Про комментарии и комментаторов

Грамадства

Не без каментарыяў
“Чым больш назіраю за жыццём, тым менш удаецца ўстрымлівацца ад каментарыяў” – так вызначае свой статус аўтар аднаго блогу. Толькі калі яшчэ зусім нядаўна самымі актыўнымі каментатарамі жыцця ва ўсіх яго праявах былі бабулькі на лавачках (і далей гэтых самых лавачак іх “каментарыі” не распаўсюджваліся), то сёння інтэрнэт прадаставіў магчымасць выказацца кожнаму без выключэння. Пра гэта выдатна  гаворыць Міхаіл Жванецкі: “Права выказацца атрымалі ўсе: ёсць у цябе думка – няма думкі, ёсць прозвішча – няма прозвішча. Дзеля чаго ён гаворыць – незразумела. Вось такі чалавек, чалавек без асаблівай думкі, без прозвішча, аказаўся пачуты. Гэта ўражвае. Успомніце, як раней. На які мітынг, на якую трыбуну ты мог прарвацца, не называючы прозвішча, не прад’яўляючы дакументаў?”
Сёння свая трыбуна ёсць у кожнага, хто мае жаданне дзяліцца са светам думкамі і перажываннямі. Можна адкрыць свой сайт, весці блог, стаць заўсёднікам сацыяльных сетак ці проста каментаваць тое, што нехта ўжо напісаў (каментаваць каментарыі – таксама варыянт), ацэньваць. Ёсць людзі, якія за суткі могуць настрачыць іх, каментарыяў, не адну сотню. І чэрпаюць жа яны аднекуль натхненне?..
Можна крычаць ва ўвесь голас і пры гэтым заставацца ў поўнай бяспецы, нават калі выказванні твае – “непапулярныя”. Можна дазволіць сабе быць дзёрзкім і іранічным, нават разумным. Калі што не так, то заўжды можна націснуць на чырвоны крыжык і выйсці з поля бою цэлым і непашкоджаным.
Вызначыць “прафесійнага” каментатара даволі лёгка: ён злы. Я зараз не гавару пра так званых троляў – гэта асобная тэма. Гаворка пра людзей, якія пішуць выключна па запатрабаваннях сэрца. А сэрца чамусьці патрабуе нешта ці некага абавязкова зганьбіць, затаптаць ці размазаць.
Я рэгулярна чытаю адно папулярнае выданне, пачытваю і каментарыі да матэрыялаў журналістаў. Цікава, але пра што б ні пісалася ў артыкулах, незадаволеныя абавязкова будуць прадстаўляць сабой большасць. Яны, па-першае, лёгка, з упэўненасцю кандыдатаў навук абвергнуць усё напісанае, па-другое, хопіць на арэхі і канкрэтнаму аўтару, які ўжо дакладна “закамплексаваны”, “неўладкаваны ў асабістым жыцці”, “спісаўся ўвесь” і да таго падобнае. І справа не ў тым, што ўсё гэта чыстая няпраўда, а ў тым, што на крытыку вось у такім ананімным варыянце мы, выходзіць, куды больш шчодрыя, чым на словы пахвалы, адабрэння. Чаму так? Магчыма, гэта ёсць форма псіхалагічнай разгрузкі?
Ну, не падабаецца мне, як паводзіць сябе адна вядучая ў адным ток-шоу. Яна запрашае ў студыю вядомых людзей, задае ім нейкія, з яе пункту гледжання, вострыя пытанні, робіць нейкія, з яе пункту гледжання, глыбакадумныя вывады. Карацей, трываць немагчыма, але трываю. І гляджу. Гляджу і трываю. Але калі яна Івану Ахлабысціну ўзялася тлумачыць, што неяк няправільна той жыве, калі Паўлу Санаеву ўказала на дзіцячыя комплексы, з якімі яму абавязкова трэба змагацца, цярпенне скончылася. Узяла і напісала ўсё, што думаю і пра яе шоу, і пра яе саму. Я, канешне, разумею, што гэтай тэлевізійнай дзіве абсалютна да лямпачкі мае каментарыі, але, прызнацца, неяк палягчала. Засталося адчуванне таго, што апошняе слова – за табой.
У апраўданне магу сказаць, што, выказваючыся, я не абражала чалавечую годнасць (годнасць вядучай, а значыць і сваю таксама), і чэсна падпісалася, нават, адрас электроннай пошты пакінула.
Але па-любому выходзіць, незадавальненне стрымаць у душы куды як складаней, чым захапленне.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №17 ад 04.03.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *