Районная Доска Почёта. Шумилинский районный Дом ремёсел

Актуалии Культура

Дом рамёстваў. Тут не сустрэнеш выпадковых людзей
Адным з пераможцаў сярод арганізацый раёна па выкананні ўстаноўленых параметраў сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2014 год была прызнана дзяржаўная ўстанова культуры “Шумілінскі раённы дом рамёстваў”, узначальвае якую А. В. Сяргеева. Апроч таго, за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва наш дом рамёстваў прызнаны лепшым у вобласці па выніках работы за мінулы год.
Цяжка ўявіць, якім чынам сіламі невялікага, у 11 чалавек, калектыву ўдаецца зрабіць так многа. Яны і самі здзіўляюцца, аглядваючыся назад, і працягваюць працаваць з яшчэ большай аддачай. Галоўная задача, якую ставяць перад сабой майстры, – адраджаць традыцыі шумілінскай зямлі, вывучаць і развіваць традыцыйныя народныя рамёствы, рабіць прывабным і цікавым для сучасніка тое, чым спакон веку займаліся нашы продкі. Гэта няпростая праца, якая патрабуе шчырай зацікаўленасці і карпатлівасці, але вельмі важная. Нават, высакародная. Бо толькі ўглядаючыся ў мінулае, магчыма паўнацэнна развівацца сёння, ёсць шанц не прапусціць і не ўпусціць нечага важнага, не згубіць нітачку, якая звязвае нас з нашымі продкамі. Не згубіць і перадаць нашчадкам.
У доме рамёстваў дзейнічаюць народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” і народны клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Спадчына”, а таксама ўзорны лялечны тэатр “Батлейка”. Акрамя гэтага працуюць гурткі па традыцыйных для Шуміліншчыны рамёствах: саломцы, ганчарству, ткацтву, пляценні з лазы, вышыўцы, вязанні кручком. Менавіта кручком – гэта адметная рыса нашага рэгіёна, што пацвярджаюць вынікі экспедыцый, у ходзе якіх было знойдзена шмат незвычайнай прыгажосці карунак. Таксама майстры ўстановы адраджаюць тэхнікі пляцення паясоў, выцінанкі, пляцення са шчапы, сітніку, пашыў касцюмаў. “Мы вырабляем касцюмы для сваіх калектываў, – расказала малодшы навуковы супрацоўнік дома рамёстваў Вольга Загвоздава. Створана ўжо не адна калекцыя. Адна з апошніх – касцюмы для “Разынкі”, дзе рукамі майстроў выраблена ўсё – ад галаўнога ўбору да спадніцы”. Прычым, гэта не проста прыгожыя строі, вопратка ствараецца па матывах рэгіянальнага касцюма.
Паралельна з навукова-даследчай дзейнасцю, экспедыцыямі, якія здараюцца не радзей як раз на месяц, метадычнай работай дом рамёстваў займаецца актыўнай выставачнай дзейнасцю, удзельнічае ў шматлікіх конкурсах, разнастайных мерапрыемствах. Дарэчы, менавіта актыўны ўдзел і лаўрэатства ў конкурсах – адзін з крытэрыяў, па якіх вызначалі лепшую ўстанову ў вобласці. Мяркуйце самі, толькі за мінулы год раённы дом рамёстваў узяў удзел ці выступіў арганізатарам 153-ох мерапрыемстваў, прэзентаваў вынікі сваёй працы ў 44-ўх раённых, 13-ці абласных і 8-мі міжнародных выставах. Што і казаць, шумілінскіх самабытных майстроў чакаюць у розных кутках Беларусі і за яе межамі. Яны даўно заслужылі аўтарытэт, у тым ліку і сярод калег з іншых рэгіёнаў. Нашы майстры ахвотна дзеляцца сваімі напрацоўкамі і здабыткамі. Вольга Вітальеўна заўважыла, што асабліва падабаецца наведваць мерапрыемствы ў Паставах і Полацку.
Калі вы ніколі не былі у раённым доме рамёстваў, то абавязкова завітайце туды. Гэта ж сапраўдны музей, багаты экспанатамі, якія проста не маюць цаны. І атмасфера тут асаблівая, настоеная на памяці пакаленняў, творчасці і спрадвечна беларускіх традыцыях, што дорыць адчуванне гонару за сваё мінулае. Становіцца зразумела, адкуль у творцаў такія не зусім сучасныя памяркоўнасць, мудрасць, лагоднасць. Яны трымаюць моцную сувязь з мінуўшчынай, а значыць маюць крыху іншы зрок, умеюць бачыць важнае, цаніць, любіць і радавацца. Яшчэ вельмі важна, што сюды ахвотна ідуць дзеці, спасцігаюць рамёствы ў гуртках і на майстар-класах.
Тут не сустрэнеш выпадковых людзей, яны тут не затрымаюцца надоўга, гаворыць Вольга Вітальеўна Загвоздава. Калі прыходзіць малады спецыяліст, яму можа спатрэбіцца год для таго, каб раскрыцца, выбраць накірунак, у якім хацелася б працаваць. Хаця многія майстры праяўляюць сябе ў розных відах творчасці. Наталля Сцержанкова, напрыклад, займаецца і саломкай, і лазой, і вышыўкай, і вязаннем, і кухняй. А нядаўна яна асвоіла яшчэ і апрацоўку скуры. Яўгенія Шарыпава не так даўно знайшла сябе ў традыцыйнай абрэзкавай тэхніцы. Яе шыкоўныя работы ўжо “ходзяць” па выставах і “збіраюць” дыпломы. Таксама яна выдатна малюе і займаецца вышыўкай. Пра кожнага майстра дома рамёстваў можна цікава і шмат расказваць. Усе яны апантаныя сваёй работай. Вера Кавалёнак прызналася, што ніколі не выходзіць з дому без кручка і клубочка нітак. Наталля Пятрова, якую яшчэ ў дзяцінстве навучыў плесці з лазы Уладзімір Каласкоў, не збіраецца адмаўляцца ад гэтага нават фізічна складанага для жанчыны занятку. Нядаўняе захапленне Кацярыны Барабанавай стварэннем лялек вылілася ўжо ў цэлую калекцыю, дзе кожны экспанат – гэта непаўторны характар, выпісаны з дапамогай дэталяў.
Ручная работа надзвычай запатрабаваная сёння, запэўніваюць майстры. Апошнім часам асаблівым попытам карыстаюцца работы, выкананыя ў ласкутнай тэхніцы. Па-за часам – ганчарства, лаза, салома. Хаця некаторыя іншыя рэгіёны ўжо адмаўляюцца працаваць з саломай, нашы майстры працягваюць рабіць з гэтага матэрыялу непаўторныя па сваёй прыгажосці і энергетыцы рэчы.
Не могуць не здзіўляць фантазія і працаздольнасць шумілінскіх майстроў. Іх рукамі створана столькі прыгажосці, а ўсім вядома цудадзейная сіла прыгожага. А тое, што яны ўзялі на сябе клопат па захаванні менавіта шумілінскіх традыцый, надае іх працы асаблівую пашану.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №79 ад 09.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *