Лариса Зайцева делится своим опытом борьбы с медведкой

Общество

Паядынак з мядзведкай
Нядаўна на сваім дачным участку ўбачыла тры сагнутыя калівы памідор. Расліны нахіліліся і падвялі. Агледзела, што ствол раслін на ўзроўні зямлі як хтосьці перасек ці падрэзаў.  “Не пужайся, гэта мядзведкі, на нашым агародзе таксама іх хапае, трэба змагацца з гэтай напасцю, – параілі віцебскія дачнікі. – Разводзь пральны парашок (шклянка на вядро вады) і залівай у норы. Ніхто не вытрымае такой атруты”. Магчыма, але ці вытрымае чалавечы арганізм? Мы ж потым будзем есці гародніну з градак, насычаную пральным парашком. Не, гэткі метад барацьбы маёй сям’і не прыйшоўся даспадобы. Ды і нашто рызыкаваць сваім здароўем з-за нейкіх там мядзведак? Пакінуць памідоры з гуркамі сам-насам з мядзведкай таксама не хацелася.  Адны раілі нам раскласці на градках галовы і хвасты ад селядцоў. Маўляў, ад тухлага паху мядзведкі папаўзуць далей. Але куды –  на іншыя градкі? А мне ўсе дарагія аднолькава, таму пра гэты спосаб таксама прыйшлося забыцца. Хочацца ж знішчыць мядзведку, а не спужаць яе.
Вырашылі змагацца з дапамогай піва: яно ж, напэўна, бясшкоднае. Купілі ў магазіне самае пахучае, разлілі яго ў некалькі слоікаў (разрэзалі папалам пластмасавыя бутэлькі), якія ўкапалі на ўзроўні зямлі. Пачакалі дні тры-чатыры – нічога. Праўда, у банкі назбіраліся іншыя аматары піва –  насякомыя і нейкія чырвоныя жукі.
Расчараваныя ад неэфектыўнага спосабу, звярнуліся ў магазін за спецыяльным хімічным прэпаратам. Разгаварыліся з прадаўцом, а той і кажа, што піва для мядзведак мы разлілі няправільна. Аказваецца, трэба наліць у  пластмасавую бутэльку і закапаць яе ў зямлю пад нахілам, так, каб горла было на паверхні. Ды пры гэтым горла варта завязаць марляй. Узброеныя ведамі, мы ўсё ж купілі прэпарат “Грызлі” і адправіліся спрабаваць новыя метады.
Гранулы “Грызлі”, як раілі па інструкцыі, закапалі ў невялікія ямачкі,  разлілі па бутэльках піва. Прызнацца, і не спадзяваліся, што будзе нейкі эфект. Але ўжо на другі дзень убачылі на адной з бутэлек прагрызеную марлю, а ўнутры… мядзведку – яна не магла выбрацца на волю.  Непадалёк на градцы ляжала яшчэ адна непрыгожая істота, нечым падобная на маленькага рака.
На гэтым  паляванне закончылася. Больш у пастку ніхто не прыходзіць.
У час змагання з мядзведкай я дазналася, што яна не любіць паху календулы і аксамітак (іх можна садзіць на градкі), а таксама паху вецця вольхі. А яшчэ  раяць восенню выкапаць яму і накласці туды свежага гною (мядзведак прыцягвае такі пах і цяпло). Тыдні праз два ў гэтую кучу спаўзуцца мядзведкі. Потым гэты гной рэкамендуюць укінуць ў вогнішча: мядзведкі згараць. Можа, яно і так. Варта восенню паспрабаваць і такі спосаб.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №46 ад 16. 06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *