Башневский “Вандроўнік” побывал в 103-й гвардейской мобильной бригаде г. Витебска

Молодёжь

Як становяцца героямі?
Дзень 14 снежня для вучняў 11 класа Башнеўскай школы быў перапоўнены ўражаннямі. Паездка ў 103 асобную гвардзейскую мабільную брыгаду г. Віцебска была запланавана кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Вандроўнік” педагогам Марынай Ягораўнай Аляксеенка даўно, і мы з нецярпеннем яе чакалі.
На КПП нас сустрэў намеснік камандзіра роты гвардыі-лейтэнант А. А. Беланеску. Андрэй Аляксандравіч расказаў пра баявы шлях і выдатныя дасягненні віцебскіх дэсантнікаў. А потым, калі ішлі ў казарму, мы ўбачылі пастраенне салдат, якія строем накіроўваліся на канцэрт, прысвечаны дню нараджэння 103 мабільнай брыгады. У казарме нас уразіў узорны парадак, чыстыя светлыя пакоі, сучасная мэбля і бытавая тэхніка, тут ёсць нават свая трэнажорная зала.
На ганаровым месцы ў казарме – партрэт гвардыі старшага сяржанта Мікалая Чэпіка. Мы даведаліся, што Мікалай Чэпік загінуў 29 лютага 1980 года ў самым пачатку Кунарскай аперацыі, што за подзвіг на афганскай зямлі ён узнагароджаны “Залатой Зоркай” Героя Савецкага Саюза пасмяротна.
Мікалай Пятровіч Чэпік у 1978 годзе служыў у 103 брыгадзе. Ён быў разраднікам па некалькіх відах спорту, асвоіў няпростую спецыяльнасць сапёра, стаў выдатнікам, сумленна выконваў свой абавязак. І не выпадкова камсамолец Мікалай Чэпік быў прызначаны намеснікам камандзіра ўзвода. Яго служба ўжо падыходзіла да завяршэння, але змяніць армейскае абмундзіраванне на штацкі касцюм ён не паспеў…
Суровая пара выпрабаванняў прыйшла неспадзявана, знішчыўшы ўсе планы і надзеі. Са зброяй у руках разам з баявымі аднапалчанамі ён пайшоў выконваць свой воінскі абавязак. Старшы сяржант Мікалай Чэпік удзельнічаў у ліквідацыі буйной банды мяцежнікаў, ён атрымаў загад узарваць умацаваную варожую пячору, пад агнём снайпераў  змог прабрацца да агнявой кропкі і выканаць баявое заданне. Але пры вяртанні яго група была выяўлена і акружана. Завязаўся бой. Калі загінулі таварышы і скончыліся патроны, Мікалай Чэпік падпусціў бандытаў бліжэй і ўзарваў іх разам з сабой, знішчыўшы 32 душманаў.
Яго няма, але ён побач, ён і сёння натхняе маладых салдатаў, вучыць іх быць сапраўднымі воінамі. І кожны дзень Мікалай Чэпік удзельнічае ў ранішняй і вячэрняй паверцы…
Арцём БОНДАРАЎ, вучань 11 класа Башнёўскай СШ.
Надрукавана ў № 3 ад 13.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *