Война глазами детей. Воля к жизни Алексея Климитенко

Актуалии

Заўсёды цікава чытаць, калі пра падзеі, якія сёння ўжо сталі гісторыяй, расказваюць відавочцы. Яны дазваляюць убачыць падзеі праз непасрэднае ўспрыманне, надаюць эмоцый, яркіх фарбаў, якія дапамагаюць ажывіць далёкія часы, стаць саўдзельнікам мінулага. Асабліва цікавыя ўспаміны дзяцінства, бо дзіцячыя ўражанні адлюстроўваюцца ў памяці ярка, сакавіта. Як, напрыклад, успаміны Аляксея Кліміценкі, які маленькім хлопчыкам у гады Вялікай Айчыннай вайны апынуўся ў нашым раёне. Яму прыйшлося прайсці праз цяжкія выпрабаванні, прайсці па мяжы  жыцця і смерці, згубіць і зноў знайсці сваю сям’ю. Прапануем  увазе чытачоў гэтыя ўспаміны.

М. А. Климитенко с детьми и внуками

Воля да жыцця Аляксея Кліміценкі
«Да чэрвеня 1941 года наша сям’я жыла ў Новым Пецяргофе Ленінградскай вобласці. Нас ў бацькоў – Уласа Мікалаевіча і Міліцы Дзмітраўны – было чацвёра. Мне было  сем з паловай гадоў, Ігару споўнілася чатыры, сястры Зіне – тры, а Валеру – усяго паўтара года. У маі да нас прыехала бабуля, бацькава маці Матрона Архіпаўна. Яна жыла ў Беларусі, у вёсцы Барсучына Сіроцінскага раёна (вёска знаходзілася непадалёк ад вёскі Рускія Дабейскага сельсавета і была спалена ў гады вайны – рэд.).  Бабуля ўгаварыла адпусціць нас, траіх  унукаў,  на лета да яе ў вёску. Я хутка пасябраваў з вясковымі хлопчыкамі – хадзіў з імі на Заходнюю Дзвіну загараць і купацца, з калгасных палеткаў цягалі гуркі, бручку, гарох, з сада – яблыкі-зелянцы… Але шчасце хутка скончылася.
22 чэрвеня пачалася вайна. У першыя дні мы сталі сведкамі паветранага бою, у якім два нямецкія знішчальнікі збілі наш І-16. Так для нас пачалася вайна.
Часам па шашы праязджалі машыны, праходзілі калоны салдат, а затым ўсё сціхала. У паветры стаяла гнятучая цішыня. У адзін з такіх дзён да дому пад’ехалі на конях трое чырвонаармейцаў. Камандзір папрасіў вады. У гэты час з боку лесу пачуўся гул матораў – па шашы рухаліся два нямецкія танкі. Яны павярнулі ў наш завулак. Чырвонаармейцы на конях паскакалі да Дзвіны, а камандзір піхнуў нас у дом. Танкі круцілі вежамі і стралялі з кулямётаў. У бабулі ў хляве раніла парася, у суседзяў загарэлася лазня. Танкі паехалі прэч. Камандзір сказаў, што гэта была разведка, хутка прыйдуць войскі.  Бабуля схавала яго ў падполлі.
Праз некаторы час пачуўся гул, у вёску ўвайшла калона танкаў і аўтамабіляў. Салдаты пачалі ссякаць кусты, маскіраваць тэхніку. Некалькі салдат зарэзалі раненае парася, курэй, пачалі гатаваць ежу. Пасля ігралі на губных гармоніках, спявалі. Раніцой у вёсцы ўжо нікога не было. Бабуля дала нашаму камандзіру цывільнае адзенне, форму ён закапаў і пайшоў у бок Дзвіны.
На другі дзень прыйшлі іншыя нямецкія вайсковыя часці. Яны пачалі наводзіць свае парадкі.
У адзін з дзён у вёску ўвайшла калона палонных чырвонаармейцаў, сярод якіх мы ўбачылі “нашага камандзіра”. Бабуля перадала яму мяшэчак з прадуктамі. І калону пагналі ў бок Віцебска. Усіх жыхароў паставілі на ўлік у камендатуры. Бабулю запыталі, дзе бацькі дзяцей. І загадалі прыйсці праз некалькі дзён.
У камендатуры загадалі бабулі здаць дзяцей ў прытулак ў Віцебску. Яна пачала прасіць пакінуць нас, але ёй адказалі, што калі не выканае загад, расстраляюць разам з дзецьмі. У Віцебску мяне з братамі разлучылі, размеркаваўшы па розных групах.
У прытулку нас тры разы на дзень строілі і правяралі па спісе. За парушэнні дысцыпліны пакідалі без сціплага абеду ці вячэры, білі рамянём па 10-30 удараў. Бабуля прыязджала да нас з гасцінцамі, пастаянна прасіла вярнуць нас, але ёй адмаўлялі. Мы хутка схуднелі, голад быў пастаянны. Менавіта голад вымушаў нас шукаць выйсце. Агароджа была з калючым дротам, таму мы, хлопцы, зрабілі лазы і па адным хадзілі ў горад, шукалі ежу. За адлучкі каралі, але голад перасільваў страх пакарання.
Прайшоў час, Віцебск пачалі бамбіць нашы самалёты. Мы адчынялі вокны, беглі ў двор, крычалі, радаваліся. І хаця нас білі, страху перад карнікамі знік зусім. Адна з бомбаў трапіла ў прытулак, дзе былі мае браты. Я не ведаў, ці застаўся хтосьці з дзяцей жывы.
У прытулак пачалі заходзіць немцы, пайшлі чуткі, што нас адправяць у Германію. Я задумаўся пра пабег. Уцякаць было цяжка, бо рэжым стаў жорсткі, на ноч нас сталі запіраць. Аднойчы ноччу я адчыніў акно, спусціўся з другога паверха па вадасцёкавай трубе, падлез пад агароджу і ўцёк у горад…»
Далейшы лёс хлопца быў нялёгкі. Ён бадзяўся, харчаваўся на сметніках, каля нямецкіх кухань і сталовых. Потым прыбіўся да жанчыны, якая ішла ў вёску мяняць рэчы на прадукты. У вёсцы Пагосцішча Аляксей застаўся, ён пасвіў сялянскую жывёлу, за што яго кармілі. Там хлопчыка прытулілі брат і сястра Ота і Альма Мезінч – раскулачаныя латышы.
Аднойчы, калі Мезінчаў не было дома, у вёску прыйшлі паліцаі і загадалі ўсім збірацца, калону вяскоўцаў на падводах пагналі ў Віцебск. За калонай сачылі няўважліва і некалькі сям’яў, а разам з імі і Аляксей,  у лесе звярнулі ў бок. Пагоні не было. Уцекачы пасяліліся ў лесе, дзе выкапалі зямлянкі. Там яны і сустрэлі вызваліцеляў – савецкіх салдат.
Пасля вызвалення пачало наладжвацца жыццё. Вакол было шмат вайсковых часцей. Адзін з афіцэраў – зямляк Аляксея з Пецяргофа – паспрабаваў даведацца пра лёс ягоных бацькоў, але адказ з горада прыйшоў адмоўны: лёс сям’і Кліміценка невядомы.
Ота Мезінч прапанаваў Аляксею паехаць з ім у Латвію. Той згадзіўся. Ён з цеплынёй успамінае латышскіх сялян, іх адносіны да яго – хлопчыка, якога вайна пакінула  ў адзіноце, сваю працу і вучобу ў школе. Сям’я, у якой ён жыў, нават прапанавала ўсынавіць яго, але Аляксей не губляў мары знайсці сваю сапраўдную сям’ю.
Ота дапамог хлопчыку купіць білет да Віцебска, каб паступаць у сувораўскае вучылішча. Але ў вучылішча прымалі толькі дзяцей вайскоўцаў, таму Аляксея накіравалі ў Обаль, у дзіцячы дом. Менавіта там і адбылася нечаканая шчаслівая сустрэча.
Да дырэктара дзіцячага дома прыехаў сябар – дзядзька Аляксея (малодшы брат ягонага бацькі) і пачуў знаёмае прозвішча – Кліміценка. Дзядзька Лёня расказаў, што жывыя і бабуля, і ягоныя бацькі.
Ці трэба казаць, якой радаснай была сустрэча бабулі з унукам праз столькі год! А хутка яго адвезлі да бацькоў, якія жылі ў Кіраўскай вобласці. Дома Аляксея чакалі маці, бацька, сёстры Зіна і Люся  (нарадзілася ўжо без Аляксея). Так праз сем з паловай  гадоў вандраванняў,  у канцы снежня 1948 года Аляксей зноў сустрэў сваіх родных.
Падрыхтаваў Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №49 ад 25.06.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *