Жители Шумилинского района спрашивают: где купить дрова, поросят, удобрения и пшеницу

Актуалии Вопрос-Ответ

Дзе купіць дровы?
Калі вам патрэбны дровы, звяртайцеся ў ляс-ніцтва па месцы жыхарства або ў Шумілінскі лясгас, дайце заяўку ў вуснай ці пісьмовай форме. Затым кожнага абавязкова запішуць у журнал рэгістрацыі зваротаў. На працягу месяца (а калі няма чаргі, то і раней) забяспечаць дрывамі.
Як расказаў намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгасу І. І. Сідараў, цана дроў залежыць ад іх віду. Напрыклад, кубаметр бярозавых каштуе 16800 рублёў, паслугі па пагрузцы і тралёўцы за адзін метр кубічны – 3 тысячы і 11 тысяч адпаведна. Праблема толькі ў тым, што ў лясгасе не хапае транспарту, таму людзям прыходзіцца дамаўляцца наконт прывозкі дроў з іншым прадпрыемствам або прыватнікамі. Калі ёсць сілы, можна выкупіць лясны ўчастак для саманарыхтоўкі – гэтак паліва абыдзецца дзешавей.
Акрамя таго, дровы можна купіць і ў Шумілінскім філіяле “Віцебскаблпаліва”.
Як абзавесціся парасятамі?
Многія вяскоўцы цікавяцца, дзе можна купіць парасят. Ці займаецца іх продажам свінакомплекс у Плігаўках, які зараз належыць Віцебскаму КХП?
“Парасят можна купіць па пятніцах, – адказвае намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі Віцебскага КХП С. В. Прэснякоў. – Праўда, прадаём нетэхналагічных парасят. Гэта значыць, яны могуць быць меншыя па памеры ці малой вагі, але здаровыя. Затое і цана меншая – каля дзесяці тысяч рублёў за кілаграм. Дарэчы, парасяты на продаж на свінакомплексе бываюць не заўсёды, таму папярэдне лепш тэлефанаваць.”
Штыкет ці шчыты?
Рыхтуючыся да вясны, многія плануюць аднавіць агароджу. А дзе  купіць штыкет? “У райбыткамбінаце, – падказвае намеснік дырэктара КУП БАН В. Ф. Пашкоўская. – Штыкет (вышынёй 1,2 метра) каштуе 730 рублёў за адну штуку. Ёсць у продажы і драўляныя агароджавыя пралёты. Шчыт з дошкі абразной (3 м х 1,2 м) каштуе 38760 рублёў, з дошкі струганай – 85900 рублёў”.
Штыкет па цане 790 рублёў за штуку можна купіць і ў камунгасе. Як адзначыў майстар дрэваапрацоўчага цэха С. Д. Бандарэнка, па заказу будуць вырабляць і драўляныя шчыты. Але заявак пакуль не паступала.
А грунты для расады?
У магазінах райспажыўтаварыства падрыхтаваліся да вясны – у продажы ёсць грунты і мінеральныя ўгнаенні. У прыватнасці, у магазіне “Гаспадарчыя тавары” можна купіць суперфасфат, амафос і комплексныя азотна-фосфарна-калійыя ўгнаенні. Трохкілаграмовы пакет апошніх каштуе каля пяці тысяч рублёў. Акрамя гэтага, як расказала загадчыца магазіна А. П. Іванова, у продажы ёсць універсальнае ўгнаенне для кветак “Гаспадар”, грунты для рознага віду гародніны. Практычна такі ж асартымент тавараў і ў магазіне “Усё для дома” (першы паверх універмага). Што тычыцца вясковых магазінаў, дык у іх па папярэдняй заяўцы могуць прывезці любое з мінеральных угнаенняў.
Аксаміткі ці настурцыя?
У пошуках насення кветак мы абышлі магазіны райцэнтра і з упэўненасцю можам сказаць: самы багаты выбар насення ў магазіне “Усё для дома”. Прадстаўлены петуніі, прымулы, астры, фіялкі, настурцыі, алісум і іншыя кветкі вытворчасці ААТ “Мінск-сортнасенгародніна”. Прычым, некаторых відаў па 3-5 сартоў. Прадаюцца і лекавыя кветкі. Усяго ў магазіне  “Усё для дома” мы налічылі амаль сорак гатункаў насення.
Акрамя гэтага, насенне кветак прадаецца ў магазіне ад “Віцебсксортнасенгародніна”, які знаходзіцца ў памяшканні райбыткамбінату. “Пакуль прывезлі нямнога гатункаў кветак, але мы зрабілі заказ, – расказала прадавец Н. В. Бароўкіна. – На працягу тыдня павінны падвезці сальвіі, алісум, аксаміткі.
Кветкамі гандлюе і аддзяленне паштовай сувязі, багаты выбар насення кветак і гародніны прапануюць прадпрымальнікі на рынку.
І насенную бульбу
Бульбу ў Шуміліне можна набыць у магазіне “Садавіна-гародніна” і ў цэнтральным універсаме. Цана за адзін кілаграм – 1580 рублёў. Па словах начальніка аддзела нарыхтовак Ю. А. Глаўдзеля, бульбу райспажыўтаварыства закупляла ў СФГ “Крыніца “ і на Гродзеншчыне.
Дарэчы, насенную бульбу практычна кожную вясну прадаюць у сялянска-фермерскай гаспадарцы “Крыніца”.
А пшаніцу?
Продажам зерня займаецца магазін “Садавіна-гародніна”. Заходзім, глядзім на цэннік: пшаніца каштуе 480 рублёў за кілаграм. На жаль, гэта адзіны від зерня. Як патлумачылі прадаўцы, больш танны ячмень (каштуе 350 рублёў за кілаграм) разбіраюць хутчэй.
Сельскія жыхары не заказваюць зерне. Але калі будзе такая заяўка, патлумачыла намеснік старшыні райспажыўтаварыства Л. С. Дзегцярэнка, то зерне завязуць у любы сельскі магазін. Хаця ў калгасах заўсёды ідуць насустрач вяскоўцам і прадаюць пшаніцу ці ячмень на насенне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №12 ад 15.02.2011 г.



7 комментариев по теме “Жители Шумилинского района спрашивают: где купить дрова, поросят, удобрения и пшеницу

  1. Цікавая, карысная інфармацыя. Але вельмі хочацца даведацца, як абстаяць справы з інтэрнэтам? Ці паўсюль ёсьць магчымасьць падключыцца, і зразумела прыкладныя кошты, кароткі агляд тарыфаў.
    Буду вельмі ўдзячны, калі дапаможаце з інфармацыяй.

  2. Паглядзіце сайт Белтэлекама ці byfly.by — там усе тарыфы

  3. Будзем лічыць, што з тарыфамі разабраліся, але што зь іх рэальна даступна ў шумілінскім раёне?

  4. Осталось 5-6 АТС (самые отдалённые и малонаселённые деревни), где ПОКА нет возможности подключить byFly и ZALA

  5. Сфармулюю прасьцей, вёскі Леонава й асабліва Падоры — ці ёсьць магчымасьць падключыцца і якім чынам?

  6. В Леоново byfly пока недоступен. Ну а конкретно в рабочие дни и рабочее время обратитесь в РУЭС (4-25-60)

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *