Деревня Крупенино

Край шумілінскі

І гоняць ветрам успаміны ў родны кут сваёй радзімы
Невялічкая вёска Крупеніна, што знаходзіцца на тэрыторыі Обальскага сельсавета амаль на мяжы з Полацкім раёнам, нічым не прыкметная. Але ж дабрацца да яе зручна, бо побач аўтатраса. Полацкія і віцебскія аўтобусы прыпыняюцца акурат ля павароту на вёску, прайшоў з паўкіламетра – і ты на месцы.
Ідзеш гэтыя паўкіламетра па насыпной дарозе, якая ўздоўж абсаджана бярозамі, і любуешся наваколлем. Чыясьці клапатлівая рука даўно пасадзіла тут гэтыя дрэвы. Мы па-цікавіліся пра гэта ў мясцовых жыхароў. “Пасля вайны ў Крупеніне была сямігадовая школа, – расказаў мясцовы жыхар і старэйшына вёскі Палікарп Аляксеевіч Абраменка. – Сюды хадзілі вучыцца дзеці з навакольных вёсак Шашы, Пусташы, Пагіршчына, Балотнікі, Ліпнікі, Залессе. Добра помню, што ў 1946 годзе дырэктарам школы быў Яўген Ігнатавіч Верашкоў. Ён падтрымаў ініцыятыву настаўніцы Усцінні Фёдараўны Абраменкі, якая жыла ў вёсцы Ферма, пасадзіць бярозавую алею. І мы, вучні Крупенінскай сямігодкі, з рыдлёўкамі ў руках не адзін дзень саджалі бярозкі. Так што алеі 69 гадоў. Столькі ж і дрэвам, якія пасаджаны па самой вёсцы. Помню, нам, падлеткам, надакучвала саджаць дрэўцы. Але затое цяпер як прыгожа! Пакінулі пасля сябе добрую памяць. Таму маладзейшым заўсёды раю: калі не ўдалося вам пабудаваць уласны дом, то пасадзіце хаця б некалькі дрэў”.

старейшина д. крупенина П. А. Абраменко

Палікарп Аляксеевіч нарадзіўся і вырас у Крупеніне.  Ён расказаў, што раней тут быў сельскі клуб, што Крупеніна і Задоры адносіліся да аднаго калгаса імя Сталіна.
У 70-я гады  практычна кожны гаспадар Крупеніна трымаў карову. Зараз вёска пастарэла, у пенсіянераў хапае сіл хіба толькі на казу і курэй. Хаця Палікарп Аляксеевіч з суседам трымаюць на дваіх каня.
Вёска Крупеніна адметная тым, што тут жывуць практычна адны Абраменкі. Калі і будзе іншае прозвішча – то дзед, маці ці цешча абавязкова былі Абраменкамі, расказалі мясцовыя жыхары. У вёсцы многа дачнікаў, а пастаянна, не лічачы старэйшыну, тут жывуць Пётр Мікалаевіч, Міраслава Геранімаўна Абраменкі і Уладзімір Афанасьевіч Жолудзеў. Ён з Полацка, але аблюбаваў Крупеніна для дачы і абжыўся тут. Як, дарэчы, і Пётр Мікалаевіч, які ў маладыя гады жыў і працаваў у Наваполацку. А цяпер вось перабраўся ў вёску, трымае казу, займаецца пчалярствам. Перабралася з горада ў вёску і Крываносава Валянціна Мікалаеўна. Жанчына ўпэўнена, што ў вёсцы жыць эканомней, асабліва калі трымаеш невялічкую гаспадарку: трусоў і курэй. Да таго ж, у сталым узросце цягне на радзіму.
Жыхары Крупеніна расказалі, што ў час Вялікай Айчыннай вайны многія мясцовыя жыхары ваявалі ў партызанскіх атрадах. А ў самой вёсцы стаялі немцы. “Яны не чапалі жанчын і дзяцей, бо тыя на іх працавалі: трымалі гаспадарку, вырошчвалі гародніну, прыбіралі, – згадвае П. А. Абраменка. – Калі што не так, дык каралі. Прыйшлося і мне паспрабаваць “нямецкага арла”. Немец з усяе сілы лупануў мяне рэменем з пражкай – ажно іскры з вачэй пасыпаліся”.
Зараз, летам, Крупеніна ажывілася, бо панаехала многа дачнікаў. Яны паднавілі старыя хаты, пафарбавалі і жывуць сабе ў вёсцы. Вырошчваюць гуркі і памідоры, а  мінчанін Валерый Ягоравіч Абраменка пасадзіў нават кавуны. Спадзяецца атрымаць добры ўраджай.
Лідзія РУМЯНЦАВА.
Надрукавана ў №58 ад 28.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *