В 2014 году Шумилинский район будет отмечать 90-летие

Актуалии Край шумілінскі

Насустрач 90-годдзю з дня ўтварэння раёна. Даніна павагі да гісторыі
Дзень 17 ліпеня  для нашага раёна гістарычны. Якраз 17 ліпеня 2013 года ўзяў разгон юбілейны год: раёну нашаму ў ліпені 2014-га споўніцца 90. Рэдакцыя газеты адвядзе гэтай важнай падзеі ў жыцці Шуміліншчыны, гэтай  апошняй прыступцы да слаўнага 100-гадовага юбілею з дня   ўтварэння  раёна надзвычай важнае месца. Пісаць ёсць пра каго і ёсць пра што – пра людзей шаноўных і пра тыя поспехі, якімі радавалі наш край  працаўнікі, пра тое, чым жылі і што хвалявала нашых землякоў  напачатку 20 стагоддзя і потым. Вядома ж, разлічваем на ўспаміны тых, хто мацаваў шумілінскі край працай стараннай, хто помніць, як ствараліся калгасы, як адпраўляліся салдаты на фронт, у партызаны. Можа, нешта новае ўсплыве пра нашых Обальскіх падпольшчыкаў, пра  тое, як вырастаў, распраўляючы плечы пасёлак “Дабееўскі Мох”, раскажам пра нашых сучаснікаў і пра тых, хто стаяў ля вытокаў працоўных здабыткаў…
Біяграфія раёна – гэта біяграфія   нашай краіны ў мініяцюры. У межах некалі ўсяго СССР, а з 90-х гадоў – Рэспублікі Беларусь. Многае, чым жыў шумілінскі край за свае 90 гадоў,  захоўваюць музеі (у тым ліку і школьныя, якія мы таксама запрашаем падзяліцца матэрыяламі), ар-хівы, захоўвае чалавечая памяць.  Вядома, у гэтых аналах – далёка не ўсё,  але магчыма, засталося нешта істотнае і важнае незаўважаным, тым не менш і гэтыя “залацінкі” нашай гісторыі вартыя таго, каб нагадаць пра іх, усцешыцца яшчэ раз тым, якую багатую спадчыну пакінулі  нам далёкія і блізкія продкі.
Напрыклад, сярод нашых землякоў чатыры  Героі Савецкага Саюза з ліку франтавікоў (П. А. Акуцыёнак, М. А. Ласкуноў, Д. М. Мінчугоў, М. К. Спірыдзенка) і двое (З. М. Партнова і  Е. С. Зянькова) – кіраўнікі камсамольска-маладзёжнага падполля “Юныя мсціўцы” на Обальшчыне.
Па нашым раёне прайшлі, бадай, самыя жорсткія вызваленчыя баі ў ходзе аперацыі “Баграціён”. За мужнасць, праяўленую ў гэтых баях,   106 воінаў былі ўдастоены   высокага звання Героя Савецкага Саюза. Шумілінскі раён па праву ганарыцца   Героямі Сацыялістычнай Працы  – С. Т. Пальвінскай і М. Б. Кандраценкам). Мы не маем права забываць сваіх  славутых льнаводаў, якія не раз праслаўлялі  раён, земляробаў, жывёлаводаў, што сваёй руплівай працай памнажалі здабыткі, вялі раён да новых вышынь. Мы не можам забываць пра “перагібы” і кулацкія сем’і, пра лёс гэтых сямей – нялёгкі, трагічны, пра ГУЛаг і хрушчоўскую “адлігу”, пра застойна-застольную пару і пару перабудовы, пра ракавыя 90-ыя – пра ўсё, чым жылі мы  гэтыя 90 гадоў.
Час мяняе ўсё,  многае сціраецца з памяці,  але галоўнае павінна заставацца – даніна павагі да сваёй гісторыі, да яе трагічнага і светлага, да ўсяго, бо гэта было, бо гэта перажылі нашы дзяды і прадзеды.
Мы адкрываем новую рубрыку, якая мае на мэце  прасачыць жыццё раёна   з самага “маленства”  і да сённяшняга “старэчага” ўзросту.  Так што ўспамінайце,  пішыце, званіце (і пра сур’ёзнае, і, магчыма, не вельмі), мы рады будзем кожнаму званку, кожнаму допісу.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №57 ад 23.07.2013 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *