Штрихи к портрету Марии Ковалёвой

Людзі і лёсы

Споведзь шчаслівай жанчыны
А ў чым шчасце? Шчасце ў тым, каб жыць. Жыць, нягледзячы ні на што. Жыць з цвёрдай упэўненасцю ў тым, што тое, што не забівае, робіць цябе мацней. Жыць на поўную моц, з усіх сіл, да апошняй кропкі шчыра і па-сапраўднаму. Жыццё доўгае і вельмі рознае, але яно тваё, падоранае табе лёсам, Богам, Сусветам…
Вось так узяць і ў адзін газетны артыкул умясціць аповед пра лёс Марыі Аляксееўны Кавалёвай немагчыма, не атрымаецца. Жыццёвы багаж, з якім прыйшла гэта жанчына да свайго 75-гадовага юбілею, не любому па сілах будзе проста несці, а яна пры гэтым, бывае, яшчэ і прытанцоўвае.
Рашыўшыся на сустрэчу з журналістам, Марыя Аляксееўна засталася шчырай да апошняга слова. Яна расказвала пра сябе, адказвала на пытанні, частавала кавай і салам уласнай засолкі – і ва ўсім гэтым адчувалася нешта сапраўднае, нешта такое, што вымушае верыць гэтай жанчыне, браць з яе прыклад, вучыцца жыццёвым прамудрасцям.
М. А. Кавалёва нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу, а за некалькі дзён да вайны маці прывезла іх з братам у Беларусь, да бабулі. Бацькі загінулі, і ўсё дзяцінства малыя правялі ў дзіцячым доме. Сёння жанчына ўпэўнена, што менавіта несалодкае дзетдомаўскае дзяцінства загартавала яе характар,  зрабіла моцнай, выхавала такую карысную якасць, як выжывальнасць у любых, нават самых цяжкіх абставінах.
У размове Марыя Аляксееўна стараецца хутчэй перагарнуць ваенную старонку сваёй біяграфіі. Дзіцячая памяць учапілася і раз ад разу выцягвае на свет жудасныя карціны ваеннага дзяцінства. І сёння жанчына разумее, што толькі нейкім цудам іх з братам не расстралялі. Яны перажылі канцлагер, гета і насуперак усім законам прыроды выжылі. Здавалася б, пасля такіх выпрабаванняў жахам і смерцю жыццё павінна злітасцівіцца, пашкадаваць – а не. Дзіцячы дом – гэта не тое месца, дзе ведаюць, што такое шкадаванне.
“Памятаю, у шостым класе вучылася, калі ў якасці пакарання выхавальніца пастрыгла мяне нагала. Заціснула між ног і – ф’юць. Як жа я рыдала. А што там за свавольства было – пасля адбою па снезе пабегала. А наогул пакаранні былі, жорсткія пакаранні. За любую правіннасць”, – дзялілася горкімі ўспамінамі жанчына. Марыя Аляксееўна прызналася, што ў дзяцінстве была даволі шустрай, але вучылася добра. Успамінала, як дырэктар установы казаў: “Зраблю я з цябе выхавацеля дзетдома за твае свавольствы”.
Так і атрымалася. У трынаццаць з  паловай год Марыя паступіла ў Аршанскае педвучылішча, пасля заканчэння якога яе, разам з іншымі былымі выхаванцамі дзіцячых дамоў, размеркавалі працаваць па гэтых установах. Так яна трапіла на Шуміліншчыну, у Лескавічы. Дырэктар педвучылішча Сямёнаў партызаніў у гэтых краях, а таму напісаў ліст першаму сакратару райкама партыі з просьбай дапамагчы, калі што, маладой спецыялістцы. Жанчына памятае сваю першую зарплату ў 36 рублёў, як кватаравала ў Лескавічах, памятае сваіх першых выхаванцаў.
Усё жыццё Марыя Аляксееўна шукала сваіх родных, любую інфармацыю пра сваю сям’ю. Яна беражліва захоўвае перапіску, выразкі з газет, фотаздымкі – вядзе такі своеасаблівы сямейны архіў.
З самых юных гадоў Марыя заявіла пра сябе як актыўны грамадскі дзеяч.  12 год яна была нязменным членам райкама камсамола. Ужо ў 21 стала членам кампартыі. З настальгіяй успамінае гады маладосці, калі жыццё, што называецца, біла ключом, калі мора было па калена, а сіл было якраз столькі, каб пабудаваць светлае будучае. Да прыкладу, ёй нічога не каштавала прыбегчы на бюро райкама камсамола ў Шуміліна з Лескавіч на лыжах. А як жа яшчэ было?
Вядома, маладая жанчына скончыла інстытут: стала настаўнікам малодшых класаў. Была настаўніцай і важатай у СШ №1, працавала на розных пасадах у сістэме дзяржаўных органаў. Але самыя цёплыя яе ўспаміны пра гады, калі давялося працаваць у рэдакцыі. Пяць год М. А. Кавалёва была карэспандэнтам-арганізатарам раённага радыёвяшчання. “Гэта была самая цікавая мая праца, самая светлая паласа ў маім жыцці”, – прызнаецца Марыя Аляксееўна. Жанчына добра ведала раён, ведала людзей, а таму аказалася надзвычай каштоўным кадрам для журналістыкі.
На той момант у яе ўжо была сям’я, двое сыноў і не дужа ладныя ўзаемаадносіны з мужам. Гэта, відаць, і падштурхнула жанчыну рэзка змяніць сваё жыццё. Яна па запрашэнні сяброўкі паехала з Шуміліна не куды-небудзь, а адразу на Поўнач, на Чукотку. Там спатрэбіўся яе педагагічны вопыт, там таксама яе палюбілі. Удалечыні ад дома Марыя Аляксееўна правяла 12 год. Па-рознаму бывала, але заўжды падтрымлівалі, грэлі душу прывітанні з радзімы. Сваю калегу не забывалі сябры-журналісты:
“Сумна стала ў нас,
Як паехала ты.
Лепш вяртайся назад
З той далёкай вярсты”, –
пісаў Уладзімір Шаўчэнка, былы намеснік галоўнага рэдактара газеты “Герой працы”. І яна вярнулася, праз 12 год вярнулася. І з той пары жыве і радуецца кожнай хвіліне свайго жыцця ў Шуміліне.
На заслужаны адпачынак М. А. Кавалёва пайшла ў 51 год, маючы на гэты момант за плячыма 45 год працоўнага стажу (на Поўначы ішоў год – за два) і нямала узнагарод за адданую працу.
Сёння жанчына жыве ў гармоніі з сабой. Яна прызнаецца, што абсалютна шчаслівая. Шчаслівая тым, што выхавала двух выдатных сыноў, што спаўна аддала доўг Радзіме, што заўжды была чэснай з сабой і з людзьмі.
Яна вельмі любіць і ганарыцца сваімі дзецьмі, унукамі і ўжо праўнукамі. Старэйшы Аляксандр, былы ваенны, жыве ў Бабруйску, а малодшы Аляксей – ва Ушачах узначальвае райгаз. У Марыі Аляксееўны пяць унукаў і два праўнукі. І яна марыць толькі пра адно: каб усе яе блізкія былі здаровыя і шчаслівыя, каб жылі ў мірнай краіне. Сыны штодня тэлефануюць маці, спраўляюцца пра здароўе, ва ўсім дапамагаюць. У доме Марыі Аляксееўны часта бываюць госці, тут светла і ўтульна. Яна прызнаецца, што любіць узаеміны, любіць цікавых людзей, але пазбягае ныцікаў.
“Я ж нічога не знасіла ні ў дзяцінстве, ні ў юнацтве, – адказвае Марыя Аляксееўна на пытанне пра такі заўжды прывабны яе знешні выгляд. – Я ніколі не выйду на вуліцу непрыбранай. Абавязкова прычоска, макіяж і абцасы. Я так прывыкла”.
Гэта жанчына любіць моладзь, любіць сучаснае жыццё. Яе аптымізм, пачуццё гумару і вясёлы настрой не дазваляюць людзям, якія незнаёмыя з некаторымі фактамі яе біяграфіі, дапусціць думку пра такія няпростыя жыццёвыя выпрабаванні, што выпалі на яе долю.
Хочацца пажадаць Марыі Аляксееўне новых сустрэч, новых цікавых людзей на жыццёвым шляху, толькі радасных перажыванняў і моцнага здароўя.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №87 ад 11.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *