Размова пра краіну, сям’ю і будучыню
Актавая зала УП ЖКГ стала пляцоўкай для адкрытага дыялогу «УНС: час канкрэтных спраў» дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Стомы і старшыні Шумілінскага раённага Савета дэпутатаў Руслана Матвейчука з моладдзю Шуміліншчыны.
Мадэратарам выступіла першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Вікторыя Ратнікава.
У фармаце давернай размовы былі закрануты амаль усе сферы жыцця і развіцця нашай дзяржавы. Абмеркаванне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на бліжэйшыя 5 гадоў і ключавых аспектаў Паслання Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі адбывалася на канкрэтных прыкладах з жыцця суразмоўцаў. Гэта зрабіла атмасферу сустрэчы нязмушанай і паслабленай.
Падчас размовы прыярытэтнай тэмай стала дэмаграфічная сітуацыя ў краіне. Аляксандр Стома падкрэсліў важнасць слоў лідара краіны Аляксандра Лукашэнкі і, звяртаючыся да моладзі, патлумачыў, чаму павышэнне нараджальнасці і ўмацаванне традыцыйных маральных каштоўнасцей сям’і мае вялікае значэнне ў развіцці сацыяльна-эканамічнай дзяржавы: «Дзеці – гэта будучыня ў сучаснасці. Бо, як сказаў кіраўнік дзяржавы: «Што будзе ў свеце, мы не ведаем, але лёс Беларусі залежыць ад нас». Аляксандр Мікалаевіч зрабіў акцэнт на тым, што маладыя кадры павінны імкнуцца стаць спецыялістамі на сваіх месцах і вучыцца быць кіраўнікамі.
Далучаючыся да слоў дэлегата Усебеларускага народнага сходу, Руслан Алегавіч параіў маладым людзям мець свой пункт гледжання, нічога не баяцца, не шукаць прыклад у папулярных сацыяльных сетках, а карыстацца ў рабоце сваімі крэатыўнымі ідэямі. Папулярным сярод моладзі было пытанне на тэму развіцця турызму ў раёне. Руслан Матвейчук расказаў, што ўжо ў бліжэйшы час з’явіцца некалькі новых цікавых напрамкаў і параіў звярнуцца ў турыстычны інфармацыйны цэнтр Шумілінскага раёна за ўсёй падрабязнай
інфармацыяй.
На пытанне пра тое, якая ж з 10 стратэгічных задач, пастаўленых Прэзідэнтам, на бліжэйшую перспектыву, з’яўляецца самай важнай і прыярытэтнай, урач па прафесіі Аляксандр Мікалаевіч адказаў пытаннем:
«А які орган з’яўляецца ў арганізме чалавека самым важным?» Атрымаўшы ў адказ – сэрца, дэпутат спытаў: «А калі лёгкія перастануць дыхаць? Усе прынятыя праграмы і задачы важныя, ад іх выканання залежыць работа адзінага арганізма – нашай дзяржавы».
Не засталася па-за ўвагай актуальная тэма – абвяшчэнне Аляксандрам Лукашэнкам 2026-га Годам беларускай жанчыны. Глыбокую ролю жанчыны ў грамадстве і сям’і падкрэсліў Аляксандр Стома і прызнаў, што за кожным паспяховым мужчынам стаіць разумная жанчына. Гэтак жа дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь падзяліўся з моладдзю невялікімі сакрэтамі са свайго сямейнага жыцця і параіў жыць не толькі для сябе, як цяпер модна, а для сям’і і дзяцей, каб у будучыні было каму жыць для цябе.
Дар’я ЧАПУРНОВА.


