Тугі вузел: пра значэнне некаторых выразаў разважае Мікалай Мароз

Духоўнае Общество

Адстаўной казы барабаншчык
Чарка на пасашок – на марозе кажушок
. Словы з песні, і вобраз адмысловы і свежы. І, як ні прыкра, шкодны. Шкодны для тых, каму аглаблявая (так яшчэ называюць чарку на адыходак) чарка, як хваробе кашаль. Увогуле ў нас часта  так: п’ём, гуляем, пасля пяці гадзін гульбішча раптам налягаем на торт, а ўжо тады ідзе чарка на пасашок.
А каб яна сагравала, як кажушок, трэба адмовіцца ад празмернасці.
Не магу я знайсці тое слова… “Тое” – патрэбнае, чыстае, шчырае, якое да месца. Так бывае, калі кахаеш, калі сам не ведаеш чаму, а садзішся на кактус, мямліш, чырванееш, як падлетак, губляешся ў чароўнай сетцы слоў.  Калі дзеля яе ідзеш на такія ўчынкі, якія пасля ненавідзіш.
Стаіць, як конь над пустым цэбрам. Задуменны? Так. Разгублены? Напэўна. Але ўсё ж – апустошаны. Як капшук у салдата часоў вайны, калі пухнуць вушы, а ў ім – ні карэньчыка. Як  пісьменнік, які не можа нарадзіць ніводнага прыстойнага радка.
“Часта ты патрэбны, як добрая карова з павышаным надоем”. Дзе прачытаў, не ведаю, але мудра. Таму і актуальна, і нават для тых, хто адпраўляе мужа на заробкі ў Расію. Праўда, тут ужо без намёку на іронію ці здзек, бо хочацца чалавеку і крэдыты пагашаць, і жыць па-чалавечы.
Адстаўной казы барабаншчык.  Чалавек-пустышка, з яго думкай ніхто не лічыцца. І жывуць жа такія, і сем’і заводзяць, і нараджаюць да сябе падобных. А ёсць тыя, хто сябе паважае, з кім лічацца. Бо ёсць у іх пачуццё самасвядомасці, ёсць чыстая любоў да матулі і матчынага слова.
Па Шэкспіру – некаторыя нараджаюцца вялікімі, некаторыя дасягаюць велічы, а некаторым веліч навязваюць.
Словам больш як чатырыста гадоў, і верыш у іх бяссмерце.
Па-мойму, Ева падзялілася з Адамам забароненым плодам таму, што баялася ісці па дарозе адна. Без мужчыны. І сёння жанчына – слабая істота, баіцца мышэй і любіць какетнічаць. Такую мы, мужчыны, яе і любім.
“Баяцца трэба не смерці…”. Ну, закончым думку. Дык чаго ж трэба баяцца? Па Бертольду Брэхту, марна пражытага жыцця. І гэта так: смерць усё роўна прыйдзе, усе мы смяротныя, а вось добры след пасля сябе пакінуць хочацца.
Хто не ведае Юрыя Нікуліна? Акрамя таго, што быў ён выдатным акцёрам, клоунам, ён быў і бліскучым анекдатыстам, майстрам досціпу і мудрым чалавекам. “Ніколі не помсціце подлым людзям, – вучыў ён. – Проста станьце шчаслівым чалавекам, і яны гэтага не перажывуць”.
“Не расказвай сяброўцы, раскажы кароўцы”. Гэта пра тое, як адбіваюць мужчын у сябровак, калі ў той няма галавы на плячах. Калі яна прастачка, а тая, што хоча адбіць, хітрая. Яна кажа: «Я танцавала з ім: ад яго потам тхне». Або: «Ён нечым паходзіць на повара». І сяброўка верыць. А праз месяц ці паўгода ў хітрухі з тым жа поварам ці тым, хто прапахнуў потам, грыміць вяселле.
Чытаеш “Запіскі Самсона Самасуя” А. Мрыя і разумееш: добры твор, смелы твор, хаця нямала такіх, хто яго не чытаў. І дарэмна. У сатырычным рамане бацька Самсона раіць сыну ўзяцца за зямлю. А той у адказ: “Калупацца ў пясочку?.. Бачыўшы цывілізацыю, які разумны чалавек пачне рабіць гэта калупайства ваша. Краты вы, а не людзі!”
Самсон – мешчанін-выскачка, духоўна спустошаны чалавек. І сёння ў нас самасуяў і самасуйчыкаў хоць гаць гаці. І, відаць, таму, акрамя ўсяго іншага, што праца селяніна мае надта нізкую цану.
Скурганіць сваю душу. Выраз прыйшоў ад песняра Я. Купалы. Скурганіць – значыць, пахаваць у курган, амярцвіць. Праз смугу гадоў выраз  не згубіў сваёй свежасці. Як крынічная вада.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №34 ад 05.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *