На рабочем совещании в райисполкоме

Актуалии Президент

Увага засяроджана на галоўным
На календары – пачатак кастрычніка, а значыць, была нагода падвесці вынікі работы за 9 месяцаў года. Аднак старшыня райвыканкама У. П. Куранны, які вёў нараду, адклаў скрупулёзны аналіз сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў раёне за адзначаны перыяд на больш позні час, а акцэнт на нарадзе зрабіў на бягучых справаздачах кіраўніцкага корпуса раёна.
Першы блок – сельскагаспадарчы і лесагаспадарчы профілі. З адказаў кіраўнікоў адзначым самае істотнае. У. П. Куранны засяродзіў увагу на  аб’ектыўнасці  інфармацыі, якая падаецца ў органы статыстыкі. “Без гэтага немагчыма прыняць кіраўніцкае рашэнне”, – сказаў старшыня райвыканкама.  Сёлета пажадана сабраць не менш як 70 тон насення канюшыны, правесці хімпраполку зерневых з тым, каб разгрузіць гэтыя работы вясной. Праўда, на закупку хімікатаў не стае грошай.
Атрымана сёлета на 700 галоў менш маладняку буйной рагатай жывёлы. Ад такога браку ў рабоце, па падліках спецыялістаў, раён не будзе дабіраць да 7 тон малака за дзень. Хто адкажа за такое марнатраўства?
Дырэктару Шумілінскага лясгасу І. Я. Папку нагадана, што 2013 год павінен стаць годам пачатку работ над другім домікам паляўнічага. Трэба вучыцца зарабляць грошы.
Начальнік   землеўпарадкавальнай службы райвыканкама З. Ф. Алюліна  далажыла: за парушэнні зямельнага заканадаўства за 9 месяцаў года аштрафаваны 73 асобы, выдадзена 40 прадпісанняў. Вялася гаворка па  пад’язных дарогах, па навядзенні парадку ва ўрочышчы Дзюбянка. Дарэчы, жыхарам раёна выдзелена 37 га зямлі для вядзення агародніцтва, для сенакашэння.
У кантэксце тэмы просьба, якую выказала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава: пагалоўе жывёлы на падворках рэзка зменшылася, асабліва свіней, і тут  спецыялісты, усе, хто ў адказе за бяспеку здароўя людзей,  не павінны дапускаць па АЧС  ніякага разнабою: рэкамендавана  свіней на падворках забіваць і ўстрымацца ад закупу парасят.
І яшчэ – кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў прамаруджваюць з выдачай сена тым вяскоўцам, хто здае лішкі малака, хаця гэта агаворана ў калектыўных дамовах.
Па іншых блоках пытанняў найбольшую цікавасць выклікалі наступныя: таргі па ліўневай каналізацыі закончацца 10 кастрычніка. Хто выйграе тэндар, пакажа час, аднак хацелася б, каб Шумілінскае ПМС.
Обальскі керамічны завод блізкі да ўкаранення новага абсталявання ў цэху № 2, дзе ўстановяць лінію па пластычнаму фармаванню цэглы. Рыхтуюцца дакументы на аблвыканкам.
У. П. Куранны прапануе ўзяцца адной з арганізацый раёна  за выраб акон ПВХ. Аднак ні УП ЖКГ, ні КУП БАН, ні іншыя прадпрыемствы, якіх мог бы зацікавіць праект, не гатовы выйсці з канкрэтнымі падлікамі на райвыканкам. “Людзі, між тым,  чакаюць ад нас канкрэтных крокаў, – сказаў кіраўнік раёна. – Заказаў будзе шмат”.
Вялася гаворка па добраўпарадкаванні тэрыторый, замацаваных за арганізацыямі (“Не чакайце тэлефанаграм, – сказала начальнік аддзела па будаўніцтву і архітэктуры райвыканкама З. А. Мясаедава. – Наводзьце парадак”), па выкананні прагнозных паказчыкаў па эканоміі электраэнергіі (“выплыў” непрыемны факт: у ААТ “Прыазёрны мір” атрымалася не эканомія 6%, як патрабавалася, а перарасход ажно на 25%), па экспарце тавараў (на ОКЗ павялічылі пастаўкі цэглы за мяжу ў 3,5 раза), пра рэнтабельнасць  мінус 93%, якую маюць на Шумілінскім льнозаводзе…
З  інфармацыямі, акрамя начальнікаў аддзелаў райвыканкама,  выступілі “сілавікі” – начальнік РАУС В. В. Мядзвецкі і начальнік РАНС І. А. Крукаў.  Вадзім Вадзімавіч занепакоены сітуацыяй з катэгорыяй вадзіцеляў, якія “пад мухай” садзяцца за руль, папрасіў адказна паставіцца да нашэння ў цёмны час сутак флікераў, і што асабліва важна, каб кроўна былі зацікаўлены ў гэтым самі бацькі, нагадвалі дзецям пра меры бяспекі.
Іван Аляксеевіч Крукаў далажыў: з пачатку года адбылося 26 пажараў, у якіх двое чалавек загінула. Летась за такі ж перыяд было 5 смяртэльных зыходаў.
Вынікі нарады падвёў У. П. Куранны.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №79 ад 08.10.2013 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *