Перспектыўны напрамак будучай пяцігодкі

Актуалии Общество Экономика

Перспектыўны напрамак будучай пяцігодкі


Віктар ДОКТАРАЎ, намеснік старшыні райвыканкама.

Прыватны сектар эканомікі заняў трывалае становішча ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі і ўпэўнена ўмацоўвае свае пазіцыі. Дзяржава ўзяла курс на лібералізацыю эканомікі ў краіне, на актыўнае стымуляванне развіцця прадпрымальніцтва і прыцягненне замежных інвестыцый у эканоміку Беларусі. У гэтых мэтах былі прыняты Дэкрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 ад 28 студзеня 2008 года “Аб стымуляванні вытворчасці і рэалізацыі тавараў (работ, паслуг)”, №6 ад 7 мая 2012 года “Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыях сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў сельскай мясцовасці”.
У Шумілінскім раёне прасочваецца ўстойлівая тэндэнцыя павелічэння колькасці арганізацый малога бізнесу і колькасці індывідуальных прадпрымальнікаў. У раёне працуюць Саветы прадпрымальнікаў.
Так, па стане на 1 студзеня 2011 года ў раёне ажыццяўлялі дзейнасць 58 мікра- і малыя арганізацыі і 202 індывідуальныя прадпрымальнікі, на пачатак 2012 года – 69 і 173, на 2013 год – 76 і 198, на 2014 год – 129 і 189, на 2015 год – 134 і 189 адпаведна.
Прыватны бізнес ахоплівае практычна ўсе сферы дзейнасці.
У прамысловасці і будаўніцтве занята 23% ад агульнай колькасці малых і сярэдніх прадпрыемстваў (СТАА “Вежа”, ЗП “Славянскі прадукт” – вытворчасць алкагольных напіткаў, СТАА “ІСКПоіск”, СТАА “Ханзе-Хольц”, ПГВУП “МВ-17” – дрэваапрацоўка, ПУП “Шумілінагандальбуд” – будаўнічыя работы і іншыя), за 2014 год аб’ём вытворчасці склаў Br327,0 мільярда, штогадовы прырост аб’ёмаў вытворчасці павялічыўся за год у 1,5 раза.
У сельскай гаспадарцы працуе 7% прыватных арганізацый (СТАА “Вітконпрадукт”, сялянскія (фермерскія) гаспадаркі Сямёнава Ю. В. “Раднік”, Ларчанкі А. В., Прыгуна У. В. і іншыя).
У сферы гандлю – 20% (ПП “Шуміліскі гаспадарчы гандаль”, ПП “Карына-гандаль”, “Брут”, “Каралеўскае”, “Тамара-гандаль” і іншыя). Удзельная вага прадпрымальніцкіх структур складае больш за 54% ад агульнага рознічнага тавараабароту, у грамадскім харчаванні – 25%.
У сферы транспартнага абслугоўвання – 42% (ПП “Шумілінская транспартная кампанія”, “АВІКбуд”, “Вітгрузаўта”, “Савдо” і іншыя). Рост колькасці транспартных прадпрыемстваў адбыўся ў выніку рэалізацыі дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №6 ад 7 мая 2012 года, які прадаставіў прадпрымальніцкім структурам магчымасць увезці машыны і абсталяванне.
У сферы паслуг дзейнічае 7% прадпрыемстваў (УП “Свет уліку” – аўдытарскія паслугі,  “Леанора-Стыль” – паслугі цырульні, “Прафкамфорт” – паслугі па рэалізацыі ацяпляльнага абсталявання, “Шумілінская аконная кампанія” – устаноўка дзвярэй і вокнаў, “Шуміліна-электрасэрвіс” і іншыя).
У структуры прадпрыемстваў 95% – прыватнай формы ўласнасці, 1,7% –замежнай формы ўласнасці, 3,3% – іншых формаў уласнасці.
Калі за 2011 год  сярэдняя колькасць занятых работнікаў на прыватных прадпрыемствах складала 780 чалавек, то за 2014 – 1975 чалавек. Сярэдняя зарплата ў малым бізнесе складае Br4109,3 тыс. (па вобласці – Br5199,5 тыс.), у сярэднім бізнесе – Br3964,0 тыс. (па вобласці – Br4824,9 тыс.).
Мікра- і малымі арганізацыямі ў 2 разы забяспечаны прырост інвестыцый у асноўны капітал за кошт новага будаўніцтва (СТАА “Вітконпрадукт”, ТАА “Альянспласт-рэсурс” і іншыя). Прамыя замежныя інвестыцыі прыцягнуты ў СТАА “ІСКПоіск”, ЗП “Славянскі прадукт”, ПГВУП “МВ-17” – гэта абсталяванне для стварэння саміх прадпрыемстваў і новых вытворчасцяў на іх. Прыватныя прадпрыемствы ўносяць значны ўклад ў выкананне паказчыкаў знешнеэканамічнай дзейнасці раёна. Так, удзельнага вага экспарту тавараў СТАА “ІСКПоіск” павялічылася ў 3,5 раза і складае 21% ад агульнага экспарту па раёне. Экспарт прадукцыі ажыццяўляюць СТАА “Вежа”, ЗП “Славянскі прадукт”, ТАА “Альянспласт-рэсурс”. На прадпрыемствы малога бізнесу прыходзіцца 94% экспарту паслуг – гэта ў асноўным транспартныя паслугі.
Фінансавыя вынікі работы прыватных прадпрыемстваў  за 2014 год характарызуюцца значным паляпшэннем якасных паказчыкаў: выручкі, прыбытку, рэнтабельнасці. Выручка ад рэалізацыі тавараў і паслуг за 2014 год склала Br389,3 мільярда, рэнтабельнасць забяспечана на ўзроўні 1,1%, чысты прыбытак – Br1,8 мільярда. Ад суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў бюджэт паступіла Br43,5 мільярдаў ці 36,5% ад агульнай сумы паступленняў у кансалідаваны бюджэт, ад індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых фізічных асоб – Br15,1 мільярда (12,1% паступленняў у бюджэт).
Стварэнне новых прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці актыўна працягваецца і ў 2015 годзе. У сакавіку-красавіку пачало работу прыватнае прадпрыемства па вырабу і перапрацоўцы піламатэрыялаў ПГВУП “МВ-17”, райвыканкам прыняў рашэнне аб прадастаўленні прадпрыемству пустуючых памяшканняў у в. Прыазёрная (на базе былога льнозавода). У ліпені створана прадпрыемства па перапрацоўцы драўніны “Легна” на базе пустуючага памяшкання ў в. Каравайніца.
У красавіку бягучага года рашэннем раённага Савета дэпутатаў  ПГВУП “Голдрыў” прадастаўлены ў арэнду вадаём плошчай 46,02 га для вырошчвання і рэалізацыі таварнай рыбы. У жніўні ў г. п. Обаль зарэгістравана ААТ “Экафіштурызм” – арганізацыя экалагічных тураў па лоўлі рыбы.
ПГУП “Тамара-гандаль” ажыццяўляе рэканструкцыю будынка былой сталовай на аўтадарозе Р-20 пад гасцінічны комплекс, кафэ, платную стаянку для вялікагрузнага і легкавога транспарту. Шумілінскія прадпрымальнікі вядуць работы па арганізацыі шэрагу прадпрыемстваў па рамонце і абслугоўванні транспартных сродкаў.
Для прыцягнення інвестараў з мэтай стварэння новых прадпрыемстваў на сайце райвыканкама размешчаны пералік будынкаў і збудаванняў камунальнай формы ўласнасці, якія не выкарыстоўваюцца, а таксама пералік свабодных зямельных участкаў.
Многія прадпрымальнікі і прыватныя прадпрыемствы скарысталіся льготамі па падатках і плацяжах, якія прадугледжаны Дэкрэтам №6.
У мэтах актывізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы, стымулявання вытворчасці і рэалізацыі тавараў, паслуг, работ, прыцягнення замежных інвестараў прыняты шэраг нарматыўных актаў Прэзідэнтам і Урадам Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці:
— устаноўлены заяўны прынцып рэгістрацыі суб’ектаў гаспадарання;
— спрошчаны парадак правядзення і кантролю знешнегандлёвых аперацый;
— спрошчана працэдура падатковага адміністравання;
— уніфікаваны пералікі адміністрацыйных працэдур, якія выконваюцца выканкамамі, іх структурнымі падраздзяленнямі і дзяржаўнымі арганізацыямі ў адносінах да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў;
— спрошчана працэдура дзяржаўнай гігіенічнай рэгламентацыі і рэгістрацыі, зменшаны фінансавыя выдаткі заяўнікаў, рэалізаваны пры гэтым прынцып “адно акно”  і іншае.
У рамках садзейнічання арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці прадастаўлены субсідыі беспрацоўным: у 2011 годзе – 5 субсідый на суму Br23,5 мільёна, у 2012 годзе – 6 на суму Br49,6 мільёна, у 2014 годзе – 2 субсідыі, за студзень-жнівень 2015 года – 2 субсідыі па 11 бюджэтаў пражытачнага мінімуму.
Аддзелам эканомікі райвыканкама, інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Шумілінскім раёне пастаянна вядзецца работа па тлумачэнні дзеючага заканадаўства, прадастаўляецца неабходная інфармацыя па пытаннях стварэння і развіцця ўласнай справы. Праводзяцца семінары, дзелавыя сустрэчы, у СМІ друкуюцца матэрыялы па развіцці прадпрымальніцтва ў раёне.
Прыватны сектар эканомікі даказаў сваю эфектыўнасць, ён уносіць важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны і раёна. Як адзначыў міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі, прыярытэтам будучай пяцігодкі стане развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. “Мы лічым, што рухавік прагрэсу будучай пяцігодкі – хуткае развіццё малых і сярэдніх прадпрыемстваў”, – падкрэсліў ён. Гэта дазволіць эфектыўна выкарыстоўваць крэдытныя рэсурсы, павялічваць аб’ёмы вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі, а значыць забяспечыць далейшае развіццё эканомікі.
Надрукавана ў № 70 ад 08.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *