Люди и судьбы. Выбрали родительский дом и деревню

Сельское хозяйство

А Раманавы абралі вёску, бацькоўскі дом
Марозны сакавіцкі дзень. Не так даўно круціла завіруха, не ўсе гаспадары паспелі расчысціцца пасля намеці, а вось да падворка Раманавых, што ў вёсцы Лажок, і пад’ехаць, і падысці любата. Непадалёк стаіць трактар “Беларус” з лапатай – нязменны памочнік гаспадароў.
Раманавы прывыклі да парадку. Ва ўсім. На падворку, у доме, на агародзе, у хлеўчуках. Вядома, гэта забірае многа часу і энергіі. Але сям’я сама выбрала вясковы ўклад жыцця, хаця гаспадар родам з Шуміліна.
“Жывём мы ў доме маіх бацькоў пятнаццаць гадоў, – кажа Алена Віктараўна. – Падрамантавалі, падфарбавалі. Дом трывалы, надзейны. І моцна сагравае душу, напэўна, таму, што бацькоўскі. Вядома, маглі б з’ехаць і ў горад, была магчымасць, але ж ні я, ні муж не імкнуліся да гарадскога жыцця. Лічым, што і ў вёсцы можна прыстойна жыць. Можна і трэба. Падумаеш, горад. Ну, што там такога незвычайнага? Туды ж можна ездзіць хоць кожны тыдзень – у магазіны, тэатр, на экскурсіі.  І ў горадзе ніколі не будзе таго, што ёсць на вёсцы – тут ціха, спакойна, лёгка дыхаецца. І для падсобнай гаспадаркі вялікі прастор”.
А вось пра гэта гаворка асобная. Падсобная гаспадарка – асаблівая гордасць Раманавых. Ёсць парасяты, куры і дзве каровы. “Летам здаём дзяржаве па паўсотні літраў малака, – кажа Алена. – Гэта выгадна. Маем ад малака за месяц па тры мільёны рублёў…”. Нядрэнны прыварак да настаўніцкай зарплаты Андрэя Пятровіча, які працуе ў Башнёўскай школе, і да заробку Алены Віктараўны як выхавацеля прыёмнага дзіцяці. Хаця дзевяцігадовая Валерыя даўно стала для Раманавых роднай і блізкай.  Добрая памочніца на кухні і на падворку.
Пытаемся ў Алены, як жа ўсё паспяваюць, усюды  спраўляюцца. Жывём жа ў век тэхнічнага прагрэсу, смяецца гаспадыня. “У нас многа тэхнікі, – удакладняе Алена. – Пачнём з таго, што ўручную я кароў не даю. Для гэтага ёсць даільны апарат. А мая задача толькі падключыць яго”. Зноў жа, Раманавы маюць ўласную легкавушку, купілі  і бульбакапалку. Тры гады таму ўзялі крэдыт у “Белаграпрамбанку”, набылі трактар “Беларус” і прычапныя агрэгаты да яго. Ёсць уласныя касілка і варушылка – з імі гаспадары лёгка спраўляюцца з сушкай сена. “Вельмі задаволены крэдытам, што прадаставіла нам дзяржава як вясковым гаспадарам, – кажа Алена.  – Крэдыт пад 5% гадавых на сем гадоў – надзвычай выгадна. Гэта ж столькі ручной працы замяніў трактар!”
Алена Віктараўна доўга расказвала пра жыццё ў вёсцы, пра свой дом, сям’ю, пра выгоды ад падсобнай гаспадаркі.  Ёсць час пасядзець, пакуль муж і дачка вернуцца са школы, пакуль не трэба карміць гаспадарку. А на кухні чакала гаспадыню маслабойка – трэба зрабіць да заўтрашняга сняданку масла, пральная машына-аўтамат мыла бялізну, на стале падыходзіла цеста для булак, а ў аэрагрылі запякалася курыца – такая смаката на абед для ўсёй сям’і.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №26 ад 02.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *