В ближайших планах борца Кирилла Кривко — выйграть первенство республики

Актуалии Молодёжь Спорт, туризм

Поспехі стымулююць на большае

Добра памятаю, як у 2013 годзе на обальскім турніры па грэка-рымскай барацьбе ў вагавой катэгорыі 70 кг на дыван выйшаў 11-гадовы шумілінскі барэц Кірыл Крыўко.  У хлопчыка не было пастаўленай тэхнікі і яркіх прыёмаў, тады ён стаў трэцім сярод чатырох удзельнікаў. Але нехта з трэнераў падчас паядынку адзначыў: “З яго можа вырасці добры спартсмен. Галоўнае, каб трэніраваўся і хацеў бароцца”.
За тры гады Кірыл Крыўко  вырас у моцнага барца-цяжа, зараз у сваім узросце Кірыл лепшы ў вобласці, з’яўляецца членам  абласной зборнай. Хлопец абараняе гонар Прыдзвіння на рэспубліканскіх і міжнародных стартах, прычым робіць гэта эфектна. Так, нядаўна стаў трэцім  у прэстыжным міжнародным турніры ў Брэсце, дзе прайграў толькі расійскаму барцу.
Трэнер спартсмена Юрый Сцяпанаў адзначае працалюбства Кірыла, яго жаданне трэніравацца і перамагаць. “Кірыл з кагорты максімалістаў, – расказвае трэнер. –  Кожная яго перамога стымулюе для новых перамог. Гэта выдатная якасць юнага спартсмена, якая дазваляе паступова спасцігаць спартыўныя вяршыні”.
“Гады два назад зразумеў, што магу дасягнуць добрых вынікаў у грэка-рымскай барацьбе, – расказвае Кірыл. – Захацелася перамагаць, захацелася годных вынікаў. Вось і пачаў сур’ёзна ставіцца да трэніровак, услухоўвацца ў кожную трэнерскую параду”. Штодзённыя трэніроўкі прынеслі плён: Крыўко ўдала выступіў на абласным першынстве.
Мінулы год стаў лепшым у спартыўнай біяграфіі Кірыла Крыўко. Сваёй працай, сваім жаданнем бароцца ён трывала заняў месца ў зборнай вобласці. Толькі вось стаяць на месцы хлопец не можа. Пяці дзён трэніровак яму стала мала, па выхадных пачаў ездзіць у Обаль да трэнера Пятра Ганушчанкі. “У Шуміліне не заўсёды ёсць спарынг-партнёр, часта Юрый Генадзьевіч ім становіцца, – дзеліцца спартсмен. –  Не хапае практыкі. А ў Обалі ёсць магчымасць пабароцца з Дзмітрыем Кучмаровым, пачуць падказкі Ягора Ганушчанкі ці братоў Грачухіных”.
Кірыл Крыўко не загадвае далёка. “Зараз для мяне важна выйграць першынство рэспублікі, якое пройдзе вясной, – расказвае хлопец. – Трэніравацца і толькі трэніравацца, каб падысці да гэтага старту ў добрай фізічнай форме. І толькі пасля гэтага ставіць перад сабой наступную задачу”. Хаця, па шчырасці, Кірыл прызнаўся, што хацелася б трапіць і ў кадэцкую зборную Беларусі, але да яе яшчэ вельмі шмат прыступак, якія трэба “ўзяць” барцу. А тое, што гэта ў яго сілах, трэнер Юрый Сцяпанаў упэўнены.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №3 ад 10.01.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *