Наш земляк Иван Мясоедов погиб на подступах к Берлину. До Победы оставалось 10 дней

Актуалии

Дзесяць дзён да Перамогі
У кожнай беларускай сям’і ёсць блізкі і далёкі сваяк, які ўдзельнічаў
у Вялікай Айчыннай вайне. Шмат сярод салдатаў той вайны тых, хто загінуў
у далёкіх краінах, не вярнуўся ў родны кут. У гэтыя майскія дні мы заўжды ўспамінаем іх.
З такімі вось думкамі завітаў у рэдакцыю і Уладзімір Цімафеевіч Васілевіч, які жыве ў Віцебску. Але карані ягоныя на шумілінскай зямлі, у вёсцы Войлавічы. Беражліва дастаў ён з пластыкавага файла старыя пажаўцелыя паперы, фотаздымкі.

Гэтыя дакументы захоўваліся ў сямейным архіве 70 гадоў.
Менавіта 70 гадоў таму, ужо пасля перамогі над ворагам, у чэрвені 1945 года на адрас Мясаедавай Анастасіі Мікалаеўны з вёскі Войлавічы (бабулі У. Ц. Васілевіча) прыйшоў невялікі бланк са штампам Сіроцінскага ваеннага камісарыята: “Ваш сын чырвонаармеец Мясаедаў Іван Прохаравіч у баі за сацыялістычную Радзіму, верны воінскай прысязе, праявіўшы геройства і мужнасць, быў забіты 29 красавіка 1945 года. Пахаваны з воінскімі ўшанаваннямі на могілках паўднёва-заходняга ўскрайку г. Хохенфінаў, Германія”. Самая страшная вестка, “пахаванка”, якой здавалася, ужо і не павінна быць, бо вайна скончылася амаль што месяц таму. Але ваенная пошта працавала няспешна…
Наш зямляк загінуў, калі да Перамогі заставалася дзесяць дзён. Да Берліна было каля сарака кіламетраў, фашысцкая сталіца на той момант ужо была ў акружэнні савецкіх войскаў, баі вяліся ў горадзе. Вораг жорстка абараняў свае апошнія рубяжы: да апошняга патрона, да апошняга салдата. У бітве за Берлін загінула больш за 80 тысяч савецкіх і польскіх воінаў.
“Вельмі хацелася даведацца, дзе пахаваны дзядзька, – расказвае Уладзімір Цімафеевіч. – Напісаў у “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа”. Адтуль  адразу адказалі, што справа доўгая і трэба будзе чакаць. Больш чым праз год прыйшоў адказ са Службы вышуку Чырвонага Крыжа. З адказу даведаўся, што пасля вайны адбылося перапахаванне з брацкіх могілак у Хохенфінаве і зараз дзядзька пахаваны на савецкіх воінскіх могілках у горадзе Бад-Фраенвальдэ, прыслалі фота мемарыяла, паведамілі як туды дабрацца”.
У канцы красавіка 2011 года В. Ц. Васілевіч адправіўся ў падарожжа ў Германію. Як ён расказвае, было трывожна, як там будзе ў Еўропе без ведання мовы. Але была ўпэўненасць у абранай справе, ды і свет не без добрых людзей. У Берліне звяртаўся да паліцэйскіх, і служачых аўта- і чыгуначных станцый, і таксістаў (сярод якіх шмат палякаў). Абавязкова нехта ведаў рускую мову і ўсе шчыра дапамагалі дабрацца да месца прызначэння.
У Бад-Фраенвальдэ беларусу падказалі, дзе знаходзіцца савецкае пахаванне, у адміністрацыі горада паказалі поўныя спісы  пахаваных на могілках савецкіх салдат, у якіх было пазначана імя І. П. Мясаедава (на мемарыяльных плітах імя Івана Мясаедава не было). Дарэчы, на могілках у Бад-Фраенвальдэ пахаваны 1843 савецкія воіны, якія загінулі на подступах да Берліна.
“У гарадку Бад-Фраенвальдэ я правёў некалькі дзён. У дзень гібелі дзядзькі, 29 красавіка,  зранку пайшоў на могілкі, высыпаў зямлю, што прывёз з нашай родавай сядзібы, запаліў свечку, схіліў калені ў паклоне з падзякай за ягоны подзвіг. Ягоны і ўсіх, хто там ляжыць, хто загінуў у вайне, – закончыў свой аповед В. Ц. Васілевіч. – А пасля адправіўся ў зваротны шлях, дадому”.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №35 ад 08.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *