Директор «Шумилинской ПМК-70» Алексей Кривко даёт интервью ко Дню строителя

Актуалии Край шумілінскі Экономика

“Няма трывогі, што застанёмся без работы”
У нядзелю, 10 жніўня, уся, калі так сказаць, будаўнічая супольнасць адзначае Дзень будаўніка. Гэта самая, бадай, мірная прафесія. Нароўні з прафесіяй настаўніка. Аднак калі настаўніцтва яшчэ адпачывае да 1 верасня, будаўнікі ўжо на “ўзлёце”.
Аб тым, чаго дамагліся мехкалонаўцы, якія планы ў калектыва, наша гаворка з дырэктарам ДКУБП “Шумілінская ПМК-70”
А. Ю. Крыўко.
– Аляксей Юр’евіч, па выніках работы за 2013 год калектыў атрымаў асаблівую адзнаку: яго імя занесена на раённую Дошку гонару. Поспех, якога даўно чакалі будаўнікі…
– Ганарова, ніхто не кажа. Аднак на лаўрах спачываць не будзем, і не ў нашых правілах. За якія ж дасягненні нас адзначылі? Усейваць лічбамі адказ не буду, аднак без самых асноўных усё ж не абысціся. Напрыклад, аб’ём падрадных работ, выкананых уласнымі сіламі. Планавалі выйсці на 20,7 мільярда рублёў пры заданні ў 25,4 мільярда, а на справе пераступілі мяжу ў 31 мільярд. Паспяхова справіліся з аб’ёмамі вытворчасці прамысловай прадукцыі. Выпрацоўка на аднаго рабочага склала 167,4 мільёна рублёў за год.
Здабыткі радуюць. Не магу не сказаць, што ў спаборніцтве сярод ПМК у аб’яднанні “Віцебскаблсельбуд” мы другія. Таксама ганарова. Важна ўтрымацца на пазіцыях, таму тэмпы не збаўляем. За першае паўгоддзе 2014 года заданне выканалі на 149,4%, па выпрацоўцы на чалавека перавысілі паказчык адпаведнага перыяду мінулага года на 37,8%. Ёсць і прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі, а чысты прыбытак склаў 131 мільён рублёў.
– А калі ёсць свабодныя сродкі, можна і развівацца…
– Несумненна. Я не сказаў пра зарплату рабочых. Яна за паўгоддзе вырасла да 4,9 мільёна рублёў. Нядрэнна, і ўсе ўмовы для далейшага росту ў нас ёсць.
– Аляксей Юр’евіч, ці існуе ў вас кадравы “голад”?
– Патрэба ў талковых будаўніках існуе. Не скажу, прыходзяць маладыя кадры, але  той-сёй  доўга не затрымліваецца. Хочацца фантастычных заробкаў сёння і адразу. Так не атрымаецца: зарплату трэба зарабіць. І ў Расіі, куды яны выязджаюць, дармавых грошай таксама не даюць. І там не будзеш стаяць і пакурваць, калі хочаш прывезці ў сям’ю ладную капейку. А ў нас, дарэчы, маладыя тынкоўшчыкі трэцяга разраду “выганяюць” па 7-8 мільёнаў, не кажучы пра тых, хто са стажам, і брыгадзіра. Добра зарабляюць муляры, цесляры, бетоншчыкі – касцяк прадпрыемства.
– Але ж звальняюцца…
– Звальняюцца пераважна маладыя, у пагоні за доўгім рублём, і самі некаторых звальняем. За паўгоддзе развіталіся з 56 работнікамі – па розных прычынах, прынялі на працу 54 чалавекі. Маладых вучым на месцы, замацоўваем, напрыклад, за вопытным мулярам, і за два-тры месяцы яны пераходзяць на “свой хлеб”.
– А пашырацца прадпрыемства не мяркуе?
– Чаму ж? Для гэтага ў нас дастатковая матэрыяльна-тэхнічная база. У гады росквіту ПМК на прадпрыемстве працавала і 380 чалавек, сёння ў нас 210. Пакуль што цяжка з падборам кадраў. А трывогі за тое, што можам застацца без работы, няма. Дастаткова сказаць, што ў чэрвені давялося адмовіцца ад падрадных работ на суму 2,5 мільярда рублёў. І гэта пры тым, што выйгралі тэндар. Проста не хапае рабочых рук. Сёння ўзводзім ЖБК № 13 у раёне СШ № 2, бяром удзел у падрыхтоўцы да “Дажынак” у Гарадку. Праводзім капрамонт жылога дома ў Обалі, рэканструкцыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу,  працуем на ферме Светласельскі, дзе маюць патрэбу ў даільна-малочным блоку. Словам, работы хапае. Праўда, аб’ёмаў у раёне не набярэш. Даводзіцца ісці на тэндарныя аб’екты.
– Аляксей Юр’евіч, поспех, як вядома, трымаецца на людзях, на іх сумленнасці і прафесіяналізме. Каго хочаце адзначыць?
– Адзначу брыгаду сантэхнікаў Пятра Паўлавіча Ткачова, дзе дасягнулі прадукцыйнасці працы на 126%. Не першы год у лідарах брыгада аддзелачнікаў, якую ўзначальвае Антаніна Віктараўна Дарожкіна, рупліва працуе калектыў па нарыхтоўцы лесу на чале з Юрыем Уладзіміравічам Каранеўскім. Сярод ІТР вылучым старшага прараба Васіля Андрэевіча Новікава, старшага майстра Ларысу Валер’еўну Судак, майстра лесанарыхтовак Аляксандра Мікалаевіча Скуратава.
З выпадку прафесійнага свята віншую калектыў, ветэранаў  будаўнічай галіны з Днём будаўніка. Зычу здароўя, дабрабыту і поспехаў на карысць прадпрыемства і краіны ў цэлым.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №60 ад 08.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *