Вясна – самы час наводзіць парадак
Дзень работы з насельніцтвам у гэтым годзе стартаваў з Каўлякоўскага сельсавета. Рабочую групу, у склад якой увайшлі прадстаўнікі раённай улады, РАУС, РАНС, УП ЖКГ, ДРБУ‑204, узначаліў старшыня раённага Савета дэпутатаў Руслан Матвейчук.
Лагоднымі прамянямі сакавіцкага сонца і вясеннімі праталінамі сустрэлі рабочую групу аграгарадок Крывое Сяло, вёскі Гаравыя, Полькавічы, Яцукі, Навікі і Курылаўшчына, пасёлак Завадскі. Прырода і вёскі абуджаюцца ад зімовага сну, значыць, самы час пачынаць наводзіць парадак каля дамоў. У дапамогу сталым людзям – дзеці і ўнукі. На гэта звярнуў асаблівую ўвагу падчас размовы з вяскоўцамі Руслан Матвейчук. «Мы прыехалі, каб убачыць, чым жыве кожная сельская тэрыторыя, выслухаць вас, – звярнуўся да вяскоўцаў Руслан Алегавіч. – Раённыя ўлады трымаюць на кантролі пытанні жыццезабеспячэння людзей, своечасова рэагуюць на праблемы і вырашаюць іх».
У Каўлякоўскі сельвыканкам жыхары Крывога Сяла прыйшлі з пытаннямі. Прасілі зрэзаць аварыйныя дрэвы на мясцовых могілках, прыняць меры да бадзяжных сабак, правесці ямачны рамонт дарог, хацелася б новую агароджу на вуліцы Цэнтральнай. Прадстаўнікі ўлады, жыллёва-камунальнай і дарожнай гаспадарак узялі пытанні на аловак, агледзелі аб’екты. Разам з тым мясцовае насельніцтва выказала падзяку работнікам ДРБУ-204 за добрую расчыстку дарог зімой.
«Хачу адзначыць добрую арганізацыю работы медыкаў, – падзялілася былы старшыня сельсавета Таццяна Дзятлава. – Да нас прыязджае не толькі мабільны ФАП, але і па графіку вузкія спецыялісты – эндакрынолаг, акуліст, хірург. У апошні час прыязджаюць з апаратам ультрагукавога абследавання».
У Гаравых праблемных пытанняў не ўзнікала, старшыня сельвыканкама Віктар Калыхан адказаў на раней узнятае: дровы можна заказваць як у Задзвінскім лясніцтве, так і ў Шумілінскім філіяле абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам «Віцебскаблпаліў».
Полькавічах вяскоўцы сабраліся ў мясцовым клубе. Гаворка вялася шчырая і адкрытая. Людзі былі задаволены, што плануецца рамонт дарогі на некаторых вуліцах. Падзякавалі мясцоваму жыхару Андрэю Каваленку, які падчас снегападаў расчышчаў дарогі. Скардзіліся на аўталаўку, дзе бедны асартымент, а пра работнікаў паштовай машыны сказалі ўхвальныя словы – усяго прывозяць удосталь. Узнялі пытанне выпіскі рэцэптаў на лекі, а таксама абрэзкі старых дрэў, якія ўпіраюцца ў правады – заяўка накіравана ў РЭС.
У вёсцы Бондарава людзі падзякавалі за роўны новы асфальт – «цяпер хоць танцуй». У пасёлку Завадскі абазначылі толькі адну праблему – цячэ дах у двухпавярхоўцы. Дырэктар УП ЖКГ Аляксей Шпакаў сам агледзеў аб’ект і занатаваў, якія работы трэба правесці.
Старэйшына вёскі Яцукі Таццяна Карась пахвалілася, што дачнікі падсыпалі калдобіны на дарогах. Адна праблема ў населеным пункце – мабільная сувязь «ловіць» дрэнна.
У Навіках мясцовыя жыхары выказалі падзяку работнікам УП ЖКГ за зімовую расчыстку дарог. Мелі і просьбу да раённай улады: растлумачыць, ці ёсць у жыхароў, які жывуць на другім паверсе двухпавярхоўкі, магчымасць выкупіць увесь дом. У Курылаўшчыне пачулі падзяку за добрую работу ў адрас старшыні сельвыканкама Віктара Калыхана і сацыяльнага работніка Алены Жукавай.
Ва ўсіх населеных пунктах в. а. начальніка РАНС Дзмітрый Гушчын патлумачыў людзям, чаму нельга выпальваць сухую траву і да чаго гэта можа прывесці. А старшы ўчастковы інспектар РАУС Віктар Галуза расказаў, як не стаць ахвярамі махляроў і кіберзлачынцаў, і нагадаў, што фінансавыя пытанні вырашаюць работнікі банкаў, а не прадстаўнікі сілавых структур.
Усе пытанні, узнятыя падчас Дня работы з насельніцтвам, узяты на кантроль, будуць абагулены і накіраваны ў адпаведныя службы для вывучэння і вырашэння.
Ларыса ЗАЙЦАВА.







