Доска почёта Шумилинского района: Виктор Кайданович

Актуалии Общество Экономика

Сціплы электрамеханік
Як трапляюць людзі на раённую Дошку гонару? Вядома, што правам прадстаўляць сваё прадпрыемства калектыў надзяляе адказнага работніка, сапраўднага прафесіянала, станоўчага ва ўсіх адносінах чалавека. Зразумела і тое, што самі гэтыя людзі ніяк не імкнуцца быць такім чынам праслаўленымі. Яны проста якасна працуюць, бо па-іншаму не ўмеюць. А менавіта гэта заўжды і прыносіць вынік, варты павагі.

Вось у такім фармаце ўжо амаль чвэрць стагоддзя рупіцца ў раённым вузле электрычнай сувязі Віктар Анатольевіч Кайдановіч. Закончыўшы ў свой час Віцебскі політэхнічны тэхнікум, ён некаторы перыяд працаваў у мелі-ярацыі, а з 1991 года замацаваўся ў РВЭС. Мужчына працуе электрамеханікам лінейных збудаванняў сувязі і абаненцкіх прылад лінейна-тэхнічнага ўчастка і прызнае, што яго фронт работы надзвычай адказны. Спецыфіка работы на гэтым прадпрыемстве ў тым, што нельга сабе дазволіць не паспяваць за сучаснымі тэхналогіямі. А таму абысціся ведамі, атрыманымі падчас вучобы, не выйдзе – пастаянна трэба нечаму вучыцца.
– Чым вы ганарыцеся, – задаём традыцыйнае пытанне бацьку трох дачок, дзядулю дзвюх унучак, прафесіяналу ў сваёй справе і, наогул,  паважанаму ў Шуміліне чалавеку. А ён сумеўся, быццам, і ганарыцца няма чым, быццам яго канкрэтны жыццёвы шлях нічым не вылучаецца.
– Стараюся быць добрым мужам, бацькам і дзядулем – толькі хіба гэтым можна ганарыцца, гэта ж натуральна, так і павінна быць, – выдае свае погляды на жыццё мужчына.
Ганарыцца, хіба, толькі подзвігам якім можна, думаюць, пэўна, вось такія годныя, але надзвычай сціплыя людзі. А тое, што за плячыма доўгае сумленнае жыццё, поўнае маленькіх перамог і здзяйсненняў; тое, што сённяшні аўтарытэт зарабляўся няпростай штодзённай працай; тое, што твае жыццёвыя, няхай і такія натуральныя, прынцыпы лёгка можна ставіць у прыклад маладым – гэта не дробязі, гэта ўсё біяграфія, з якой, як з песні, нічога не выкінеш.
– Пра што вы марыце? – задаём наступнае пытанне і прадчуваем, што наўрад ці гэты чалавек пасвеціць нас у свае мары.
– Нават не ведаю, што вам сказаць, – не падмануў нашых прадчуванняў Віктар Анатольевіч.
Чалавек, які даўно адбыўся, як мужчына, як сем’янін, сябра і прафесіянал і мала нагадвае летуценніка, наўрад ці сходу выме і пакладзе вам свае мары, якія, можна не сумнявацца, у яго ёсць. Няхай толькі збываюцца. Мужчына прызнаўся, што вольны час любіць праводзіць за рыбалкай – дык хочацца пажадаць, каб яго рыбацкі рахунак папоўніўся годным трафеем.
І наогул, няхай жыццё і надалей будзе лагодным да нашага героя, няхай усё ладзіцца ў блізкіх, няхай работа прыносіць толькі задавальненне – ён сапраўды заслужыў гэта.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 85 ад 30.10.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *