К вопросу об абортах. Счастье есть. И оно называется мамой

Общество Семья

Шчасце ёсць. І яно называе цябе мамай
Дзеці застаюцца назаўжды

Ніколі не даводзілася сустракаць жанчыну, якая б шкадавала, што некалі не зрабіла аборт, не пазбавілася ад непажаданай цяжарнасці. Тую, якая б гаравала, што 10, 20, 30 год таму “адважылася” раджаць. Хоць і без грошай, хоць і зусім маладая яшчэ, хоць і мужа няма, і жыць недзе, і бацькі супраць… Усе гэтыя і на першы, і на другі погляд сур’ёзныя праблемы, што выключаюць саму магчымасць з’яўлення на свет немаўляці, маюць дзіўную ўласцівасць нейкім чынам знікаць разам са з’яўленнем гэтага самага дзіцяці. Магчыма, не адразу ж, не імгненна. Хутчэй за ўсё і складана будзе, але ўсё пройдзе, усё забудзецца, адваліцца, быццам шалупінне, а дзіця застанецца. Назаўжды.
Колькі б год ні прайшло, мы (матулі ва ўсялякім разе дакладна) выдатна памятаем, якое надвор’е стаяла ў той самы дзень, калі давялося нараджаць (хоць адно ў нас дзіця, хоць пяцёра), памятаем першую ўсмешку, першыя крокі і першыя словы. Не стамляемся і 40-гадоваму сыну ў дзень нараджэння зноў і зноў прыгадваць, як у дзяцінстве той баяўся матылькоў і еў пясок. Але мы гладка забываемся на тое, як цяжка было, як не хапала грошай, як недзе было паставіць дзіцячую каляску. На ўсё гэта забыліся мільёны жанчын, і яшчэ мільёны забудуцца.
Дзень ненараджэння
Дзіця ніколі не бывае не да месца, яно “здараецца” якраз тады, калі самы час. Што мы ведаем пра сваё жыццё, што наогул мы можам вырашаць, чаго могуць каштаваць нашы планы з пункту гледжання Сусвету. Хіба нам дадзена ведаць, на што было здатнае ненароджанае дзіця, якія спадзяванні на яго ўскладаліся: можа, лекі ад невылечнай хваробы прыдумаць ці адкрыццё надзвычай важнае зрабіць. Не зробіць, не адкрые, не вынайдзе – бо не народзіцца. А нехта – азірніцеся вакол – другую сваю палову так і не сустрэў, сям’ю не стварыў, дзяцей не нарадзіў.Вельмі хацеў, нават адчуваў, што ёсць на свеце менавіта яго чалавек, яго не можа не быць. Але яго няма, а значыць, не будзе яшчэ адной сям’і і дзяцей, не будзе лекаў і адкрыццяў.
“Калі хаця б адну з трох жанчын мне ўдаецца адгаварыць ад аборту, я не дарэмна працую”
Калі прадметна падыйсці да праблемы, то можна зрабіць высновы, што сітуацыя мяняецца выключна да лепшага. Ва ўсялякім разе гінеколаг раённай бальніцы Вадзім Кліменцьеў аўтарытэтна сцвярджае, што за апошнія 10 год колькасць абортаў  у Шумілінскім раёне скарацілася, лічы, утрая. І калі ў 90-я гады на 100 родаў прыходзілася 140 абортаў, то цяпер – 25-30. Ён упэўнены, што такой сітуацыі спрыяе палітыка, якую вядзе дзяржава ў падтрымку мацярынства. Дарэчы, што тычыцца нашага раёна, то мы трымаем лідзіруючыя пазіцыі сярод іншых раёнаў вобласці па нараджальнасці наогул. Апошнія гады раён багацее ў сярэднім на 200 хлопчыкаў і дзяўчынак за год.
Але ж поле для дзейнасці ўсё яшчэ шырокае. Тым больш, што ўрач спасылаецца на выпадкі, зафіксаваныя ў мясцовай бальніцы. Застаецца толькі здагадвацца, колькі жанчын з’ездзілі ў Віцебск і пазбавіліся ад цяжарнасці ў платнай клініцы. Там, дарэчы, робяць гэта без усялякіх размоў маральна-этычнага кшталту. А нашы ўрачы – наадварот, прыкладаюць максімум намаганняў, каб жанчына перадумала: “Калі хаця б адну з трох жанчын мне ўдаецца адгаварыць ад аборту, я не дарэмна працую” – лічыць Вадзім Леанідавіч. І не рэдкія ў яго практыцы выпадкі, калі жанчыны мянялі сваё рашэнне ўжо на аперацыйным стале.
Як гэта ні дзіўна, але некаторых адводзіць ад аборту нават тое, што за яго сёння трэба плаціць. Дарэчы, у тыя ж 90-я, калі кантрацэптывы каштавалі грошай, а аборты рабіліся бясплатна, некаторыя жанчыны з рэгулярнасцю раз у паўгода  пазбаўляліся ад непажаданых цяжарнасцяў. Лічылі гэта, калі можна так выказацца, эканамічна выгадным.
Што рабіць?
На заканадаўчым узроўні забараніць аборты? Думаецца, што гэта не вырашыць праблему, калі не пагоршыць сітуацыю (гэта мы ўжо праходзілі). А вось што рабіць для таго, каб думкі пра гэта нават не прыходзілі ў галаву будучым бацькам? Памятаю, як адзін сталічны святар, што вёў актыўную работу супраць абортаў, казаў: “Самыя страшныя ворагі дзяцей – іх бабулі. Калі жанчына на аборт прыйшла адна ці нават з кавалерам, то адгаварыць ад гэтага кроку яе можна. Складана, але шанцы ёсць. А калі ж яна прыйшла з маці – патэнцыяльнай бабуляй, – ніколі”. А значыць, усё пачынаецца і заканчваецца ў сям’і.
В. Л. Кліменцьеў упэўнены, што маці павінна навучыць дзяўчынку засцерагацца. Ён перакананы, што нешта забараніць падлетку даволі складана, гэта можа мець адваротны вынік  (добрая палова іх і пачынаюць “дарослае” жыццё яшчэ ў школе). А вось “узброіць” максімальна поўнай інфармацыяй – першая задача бацькоў.
А ці быў мужчына?
І яшчэ. Так складваецца, несправядліва складваецца, што асацыіруецца тэма абортаў, як правіла, толькі з жанчынамі. Быццам мужчыны і ні пры чым зусім. “Сама рашай”, “Я яшчэ не гатовы станавіцца бацькам”, “Можа, яшчэ крыху пачакаем, можа, у наступны раз” – гэта не цытаты герояў мыльных опер, гэта спробы нашых мужчын выкруціцца, увільнуць ад адказнасці. У жанчыны ж такой магчымасці няма. Вось і выходзіць, што быццам толькі яна ва ўсім і вінаватая.
Калі адкінуць усе размовы пра тое, што трэба планаваць цяжарнасць, засцерагацца, пачынаць палавое жыццё ў свядомым узросце і гэтак далей, калі ўзяць за зыходнае тое, што цяжарнасць ужо ёсць і развіваецца, то ніхто не скажа вам, што зрабіць аборт – гэта ўсяго толькі адзін з варыянтаў развіцця падзей.
Захаваць жыццё – гэта без варыянтаў.

Што такое аборт: даслоўна
(слабанярвовым не чытаць)
Аборт з дапамогай вакууму, ці вакуумная аспірацыя, выконваецца на тэрміне цяжарнасці ад 6 да 14 тыдняў. Працэдура праводзіцца ў чатыры этапы. Найперш, з дапамогай металічных пашыральнікаў расчыняецца шыйка маткі, пасля чаго туды ўводзіцца адмысловая трубка, прымацаваная да помпы. Уключаючыся, помпа стварае ў матцы штучны вакуум, з дапамогай якога водная абалонка, плацэнта і цела дзіцяці ўсмоктваюцца ў зборнік. Цела ў гэты перыяд яшчэ не сфармавана, таму найчасцей усмоктванне адбываецца па частках. Пасля тканіны ў зборніку даследуюцца на наяўнасць усіх частак цела дзіцяці. Калі маса атрыманых тканін менш, чым павінна быць на гэтым тэрміне цяжарнасці, працэдура завяршаецца дадатковым выскрабаннем поласці маткі.
Вакуумны аборт на тэрміне ад 13 да 24 тыдняў цяжарнасці мае свае асаблівасці. Па-першае, шыйка маткі павінна быць расчынена больш, бо цела дзіцяці на гэтым этапе развіцця ўжо досыць сфармавана, а значыць, у зборнік яно не можа прайсці з-за вялікіх памераў. Таму выкарыстоўваюцца спецыяльныя шчыпцы, з дапамогай якіх эмбрыён здрабняецца для наступнага вымання.
Кожны аборт уяўляе сабою аперацыю, часта – з непрадказальнымі наступствамі. Непрадказальнасць наступстваў вызначаецца тым фактам, што ўрач выконвае яе фактычна «ўсляпую». Адсюль і вялікая колькасць ускладненняў, у тым ліку, і дыягназы – бясплоддзе, анкалогія.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №93 ад 02.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *