И их не пугает тюрьма

Закон Общество

Хачу ў турму
19 лістапада прайшло сумеснае  пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку і назіральнай камісіі, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў.
Супраць волі ашчаслівіць немагчыма. Куды дзяваецца гэта, здавалася б, натуральнае жаданне чалавека – быць шчаслівым, – цяжка сказаць. Хутчэй за ўсё, не вытрымлівае выпрабаванне саракаградуснай вадкасцю. Калі выключыць са спісу хлопца, які не жадае аддаваць доўг радзіме ў выглядзе тэрміновай службы ва Узброеных Сілах, то праблема ўсіх запрошаных на пасяджэнне адна – сяброўства з чаркай. Нехта рана ці позна ўсведамляе, што трэба пашукаць іншага сябра, пакаштаваць смак цвярозага жыцця. Такія добраахвотна едуць кадзіравацца з дапамогай навейшых швейцарскіх лекаў, уладкоўваюцца на працу, хоць і не ў Шуміліна, дык у Віцебск. Карацей, займеўшы мэту, сэнс у жыцці, шукаюць магчымасці дабіцца нечага, развярнуцца на 180 градусаў.
Але бывае і так, калі за плячыма па 15-20 год пазбаўлення волі, калі быць п’яным становіцца важней, чым быць свабодным. Калі дакладна: “Я піў і буду піць. Я не баюся нічога, бо сяджу ўсё жыццё. У турме намнога лепш, чым тут. Што тут: шукай працу, плаці за кватэру, выпіў – адразу ў міліцыю забіраюць. Навошта мне гэта трэба? Саджайце мяне зноў”. Для ўсіх вакол відавочная абсалютная дэградацыя асобы, а яму ўсё здаецца, што свет так несправядліва ўладкаваны. Не хочацца быць песімістам, але ў гэтым канкрэтным выпадку хутчэй за ўсё збудзецца ягоная мара, і ён усё ж трапіць туды, куды вельмі хоча. Гэты прыклад каштоўны, бадай, толькі з таго пункту гледжання, што нехта пазнае ў гэтым мужчыне сябе самога, але некалькі год пасля. Ніхто не нараджаецца бандытам і алкаголікам, без працы, сям’і і сэнсу жыцця. Такімі становяцца самі і добраахвотна. І калі сёння некаму здаецца, што спыніцца ніколі не позна, што можна выйсці на наступным прыпынку, а пакуль малады, варта “адрывацца” – адзін жа раз жывем, то ёсць магчымасць без усялякай машыны часу даведацца, што будзе з табой праз якія 10-20 год. Ён, калі слесарам у РАА працаваў і майстрам на ўсе рукі лічыўся, таксама, бадай, не думаў, што калі-небудзь жыццё стане настолькі нецікавым, што ў турму сам прасіцца будзе.
Праваахоўныя органы сапраўды прыкладаюць максімум намаганняў у прафілактычнай рабоце. З боку здаецца, што яны проста жывуць разам са сваімі “падапечнымі”, бо ведаюць кожны іх крок, усіх сяброў і сябровак, прадбачаць іх учынкі. Але і пры такіх намаганнях яны не могуць быць упэўнены, што, скажам,  абавязаная маці пайшла сёння на працу. Учора слёзна абяцала, здаецца, разумна разважала, а сёння – усё можа здарыцца. Такія людзі ніколі нічога не могуць гарантаваць, не могуць адказваць за свае словы. Ім нельга верыць. Але ім вераць зноў і зноў, іх пераконваюць, ім дапамагаюць. Ні з кім у нашым грамадстве не цацкаюцца так, як з сацыяльна ненадзейным кантынгентам. Вядома, чалавеку, які трапіў у бяду, варта дапамагаць. Толькі здаецца, калі ў маладой маці забралі трох яе дзетак, а яна пасля гэтага працягвае дыхаць, не робіць нічога, каб іх вярнуць, не адгукаецца на прапановы аб дапамозе, наўрад ці гэтай жанчыне ёсць сэнс нагадваць пра мацярынскі доўг. Яна здрадзіла самым родным людзям, балюча раніла тры дзіцячыя сэрцайкі.
Але якой бы беспрасветнай ні здавалася тая ці іншая сітуацыя і ў прыватнасці, і ў цэлым, усе суб’екты прафілактыкі будуць працягваць сваю работу. І калі сёння па нашых вуліцах не сноўдаецца той, хто адным сваім выглядам абражае чалавечую годнасць, калі яшчэ ў адной сям’і дзіця заснула пад матуліну калыханку, а не пад п’яны дэбош, калі нам з вамі не страшна вечарам выйсці на вуліцу, то яны чэсна выконваюць свае абавязкі.
У рабоце грамадскага пункта і назіральнай камісіі браў удзел пракурор раёна С. У. Зайцаў.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №91 ад 25.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *