Как прошел день работы с населением в Сиротинском сельсовете

Общество

Азёрны край, дзе ёсць праблемы з вадой

Встреча с жителями деревни Земцы.

Сіроцінскі сельсавет — самы азёрны ў раёне. Ну хто яшчэ можа пахваліцца ажно 14 азёрамі? А тут у адным аграгарадку Слабада адразу тры. Аднак у адрозненне ад іншых сельсаветаў у некаторых населеных пунктах гэтага як ніколі востра стаіць пытанне з пітной вадой. Сваёй галоўнай праблемай падзяліліся з кіраўніцтвам раёна на сходах-сустрэчах падчас правядзення Дня работы з насельніцтвам жыхары вёсак Зямцы, Сіроціна і аграгарадка Слабада. І папрасілі дапамогі і садзейнічання ў яе вырашэнні.

Так, у жыхароў Зямцоў і Слабады перыядычна ўзнікаюць перабоі з вадой. Тут варта па-гаспадарску перагледзець водана-порную вежу і памяняць помпы і запчасткі, выказаў сваю думку старэйшына вёскі Зямцы Іван Апоркін. Чамусьці ні кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, ні Полацкага водаканала не могуць знайсці паразуменне і дамовіцца, вырашыўшы тым самым самае стратэгічна важнае для насельніцтва пытанне.

Сіроцінцы занепакоены якасцю вады. Жалеза ў вадзе зашкальвае, вада мутная, піць яе немагчыма, скардзіліся раённай уладзе вяскоўцы і прасілі прыняць меры ў адносінах да кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі, на балансе якой знаходзіцца вежа.

Прысутнічаў на сходзе і сам кіраўнік КУСГП «Сіроцінскі» Іван Карпенка, але выразнага адказу не даў.

Паступілі пытанні і ў адрас дарожнай службы. Начальнік ДРБУ-204 Уладзімір Раманаў занатаваў у свой блакнот просьбу жыхароў в. Сянькова выдаліць хмызняк уздоўж дарогі, якасна прагрэйдзіраваць дарогу і ўмацаваць участак пры ўездзе ў вёску. Слабадчане папрасілі адрамантаваць лавачку на прыпыначным пункце, жыхары Грабніцы — прыкласці рукі да моста і абкасіць узбочыны уздоўж цэнтральнай дарогі.

Наогул у пратаколе даручэнняў, які складзены па выніках Дня работы з насельніцтвам у Сіроцінскім сельсавеце, 20 пунктаў. Трэцюю частку складаюць жыллёва-камунальныя пытанні. У пры-ватнасці, у Сіроціне, Грабніцы, Філіпенках прасілі павялічыць час прыпынку трактара для збору смецця, у Слабадзе – падсыпаць пляцоўкі для смеццевых кантэйнераў, у Дворышчы, Грышанах – падвезці пяску на грамадзянскія могілкі, зрэзаць аварыйныя дрэвы і навесці там парадак.

Жыхароў Сіроціна не задавальняе  якасць мабільнай сувязі.

Трэба сказаць, што вяскоўцы не толькі ўзнімалі пытанні. Гучалі і падзякі. Найперш жыхары сельсавета падзяліліся самай апошняй добрай навіной – на днях да іх упершыню завітаў мабільны ФАП, і ва ўсіх была магчымасць звярнуцца да медыкаў для агляду, кансультацыі і набыцця неабходных лекаў. Як добра, што пра нас клапоціцца ўлада, гаварылі вяскоўцы. Мала таго, што рэгулярна прыязджаюць аўтамагазін і пошта, дык цяпер і «бальніца на колах». Сіроцінцы, да слова, дзякавалі за адрамантаваную дарогу і добрую работу перасоўнага паштовага аддзялення. Жыхары Філіпенак у прыемным чаканні неўзабаве атрымаць магчымасць падключыць свае дамы да электраацяплення (зараз ідзе замена лініі электраперадач) і хуткасны інтэрнэт.

Рабочыя групы, якія ўзначалілі старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Будневіч і намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава, расказвалі сяльчанам пра тыя клопаты, якімі сёння жыве раён: пачатак жніва, выкананне сацыяльна-эканамічных прагнозаў, вы-рашэнне пытанняў жыццезабеспячэн-ня насельніцтва. Супрацоўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Пятроў і ўчастковы РАУС Аляксандр Жураў правялі прафілактычную работу з вяскоўцамі. Ратавальнік-пажарны прасіў не адкладваць справу да восені, а летам заняцца рамонтам пячнога ацяплення, не пакідаць без нагляду малых дзяцей, не адпускаць іх адных на возера, абкошваць свае прысядзібныя ўчасткі, каб папярэдзіць загаранне сухой расліннасці.

Участковы інспектар закрануў тэму кібер-махлярства і прасіў вяскоўцаў не ўступаць ў зносіны з тэлефоннымі махлярамі, нікому не даваць свае пашпартныя дадзеныя. Сяльчане таксама мелі магчымасць задаць хвалюючыя пытанні напрамую кіраўнікам раённых камунальнай і дарож-най службаў.

На наступным тыдні адбудзецца падвядзенне вынікаў Дня работы з насельніцтвам, куды будуць запрошаны кіраўнікі службаў, у адрас якіх паступілі пытанні.

Алена КАРПУШЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *