Профессии зодчего Анатолия Каменко учили евреи

Духоўнае Общество

Мая прафесія – дойлід
Калі твая справа – тваё прызванне, гэта найвялікшае шчасце. Але да ўпэўненасці ў тым, што лепш за цябе яе не зробіць ніхто, – доўгія гады, нават, дзесяцігоддзі карпатлівай, не заўжды ўдзячнай работы. Ёсць усведамленне, якое радуе і насцярожвае адначасова: іншай дарогі ў гэтым жыцці для цябе няма. Пры такіх умовах, з аднаго боку, можна ўсім сэрцам аддацца рамяству, на якое цябе блаславіў Бог. Але разам з гэтым – не пазбегнуць вялікай адказнасці, што кладзецца на твае плечы. Такая бескампраміснасць па сілах толькі моцным, цэльным асобам.
Пашчасціла пазнаёміцца з такім чалавекам. Анатоль Уладзіміравіч Каменка прыехаў у Шуміліна з Нясвіжа для таго, каб дапамагчы нам ва ўзвядзенні Свята-Мікалаеўскай царквы, канкрэтна – у стварэнні купалаў. Ён дойлід, майстэрства якога вядома ў Беларусі і за яе межамі. Яго асабістая біяграфія ў гэтай прафесіі налічвае ўжо амаль паўвека. “Мяне вучылі гэтай працы яўрэі. Яны ўзялі мяне 12-гадовым хлопчыкам. Бацька загінуў, маці засталася адна з сямю дзеткамі. Было вельмі цяжка”, – успамінае мужчына. Ён прайшоў даволі суровую школу майстэрства, але менавіта гэта дазволіла стаць сапраўдным прафесіяналам – і рукамі, і душой, і сэрцам.
Малы Толік разам з дарослымі мулярамі, тынкоўшчыкамі, бляхарамі займаўся рэстаўрацыяй цэркваў. Справай у тыя часы не тое што няўдзячнай, а нават небяспечнай. “Нас часта білі – час такі быў. Прыходзілася хавацца, а калі каго зловяць камсамольцы ці камуністы – дык стрыглі нагала. Здзекаваліся”, – расказвае Анатоль.
Вось так, дзень за днём, крок за крокам, праз выпрабаванні і цяжкую працу ён станавіўся сапраўдным майстрам. З удзячнасцю ўспамінае суровага дзядзю Мішу – свайго настаўніка. Ён навучыў, як браць конус, круг, як захоўваць сіметрыю. І сёння Анатоль Каменка шукае ў сваіх вучнях прагі да справы, жадання пераняць усе майстэрскія тонкасці рамяства. Але такое здараецца рэдка. “Няма прыгажосці ў вачах чалавека. Грошы нас губяць”, – па-філасофску разважае А. Каменка. Дзе б ён ні рабіў купалы, ён заўжды набірае “свежых” людзей, мясцовых. Паказвае, накіроўвае, выпраўляе хібы, але асноўную справу робяць яны. “Я ж майстар, я па стуку малатка разумею, што яны робяць. Рабіць дрэнна нельга – нават, калі ніхто не ўбачыць ці не зразумее. Я стараюся давесці чалавека да такога стану, што ён будзе вельмі шкадаваць, калі спрацуе несумленна. Гэта ж купалы – яны ж стагоддзямі пасля нас стаяць будуць. Мы проста не маем права рабіць гэту справу няякасна, – разважае Анатоль Уладзіміравіч. – Бывае, можна цэлы дзень рабіць і падганяць адну дэталь, а бывае, і за тыдзень удасца купал злажыць – такая справа”.
Анатоль Каменка вылучае шумілінскіх хлопцаў Аляксандра Каснова і Дзмітрыя Сінякова, якія працавалі пад яго кіраўніцтвам на стварэнні купалаў для Свята-Мікалаеўскай царквы. Ён нават запрасіў іх і далей працаваць разам. Адчуў у іх майстроў.
Дарэчы, як жа Анатоль Уладзіміравіч трапіў у Шуміліна. Мінулай вясной ён працаваў над цэнтральным купалам Успенскага сабора Троіца-Сергіевай лаўры ў Сергіевым Пасадзе. Там пазнаёміўся са святаром Андрэем, які родам з Обалі. Ён і папрасіў дапамагчы землякам паставіць купалы ў Шуміліне. Атрымаўшы блаславенне, Анатоль Каменка і накіраваўся на Шуміліншчыну.
Наогул, у Анатоля Уладзіміравіча надзвычай трапяткія адносіны да сваіх купалаў, бы да ўласных дзяцей. Ён можа доўга расказваць пра асаблівасці, пра тонкасці іх стварэння, пра гісторыю. Пра кожны купал. Напрыклад, купал касцёла Божага Цела ў Нясвіжы – таксама справа ягоных рук.
А яшчэ ён аўтар лагатыпу чэмпіянату Еўропы па біятлоне 2004 года – вавёркі Пулькі. Таленавіты чалавек – таленавіты ва ўсім.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №28 ад 10.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *