«Нам очень хорошо жить у тети Люды и дяди Васи – нас тут любят!». История приемной семьи Василия и Людмилы Юрченко из д. Грудиново Обольского сельсовета

Главное Людзі і лёсы Новости Общество Семья

«Ура! Дзядзя Вася прыехаў!»

Як толькі стаў чутным гул пад’язджаючага аўтамабіля, Дзяніс Папалаў і Арцём Пашкевіч гучна крыкнулі: «Ура! Дзядзя Вася прыехаў!». І наперагонкі кінуліся з дома на вуліцу, за веснічкі. Адкрыць гараж, каб дзядзя Вася адразу заехаў, а потым абняць – гэта хлопчыкам за шчасце. Сям’я Людмілы і Васіля Юрчанкаў з Грудзінава паспела стаць для хлопчыкаў сваёй, роднай. Тут заўсёды ўтульна, чыста і гасцінна. Хаця так у жыцці хлопчыкаў было не заўсёды. Дзянісу 13 гадоў, Арцёму 10, і яны ўжо разумеюць, што іх “падвялі біялагічныя бацькі”. І яны вельмі рады, што знайшлася для іх яшчэ адна сям’я.

Людміла Міхайлаўна і Васіль Эдуардавіч мелі невялікі вопыт прыёмнай сям’і – два гады таму выхоўвалі Паліну Цітову, якая пайшла вучыцца  на повара-кандытара пасля заканчэння дзевяці класаў і сёння трымае з Юрчанкамі сувязь. У мінулым годзе ў сям’і з’явіўся Дзяніс, сёлета – Арцём.

Людміла і Васіль Юрчанкі ўспамінаюць, як прыйшлі ў прытулак, калі дзеці гулялі ў футбол. «Я адразу зразумеў, што гэта за мной», – раскажа потым Дзяніс Папалаў. Ён ужо аднойчы жыў у прыёмнай сям’і, але прыёмная маці захварэла… У новай сям’і яму падабаецца. На падворку ёсць куры і парася, якіх яму за шчасце пакарміць. І для сябе Дзяніс вырашыў: «Буду жыць у вёсцы і трымаць гаспадарку. А цёця Люда з дзядзем Васем мяне навучаць». Хлопец дапамагаў Васілю Эдуардавічу будаваць веранду, а на ягоны дзень нараджэння за свае кішэнныя грошы купіў лёску для трымера. Гаспадар расце!

Перад тым, як узяць у сям’ю Арцёма, Васіль і Людміла Юрчанкі параіліся з Дзянісам. Той пасля роздуму сказаў:  «Бярыце Цёму, я яго ведаю, здаецца, добры хлопец». Праўда, па першым часе рэўнасць крыху была. Трэцякласнік Арцём актыўна пазнае свет, на дзень нараджэння блізкіх ён малюе паштоўкі.  Гатовы ўсім дапамагчы: падсцяліць саломы парасяці, падаць малаток, прапыласосіць падлогу, выцерці пыл. «Нам вельмі добра ў цёці Люды і дзядзі Васі – тут нас любяць, пра нас клапоцяцца», – кажуць хлопчыкі.

 Слова – Людміле Юрчанка:

 – Муж зараз працуе  майстрам лесу Обальскага лясніцтва, а я ў былым індывідуальны прадпрымальнік. Рашэнне ўзяць дзяцей на выхаванне было агульным і прадуманым. А падштурхнула да яго мая сястра Таццяна, якая таксама выхоўвае  прыёмных дзетак. Ёсць вялікае жаданне клапаціцца пра тых, каму гэта патрэбна. У нас з мужам двое дарослых сыноў, якія да нашага рашэння ўзяць на выхаванне хлопчыкаў аднесліся з разуменнем. Больш таго, яны сябруюць. З нецярпеннем чакаюць прыезду малодшага сына Уладзіслава, каб з ім на рыбалку схадзіць. А да Алега ў Мінск ездзілі ўсе разам у госці, заадно і па горадзе пагулялі, і ў “Мак. бай” схадзілі, чаму хлопчыкі былі вельмі рады. Мы любім іх, задаволены, што хлопчыкі вучацца клапаціцца адзін пра аднаго, сябраваць, адчуваюць, што значыць жыць у сапраўднай сям’і.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *