Интервью с директором ДРСУ-204 Р. Н. Настюшкиным

Актуалии Общество Экономика

Яны ведаюць, куды вядуць дарогі…
У нядзелю, 27 кастрычніка, у краіне адзначаецца Дзень аўтамабіліста і дарожніка. З гэтай  нагоды мы запрасілі да гутаркі дырэктара ДРБУ-204 Р. М. Насцюшкіна. Даведаліся пра тое, якімі клопатамі жыве адзін з самых маладых і перспектыўных кіраўнікоў нашага раёна.
– Заўважыла на першым паверсе тэнісны стол. Ён у вас, спадзяюся, не проста інтэр’ер упрыгожвае?
– Канешне ж, не. Вы азірніцеся, – прапануе Руслан Мікалаевіч (за маёй спінай аказаўся цэлы п’едэстал бліскучых залатых кубкаў).
– Калі ж вашы людзі знаходзяць час для тэнісу?
– Калі я гуляю, тады і яны. У асноўным – пасля работы. Мы з’яўляемся абсалютнымі пераможцамі абласных спаборніцтваў. Перамагаем і ў камандных заліках, і ў асабістых.
– Можна меркаваць, што і калектыў на прадпрыемстве – малады.
– Быў калісьці. Зараз не магу пахваліцца. Не ўсе вытрымалі крызіс: некаторыя пайшлі шукаць іншага хлеба. Асабліва маладыя. Сёння сярэдні ўзрост работнікаў – гадоў 40.
– Значыць, у вас ёсць праблема з кадрамі?
– Не, такой праблемы няма. Касцяк сфарміраваны, таму можна лёгка і смела працаваць.
– Што ні кажы, а часы зараз не самыя простыя. Тым не менш, вам многае ўдалося зрабіць. У тым ліку і па добраўпарадкаванні горада.
– У нас ёсць агульнае разуменне з кіраўніцтвам раёна. Што там гаварыць, у мінулым годзе на рамонт вуліц з бюджэту быў выдзелены адзін мільярд 600 мільёнаў.
– Сёлета пакуль не магу сказаць, якая сума выйдзе на канец года, але мы ўжо зрабілі намнога больш, чым летась. Вы ж бачыце, як прыгажэе Шуміліна. І вуліца Кароткіна, і тратуары, і вуліцу 70 год БССР зараз робім, і ў Обалі вялі работы. Я, калі чэсна, нават не змагу зараз вам і пералічыць усё, што было зроблена за 10 месяцаў па добраўпарадкаванні (лезе ў блакнот дырэктар). У наступным годзе плануем зрабіць паверхневую апрацоўку асфальту па Ленінскай,  так, як было зроблена на вуліцы Кароткіна. Сёлета мы адрамантавалі з дапамогай друзу вуліцы ў мікрараёне так званых Бакачоў. У наступным годзе гэтак жа плануем адрамантаваць ці мікрараён за чыгуначным пераездам, ці вуліцы ў раёне Вітконпрадукта.
– Цікава, а колькі каштуе кіламетр асфальту?
– Мільярд рублёў.
– Ходзяць чуткі, што дастаткова паспяхова вы працуеце і за межамі нашага раёна.
– Мяркуйце самі, з-за межаў раёна – гэта Віцебск, Наваполацк і іншыя рэгіёны – мы прывезлі за 10 месяцаў больш за 6 мільярдаў. Без гэтага ніяк, трэба шукаць аб’ёмы работ, зарабляць грошы. Ад гэтага ж зарплата работнікаў залежыць. Да прыкладу, апошнія чатыры месяцы за добрую работу мы атрымліваем па 60%  прэміі. Таму я заўжды “на тэлефоне”, пастаянна вяду перагаворы.
– А вы гарантуеце якасць работы?
– Канешне. Па гарантыі, ва ўсякім разе, яшчэ ніхто не звяртаўся.
– Магу меркаваць, што на працы вы занятыя куды болей, чым з 8 да 17. А ці ведаеце вы, у які клас ходзяць вашы дзеці?
– Ну, канешне, 2 і 4 класы.
– У вас хлопчык і дзяўчынка?
– Не, хлопчык і хлопчык. Раман і Павел.
– Чым займаецеся разам?
– Спорт і рыбалка.
– Якую самую вялікую рыбіну ўдалося выцягнуць?
– Шчупака. 5,8 кг (аказалася, што Руслан Мікалаевіч заядлы рыбак. Сказаў, да слова, што рэдакцыйны вадзіцель У. М. Гарохаў, з якім ён часта гутарыць на рыбацкія тэмы, – самы аўтарытэтны рыбак у раёне).
– Пра што вы марыце, калі вяртацца да размовы пра прадпрыемства?
– Мадэрнізацыя, новыя тэхналогіі,  сучасныя машыны, – пра што ж яшчэ можа марыць  кіраўнік. “Ён у нас малады, хваткі, – кажа начальнік планава-вытворчага сектара А. В. Герасімаў, пакуль дырэктар адказвае на тэлефонны званок. – Гэта толькі яго заслуга, што аб’ёмы “на старане” ёсць, што грошы ўдаецца зарабляць”.
– Каго з  работнікаў можаце асабліва адзначыць напярэдадні прафесійнага свята?
– Машыніста аўтагрэйдэра Р. Г. Ткачова, машыніста-асфальтаўкладчыка Д. К. Назарава. Такіх людзей шмат. Мне прыемна працаваць у нашым калектыве. Хочацца пажадаць, каб у сем’ях панавалі лад і згода, усё задуманае атрымлівалася, каб пастаянна знаходзілася нагода для радасці. Жадаю шчасця і здароўя.
– А што вы робіце, як кажуць, дзеля людзей,  апроч месца працы і заработнай платы? Зразумела, што створаны ўмовы для спартыўнага адпачынку, што яшчэ?
– Аздараўляем дзяцей амаль бясплатна (усяго 10% кошту пуцёўкі плацяць бацькі), білеты на “Славянскі базар” купляем, дапамогу на гародніну па 500 тысяч кожнаму выдзелілі, пастаянна ёсць дапамогі да водпуску, да прафесійнага свята…
– Знаю, што дабрачыннасцю займаецеся таксама.
– Так, дапамагаем дзецям, абдзеленым бацькоўскай любоўю. Пастаянна з падарункамі наведваем прытулак.
***
Размова з Р. М. Насцюшкіным пакінула ўражанне, што пакуль прадпрыемства ўзначальвае такі сучасны, мабільны, адкрыты ўсяму новаму малады кіраўнік, прадпрыемству не страшны ніякі крызіс.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №84 ад 25.10.2013 г.



3 комментария по теме “Интервью с директором ДРСУ-204 Р. Н. Настюшкиным

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *