаў ажыццяўляе сваю дзейнасць праз пасяджэнні Прэзідыума (14), пастаянных камісій пры Савеце. Практыкуюцца сумесныя пасяджэнні прэзідыума райсавета і райвыканкама. На пасяджэнні прэзідыума ў сакавіку 2024 года ад мясцовых Саветаў дэпутатаў раёна кандыдатамі ў дэлегаты на VII Усебеларускі народны сход вылучаны дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ларыса Ціханенка і дэпутат Лаўжанскага сельскага Савета дэпутатаў Яўген Дзятлоўскі.

Як наладжана зваротная сувязь дэпутатаў з выбаршчыкамі?

— Асноўная задача дэпутатаў – абарона людзей і забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці. Мы падтрымліваем пастаянную цесную сувязь з выбаршчыкамі з дапамогай розных формаў і метадаў, у тым ліку, праз правядзенне асабістых, выязных прыёмаў, «прамых ліній», грамадскіх прыёмных, сустрэч у працоўных калектывах, дзён работы з насельніцтвам і г. д. За 2024 год дэпутатамі райсавета дэпутатаў праведзена 250 прыёмаў грамадзян, падчас якіх паступілі 102 пытанні, 81 – вырашана, на кантролі застаецца 21. Дэпутатамі сельскіх Саветаў дэпутатаў летась праведзены 471 прыём, падчас якіх паступіла 186 пытанняў, на кантролі застаюцца 3 звароты. Падчас дзен работы з насельніцтвам з паступіўшых 170 пытанняў выканана 148, па астатніх вызначаны тэрміны выканання.

Так, дэпутаты ініцыявалі рамонт пад’ездаў да грамадзянскіх пахаванняў Стралкі, Шодзікі і Ілава, добраўпарадкавалі пляцоўку для адпачынку каля Обальскага музея, дапамаглі ў рамонце дзіцячай гульнявай пляцоўкі Обальскага д/с і г.д. Шмат увагі было нададзена пытанням жыллёва-камунальнай гаспадаркі, вулічнага асвятлення, утрымання дарог, водазабеспячэння, добраўпарадкавання. Стараемся зрабіць усё магчымае, каб жыццё нашых людзей станавілася больш камфортным і бяспечным. Як гаворыцца, людзі даверылі нам свае галасы — мы вяртаем справамі.   Большасць зваротаў вырашаецца сумесна з раённым выканаўчым камітэтам, арганізацыямі і прадпрыемствамі, адказнымі за іх выкананне.

– У раёне вядзецца вялікая работа па выхаванні моладзі. Дэпутаты таксама гадуюць сабе замену і памочнікаў са школьнай парты?

– Дакладна. З мэтай прыцягнення актыўнай моладзі да дэпутацкай дзейнасці  і дзяржкіравання пры раённым Савеце дэпутатаў дзейнічае Маладзёжны парламент, у снежні пачаў сваю дзейнасць трэці склад, у які ўвайшлі 22 чалавекі – як вучні школ, так і працоўная моладзь). За кожным членам парламента замацаваны дэпутат райсавета. Старшыня раённага Маладзёжнага парламента Дар’я Шпакава з’яўляецца членам маладзёжнага парламента пры абласным Савеце дэпутатаў і пры Савеце Рэспублікі.

 

Сёння ўсё часцей мы чуем пра грамадзянскія ініцыятывы. Мікалай Аляксеевіч, што ў гэтым плане будзе рэалізавана ў раёне?

— Пра грамадзянскія ініцыятывы масава загаварылі ў 2024 годзе, калі ў закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні» былі ўнесены змяненні. Грамадзянскія ініцыятывы фінансуюцца з бюджэту і павінны быць накіраваны на паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва, вырашэнне пытанняў рэгіянальнага значэння. Сёлета ў абласным бюджэце на грамадскія ініцыятывы закладзена 400 тысяч рублёў. З сямі пададзеных нашымі ініцыятыўнымі людзьмі, пры падтрымцы і адабрэнні дэпутатаў, на конкурс грамадскіх ініцыятыў праектаў ёсць вялікія шансы ў рэалізацыі двух – па папулярызацыі Вялікага каменя ў Горках і развіцці турызму на тэрыторыі рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Казьянскі». Разлічваем, што нашы грамадзяне прымуць актыўны удзел у рэалізацыі ініцыятыў.

— Дэпутаты не толькі сустракаюцца з насельніцтвам, распрацоўваюць і прымаюць рашэнні, дапамагаюць вырашаць праблемы грамадзян, але і ўдзельнічаюць у патрыятычных, палітычных, культурна-масавых, адукацыйных і спартыўных мерапрыемствах. Якія з іх, на вашу думку, былі найбольш яркія?

— Нашы дэпутаты – лёгкія на пад’ём, мабільныя і патрыятычна настроеныя. Яны былі ўдзельнікамі шматлікіх патрыятычных акцый, мерапрыемстваў і святочных урачыстасцей з нагоды Дня Незалежнасці, 80-годдзя вызвалення Беларусі і раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 100-годдзя ўтварэння Шумілінскага раёна, «Тыдняў лесу», мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні воінскіх пахаванняў, сустрэч з моладдзю. Дэпутаты прымалі ўдзел у дабрачынных акцыях да 1 верасня «Збяром партфель у школу», навагодніх акцыях «Нашы дзеці» і «Ад усёй душы». Дэпутаты пярвічнага і базавага ўзроўняў праявілі высокую актыўнасць у электаральнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта краіны: уваходзілі ў склад ініцыятыўных груп, участковых выбарчых камісій, былі назіральнікамі.

На бягучы год таксама шмат планаў. Гэта і ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, Году добраўпарадкавання. Сёлета мы плануем правесці раённы конкурс на лепшы сельсавет, населены пункт, старэйшыну, дэпутата. Прыкладуць свае рукі дэпутаты і падчас падрыхтоўкі аграгарадка Кардон да раённых Дажынак, у прыватнасці, па добраўпарадкаванні парка, які прылягае да школы.

Дэпутаты гатовы падтрымліваць любыя добрыя і карысныя ініцыятывы людзей, але вельмі хочацца, каб і самі жыхары не заставаліся ў баку. Толькі так у нас атрымаецца дабівацца рэальных вынікаў і ўносіць у наша жыццё больш пазітыву, яркіх фарбаў і камфорту.

Карыстаючыся момантам, хачу павіншаваць усіх жанчын з цудоўным святам 8 Сакавіка, пажадаць вясновага настрою, жаночага шчасця, добрага здароўя і поспехаў ва ўсіх справах.

Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *