Карацелькі ад Мікалая Мароза

Духоўнае

За што купіў…
“Каханне травамі не лечаць”.  Гэта Авідзій, старажытнарымскі паэт, які пісаў любоўныя элегіі. Ён і тады, дзве тысячы гадоў назад, ведаў, што каханне – і шчасце, і пакуты. Найперш, напэўна, пакуты, сардэчны боль, інакш не сказаў бы, што ад кахання лекаў няма.
Захварэў добрым настроем. А што – незвычайна: “сустрэліся” два антыподы – хвароба і добры настрой. Затое свежа, затое запамінальна. А калі прадоўжыць выраз –“Бальнічны браць не буду: няхай усе заражаюцца”, то і наогул разумееш, што значыць  нечаканы слоўны паварот у тэксце.
Адчуваць сябе, як голы ў крапіве. Уяўляю мужчыну, які выскачыў з другога паверха асабняка ад палюбоўніцы  і нечакана трапіў у зараслі высокай крапівы (вырошчвалі на зёлкі: вітамін С). Ні адзення, ні кайфу, і не ведаеш, куды ўцякаць.
“Да грошай і волі нас ніхто за руку не павядзе”. Крылатыя словы, і сказала іх вядомая тэлевядучая Ціна Кандэлакі. Да волі – зга-джуся на ўсе сто, да волі трэба дарасці – свядома, як чалавек, як грамадзянін, а з грашамі – прасцей: іх можна ўкрасці, нажыць махлярствам.
Грошы ўкрадзеш, а волю – шыш!..
Сядзяць у яго пячонках.  А ў мяне такіх няма, хто “сядзіць у пячонках”. Не дазваляю нікому. Не таму, што магу паставіць на месца нахабніка ці гарлахвата, проста ў час зачыняю туды сваю брамку.
Хто каго любіць, той таго і чубіць. Чубіць палюбоўна, шчыра, каб не зрабіць балюча роднаму чалавеку. Але калі чубіць так, што сінякі пад вачамі, такога “каханенькага-родненькага” трэба ізаляваць ад людзей. Праўда, у крылатым выразе “чубіць”, па-мойму, іншае: калі любіць, абавязкова зачэпіць. Словам, шэптам, дотыкам да рукі, пляча, позіркам. Абавязкова сябе выдасць. А біць жанчыну – не паважаць ў сябе мужчынскае.
Не даў Бог свінні рог. І дзякуй Богу. Калі б даў – насвінячыла б на зямлі так, што  нічога чалавечага не засталося б.
Сядзіць як сыч, а думае, што паніч. Сустракаў не раз такіх, хто напускае на твару такую важную міну, нібыта перад табой “містэр Твістэр мільянер”. На справе ж – звычайны абывацель, невук і латруга.
Дзясятая вада на кісялі. Кідаецца той-сёй у пошукі такога сваяка. І не таму, што пачуе кліч продкаў, проста ведае, што родзіч – уплывовы чалавек (а дачку ці сына няма куды “ўпіхнуць”), або  з вялікімі грашыма.
Яшчэ не злавіў, а ўжо скубе.  Яшчэ бацька не памёр, а дзеці ўжо дзеляць нерухомасць. Самі ж і пальцам не паварушылі, каб аблегчыць старасць роднага чалавека. На памяць прыйшло, чытаў у газеце: знаходзяцца ў Мінску старыя, хто перадае сваё жыллё   дзяржаве ўзамен на прыстойную старасць у казённым доме. Уяўляю, як кусаюць тады свае локці родзічы…
Не забывай тых, хто адклаў сваё жыццё, каб ты зажыў сваім. Прачытаў спачатку і зніякавеў: як так – “адкласці сваё жыццё”, нейкае глупства. А затым зразумеў, што не глупства – глыбокая думка: адкласці – значыць, жыць у сэрцах наступных пакаленняў.
За што купіў, за тое і прадае. Калі б так было ў жыцці?! І ў гандлі, і ў маралі. Вядома, гандляр хоча мець свой навар, сваю выгоду. Тут можна неяк зразумець. А якая выгода ў плеткара ці зламысніка? Відаць, ёсць, калі не зніклі такія нягоднікі.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №97 ад 16.12.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *