Только Мастеру подвластны огонь и глина

Мир увлечений

Падуладны гліна і агонь
“Быў я на копанцы, быў  я на топанцы, быў я на кружалі, быў я на пажары, быў я на абсмале. Калі малады быў, то людзей карміў, а стары стаў, спавівацца стаў”, – гэту старажытную загадку адгадае не кожны.  А вось Аляксандр Віктаравіч Любімаў з Обалі адгадае з лёгкасцю. Усміхнуўшыся, ён пакажа на гліняныя гаршчкі, зробленыя сваімі рукамі. Гэта і ёсць адгадка.
Пра гліну народны майстар ведае багата.  Растлумачыў нам і словы загадкі. Копанец – гэта кар’ер,  адтуль гліна трапляла на топанец – роўнае месца на двары, дзе яе тапталі. Кружаль – гэта ганчарны круг. Калі гаршчок высыхае, яго адпраўляюць на  пажар – у печ, дзе ён становіцца цвёрдым.
Па прафесіі Аляксандр Віктаравіч – мастак-афарміцель. Працаваў доўгі час ганчаром на Обальскім керамічным заводзе. Але ганчарства для яго – не проста  работа. “Гэта захапленне, гэта творчасць, палёт фантазіі, – кажа А. В. Любімаў. –  Урэшце, гэта маё жыццё”.
Аляксандр Віктаравіч – член клуба народных майстроў “Спадчына”.  А з 2003 года  – член Саюза майстроў Беларусі. Удастоены звання лаўрэата першага і другога Усебеларускіх фестываляў мастацтва “Беларусь – мая песня”. Удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі “Ганчарны круг-1996”, які праходзіў у Бачэйкаве, у шматлікіх абласных і раённых святах.
“Калісьці на Шуміліншчыне была распаўсюджана  тэхніка чорназадымленай керамікі.  Яна была ўнікальнай для нашага краю, – кажа А. В. Любімаў. – Стараюся адрадзіць старажытнае мастацтва”. Майстар працуе ва ўласнай майстэрні, што месціцца ў бацькоўскай хаце ў Обалі.  Аляксандр Віктаравіч падзяліўся з намі сакрэтамі свайго майстэрства: “Для таго, каб вырабіць добры посуд, патрэбна жывая гліна – такая, якая знаходзіцца ў прыродзе ў натуральным выглядзе, – кажа А. В. Любімаў.  – Потым гліна замочваецца,  праціраецца праз спецыяльнае сіта, каб не засталося камякоў”.
Цікава назіраць за работай ганчара. Вось ён бярэ камяк добра вымешанай гліны, мацуе яго на дыску электрычнага ганчарнага круга. Дзякуючы ўмелым рукам хутка гліна набывае абрысы пасудзіны. Для аздаблення посуду ганчар выкарыстоўвае старадаўнюю тэхніку беларускага арнаменту. Абпальвае вырабы ў спецыяльнай печцы. Потым яны ў некалькі ярусаў расстаўляюцца ў печы, дзе посуд высыхае канчаткова. Пасля печку абмазваюць глінай, засыпаюць пяском, каб не прасочвалася паветра. Пад дзеяннем тэмпературы і дыму вырабы прымаюць металічны колер.
Майстар вырабляе не толькі збаны і гаршчкі. Ягоныя спрытныя рукі робяць адмысловыя  вазы, дэкаратыўныя талеркі, медалі і вымпелы, падсвечнікі і шмат яшчэ якой прыгажосці. Дарэчы, за творчую дзейнасць А. В. Любімаў  узнагароджаны дыпломамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. Зараз майстар рыхтуецца да  свята рамёстваў “Горад майстроў”, які пройдзе ў рамках Міжнароднага фестывалю “Славянскі базар у Віцебску”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №30 ад 16.04.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *