Почётный юбилей Эдуарда Доморацкого

Людзі і лёсы

Э. Н. Доморацкий (справа) и А. П. Кухаренко. Фото 70-х годов

Ён заўсёды лічыў сваім  абавязкам дапамагаць іншым
Ён прыйшоў на пасаду рэдактара ў 1966 годзе, калі аднавіўся Шумілінскі раён. Тады перад рэдактарам стаяла шмат няпростых задач. Трэба было ўзводзіць будынак рэдакцыі (у якім мы і зараз працуем), шукаць (а часта і самому вучыць) журналістаў, мацаваць у адзінае калектыў рэдакцыі і друкарні, напрацоўваць свой рэдакцыйны стыль, свае журналісцкія прынцыпы. І Эдуард Мікалаевіч годна справіўся з гэтай задачай.
Жыццё прынесла яму нямала выпрабаванняў, часта падводзіла здароўе. Але ўсе іспыты ён пераадольваў і пераадольвае з гонарам, бо ніколі не лічыў сябе слабым, не здольным справіцца з нейкай праблемай. Болей таго, ён заўсёды лічыў сваім абавязкам дапамагаць іншым перамагаць жыццёвыя цяжкасці, абараняў ад несправядлівасці, суцяшаў.
Мужнасць, прынцыповасць,  неабыякавасць, імкненне змагацца за справядлівасць – галоўныя рысы, уласцівыя неардынарнаму чалавеку, журналісту з вялікай літары Эдуарду Мікалаевічу Дамарацкаму.
За яго плячыма годная вялікая дарога, за яго плячыма шмат добрых спраў. І хоць сёння не друкуюцца матэрыялы пад яго прозвішчам, чытачы і раённай, і абласной газеты “Віцебскі рабочы” памятаюць і любяць аўтара шматлікіх вострых артыкулаў, майстра пяра.
І зараз яны разам з сённяшнім калектывам “Герой працы” віншуюць Эдуарда Мікалаевіча з днём нараджэння і шчыра жадаюць яму здароўя, стойкасці, чалавечай цеплыні, сямейнай утульнасці, спагады лёсу.
З юбілеем, шаноўны Эдуард Мікалаевіч!
Аліна ПЯТРОВА.
За яго плячыма — цэлая эпоха
Хочацца падзяліцца ўспамінамі, якія назаўсёды засталіся ў памяці пра журналіста Эдуарда Мікалаевіча Дамарацкага. Не будзем казаць пра яго характар, стыль кіраўніцтва (ён 16 гадоў стаяў на чале рэдакцыі раённай газеты “Герой працы”) — пра гэта лепш раскажуць тыя, хто з ім поплеч доўга і плённа працаваў. Я ж захапіў яго ў рэдакцыі, як кажуць, краем вока.
Стаяў ліпень 1982-га. Я паехаў у Віцебск з тым, каб напрасіцца на сталую працу журналістам у адну з раённых газет. Былі вакансіі ў Браславе, здаецца, у Шаркоўшчыне, было месцейка ў Шуміліне. Але мяне папярэдзілі: “У Шуміліне рэдактар — крэмень, ці зможаш?..”. Прымаў мяне і экзаменаваў (даваў заданне напісаць замалёўку) намеснік У. Ц. Батакоў. Пачытаўшы мой опус, той патэлефанаваў рэдактару. Помню тую размову амаль да драбніц. Я сядзеў перад шаноўным чалавекам, як дзіця, хаця адпрацаваў ужо ў школе шэсць гадоў.
Размова была шчырай, і я асмялеў.
— А ці не сваяк вам той Дамарацкі, што на тэлебачанні?
Эдуард Мікалаевіч усміхнуўся.
— Ды не. У маім жыцці былі іншыя зоркі. Я вучыўся з Генадзем Бураўкіным, Рыгорам Барадуліным. Чуў жа? Дык вось вучыўся і ад гэтых глыбаў набраўся мудрасці. Прыходзілі, прасіліся ў рэдакцыю і члены Саюза журналістаў, іх не прыняў, а цябе прыму. Хаця ты зялепуха. Ведаю аднаго журналіста (ён назваў прозвішча) з “Чырвонкі”, ён цябе рэкамендаваў…
Трапілася працаваць пад яго кіраўніцтвам нейкія два месяцы. Помню, паехалі мы ў саўгас “Ульскі”, высадзілі мяне на сенажаці. Шнуруюць касілкі, возіцца сянаж ці сілас, і я ўсё бяру на аловак. Прыехаў і выдаў “на-гара”, і здзівіўся, калі пабачыў, што ад майго матэрыяла засталіся крыхі. Загадчык аддзела сельскай гаспадаркі У. Шаўчэнка тады супакоіў:
— Не бядуй, не аднаго цябе так “рэжуць”. Навучышся…
Э. М. Дамарацкі быў вельмі патрабавальны і да сябе, і да сваіх калег. У прафесійным плане. Помню нізку ягоных аналітычных артыкулаў у “Віцебскім рабочым” (ён доўгі час працаваў уласным карэспандэнтам гэтай абласной газеты) — хвосткіх, прынцыповых. Ён пісаў, не баючыся ні крытыкі, ні судоў, ні пракуратуры. А ўсё таму, што вывяраў кожнае слова, хадзіў, як кажуць, па вастрыні нажа. Затое яго любіў чытач. За праўду, якую ён нёс у газеце, за справядлівасць, за годнае жыццё.
Заўтра Э. М. Дамарацкаму — 75. За яго плячыма — цэлая эпоха журналістыкі. Эпоха, у якой публіцыст і смелы газетчык Эдуард Мікалаевіч Дамарацкі сказаў сваё адметнае слова. Няхай доля аддзячыць яму за гэта сваёй цеплынёй і беражлівасцю.
З юбілеем, шаноўны калега!
Мікалай МАРОЗ.
Удзячнае слова юбіляру
Я шчыра ўдзячны лёсу за тое, што пасля вайсковай службы свой шлях у прафесійную журналістыку пачынаў менавіта ў газеце “Герой працы”, калі яе рэдактарам быў Эдуард Мікалаевіч Дамарацкі. Такія ўжо далёкія, але такія памятныя гады… Эдуард Мікалаевіч вучыў нас, пачаткоўцаў, смеласці ў журналісцкім пошуку, уменню глыбока аналізаваць сацыяльныя з’явы і пісаць канкрэтна, доказна і аргументавана. А яшчэ вучыў настой-ліва адточваць свой творчы стыль. Матэрыялы рэдагаваў, здаралася, бязлітасна, але, прачытаўшы выпраўлены яго строгай рукой артыкул, кожны з нас пераконваўся: рэдактар мае рацыю. Для нас, маладых, гэта была выдатная школа прафесійнага сталення.
Прыгадваю такі выпадак. На другім месяцы сваёй працы ў газеце я зацікавіўся дзейнасцю камсамольскіх маладзёжных дружын. І высветліў, што існуюць яны на паперы і на грамадскі правапарадак ніяк не ўплываюць, таму, як сведчыла міліцэйская статыстыка, маладыя людзі часта паводзілі сябе далёка не лепшым чынам. А кіраваў дружынамі райкам камсамола. Заглянуў я і туды. Але першы сакратар райкама аказаўся фанабэрыстым чыноўнікам, павысіў голас, размаўляць на злабадзённую тэму не пажадаў і нават загадаў выйсці з кабінета, не перашкаджаць яго важным дзяржаўным клопатам. Натуральна, свае ўражанні я выклаў у артыкуле, напісаным на адным дыханні. Праз нейкую гадзіну выклікаў рэдактар: “Друкуем неадкладна”.
Рэзананс атрымаўся даволі гучным. Як я пазней даведаўся, Эдуарду Мікалаевічу званілі з райкама партыі, але ўсе спробы паставіць на месца свавольнага журналіста рэдактар адбіў, як мужны воін варожую атаку. Я цяпер цвёрда перакананы: у той час, калі першыя сакратары райкамаў былі асобамі недатыкальнымі, падобная публікацыя магла з’явіцца толькі ў газеце “Герой працы”. Ніякі другі рэдактар друкаваць яе не рызыкнуў бы.
Эдуард Мікалаевіч заўсёды заахвочваў смелых журналістаў, прыкрываў іх ад “пакрыўджаных” слушнай крытыкай службовых асоб.
Дзякуй, Эдуард Мікалаевіч, за такую жыццёвую навуку!
Анатоль БРУЦКІ.
Надрукавана ў №2 ад 11.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *