Жыў такі Грышка Пузыр

Духоўнае

Жыў такі Грышка Пузыр
“Разумець трэба!”

Час той быў нялёгкім, пасляваенным, галодным, халодным. Не пра нейкія заморскія далікатэсы думалі тады людзі, а пра тое, каб як-небудзь выжыць, залячыць раны, нанесеныя варожай навалай, падняць з руін гарады і вёскі, засеяць зямлю, добра аздобленую асколкамі мін і снарадаў. То быў надзвычай цяжкі час, цяжкае жыццё. Але і тады наш народ не падаў духам: было ў тым жыцці нямала камічнага і забаўнага, трагічнага і гераічнага і шмат яшчэ чаго, на што быў здатны чалавек.
Адкуль і якім ветрам занесла ў нашу напалову спаленую вёску сям’ю Грышкі Пузырова, ніхто не ведаў. Важна было тое, што ён стаў адзіным мужчынам у Жукаўцы. Невялікага росту, гадоў мо пад дваццаць пяць, з кароткімі рукамі і такімі ж нагамі, круглым жывоцікам, ён нагадваў пузыр. Вяскоўцы хутка ўкарацілі яго прозвішча, і стаў ён проста Грышкам Пузыром. Але ўсе гэтыя акалічнасці не перашкодзілі яму ў той галодны час мець аж чацвёра дзяцей. А на кепікі вясковых вастрасловаў ён заўсёды гаварыў: “Пабудую добры дом – будзе і яшчэ столькі”. А дзеткі ў іх былі дай Бог кожнаму: разумныя, ветлівыя, працалюбівыя. Такой жа была і жонка Грышы Марыся – сціплая, акуратная і спагадлівая жанчына, толькі вось па росце разы ў паўтара вышэйшая за гаспадара. І калі яны сталі будаваць сабе зямлянку і выносіць з лесу на плячах сухастоіны ў 4-5 метраў даўжынёй, то гледзячы з боку на іх, можна было ўбачыць нешта вельмі смешнае: канец дрэва, што ляжаў на Марыськіным плячы, быў так высока падняты, што нагадваў ствол нацэленай у неба зенітнай гарматы, а сам Грыша здаваўся ну не больш як зараджаючым той самай гарматы. Але як бы там ні было, жытло сваё яны пабудавалі першымі, і хутка ўсё гняздо Пузыровых перабралася туды. Малайцы Пузыровы, казалі вяскоўцы, працы не баяцца. І Грышка, задаволены такімі водгукамі, ніколі не прамінаў сказаць свае любімыя два словы: “Разумець трэба!”

Грышка-чараўнік
Ні тэхнікі, ні коней у вёсцы не было, як і ва ўсім калгасе “Пагранічнік”, які быў створаны адразу пасля вайны. Аралі і сеялі, калі было насенне, на сабе. Чатыры жанчыны і які-небудзь хлапчук – вось і ўсё цягло для сахі ці плуга, якога, дарэчы, і не знайшлося ў вёсцы. І Грыша Пузыр з нейкай нямецкай жалязякі змайстраваў нешта сярэдняе паміж плугам і сахой, прымацаваўшы да свайго “немца” (так ён называў тую прыладу) нейкі патаемны рычажок для рэгулявання глыбіні ворыва. Ён, як адзіны працаздольны мужчына, і кіраваў гэтым “немцам”. І, трэба сказаць, цярпіма было цягаць тую загагуліну на сваіх кавалачках, а вось на яго агародзе прэлі ў нітку. Зямля ў мяне цяжкаватая, казаў ён, быццам апраўдваючыся перад намі, хоць справа была зусім у іншым. І ўсё раскрылася ўвосень, калі на нашых агародах, калі іх можна так назваць, гаспадарыла пустазелле, а ў Грышы быў добры ўраджай на бульбу і іншую гародніну. Відаць, дапамог яму той самы патаемны рычажок. А старыя Анфіса, Фёкла, дзевяностагадовая Марфа і кульгавая Макарыха ўбачылі ў гэтым нейкае чараўніцтва Пузыра, з дапамогай якога ён, маўляў, і перацягнуў ураджай вяскоўцаў да сябе. Тыя самыя вывады былі зроблены бабулямі і тады, калі Пузыровы першымі зрабілі сабе хоць і зямлянку, але ўтульную і цёплую. Чараўніку і д’ябал дзяцей калыша, казалі яны. Даходзілі гэтыя плёткі і да Грышы, але ён толькі і казаў: “На чужы раток не накінеш платок”, а ў душы мо і радаваўся таму, што яго, хоць і маладога, людзі заўважылі, і што ён не які-небудзь лайдак, злыдзень ці гуляка, а працаўнік – каваль шчасця сям’і. Ды і вяскоўцы былі вельмі задаволены тым, што Грышка ніколі не адмаўляў у дапамозе, шмат жартаваў, прыхарошваючы тым самым галечу іх жыцця.

“Амерыканец”
А калі ў калгас невядома адкуль прыцягнулі старэнькі “Фардзон”, Грышка Пузыр папрасіўся на яго. Цэлымі днямі ён з памочнікам Андрэем Шумскім вывучаў гэтае капіталістычнае стварэнне. Яны да змору круцілі завадной ручкай, а трактар толькі пыхаў, рабіў два-тры воплескі, цяжка, як астматык, дыхаў і змаўкаў. Крыху адпачыўшы, яны зноў і зноў кідаліся ў атаку на ўпартага “заморца”, жадаючы як-небудзь ажывіць яго, але жалезны злыдзень маўчаў. І тады разгневаны памочнік з чырвонымі ад натугі вачыма разганяўся і з усяе сілы, што была ў яго здаровай назе, даваў тумака ў здранцвелае цела “амерыканца”. Такая прафілактыка для заморскага госця доўжылася два дні. На трэці, удосталь надыхаўшыся нашым еўрапейскім паветрам, налюбаваўшыся бела-сінімі пралескамі і па горла напіўшыся чысцюткім палівам, заморскае цуда ажыло і, зрабіўшы магутны ўсхліп, дало такога грому, што Пузыр пусціўся ў скокі. “Ну, цяпер у працу, “капіталіст”, пакажы, на што ты здатны”, – крычаў Грышка, бегаючы вакол трактара. Давай-давай, камандаваў памочнік, а сам, баючыся, што “Фардзон” на хуткасці можа знесці не толькі яго, але і будынак хаты-чытальні, хуценька адскочыў убок. Але “амерыканец” не спяшаўся рабіць такі разгон, а калі апусцілі ў зямлю запэцканы плуг, дык і зусім даў дуба. Змоўк і ні гу-гу. Трэслі яго, ручкай завадной круцілі да змору, мацюкамі падганялі – безвынікова. Няма ў мяне сілы цягаць гэты плуг – нібыта гаварыла ўся яго змарнелая істота. «Не хоча капіталіст працаваць на калгас, не падабаецца яму наш працадзень, але мы яго прымусім, як піць даць, прымусім, помнікам ён стаяць у нас не будзе», – цвёрда выказваўся Пузыр. І прымусіў: не быў бы ён, Грыша, чараўніком.
Корпаючыся каля падбітага нямецкага танка, які яшчэ не паспелі парэзаць на кавалкі, ён паздымаў неабходныя жалязякі і ўстанавіў іх на “аклахомцы” (ёсць такі штат у ЗША). Пры першым апрабаванні задумы выйшаў канфуз, а сам вынаходнік, атрымаўшы добрую порцыю страху, ледзь заглушыў разгневанага “капіталіста”. З поўнай галавой думак Грышка замест сваёй зямлянкі зайшоў на канюшню, дзе і нарадзілася новая ідэя, у выніку якой атрымаўся млын з прадукцыйнасцю два вядры зерня ў гадзі
ну. Ні з чаго зрабіць нішто, ды і карыснае – гэта ўжо было добра. Праз пару дзён ён па акце здаў сваё вынаходніцтва ў калгасную ўласнасць.

Бы той танкіст
У той жа дзень, толькі пад вечар, вайскоўцы танкам прыцягнулі да калгаснай канторы перапэцканы балотнай тванню трактар на гусеніцах, на лбе якога ледзь бачныя былі тры літары “ХТЗ”.  Шырокія гусеніцы, магутная рама, танкавыя рычажкі “франтавіка” ні ў якае параўнанне не ішлі з тымі плугавымі “Універсаламі” і “Фардзонамі”. Два дні Грышка з памочнікам мылі і церабілі трактар, не шкадуючы вады, якую ў бочках на валу падвозіла Марыська. У абсохлую і папрыгажэўшую машыну Грышка не адразу адважыўся залезці, а некаторы час круціўся вакол, пэўна, уяўляючы сябе тым танкістам, які вось-вось павядзе грозную машыну ў бой. І пакуль памочнік завадзіў машыну, ён, не выпускаючы з рук рычагі, разглядваў і падлічваў кулявыя і асколачныя прабоіны ў кабіне. Так, адваяваў ты, браце, на славу. Паласавалі цябе і ўздоўж і ўпоперак. І як ты толькі выжыў?! “А ну крутані яшчэ разы са два, – камандаваў Грыша. – Мускулы трэба накачваць. Так, так, давай, вось так”, – і, пусціўшы клуб чорнага дыму, “харкаўчанін”, злёгку ўздрыгнуўшы, загаманіў сваім надарваным сэрцам: “Паехалі!”. Махнуўшы рукой, Пузыр павёў трактар да поля. За ім, куляючыся, паплёўся памочнік, з якога, нібы з лазні, валіў густы пар. «Паддай, паддай!» – размахваючы рукамі крычаў ён, і Грышка, паддаўшы газку, пераключыў хуткасць, ад якой “франтавік” закашляўся і, спыніўшыся, зусім сціх. Злы, як сабака, Грышка выкаціўся з кабіны: “Ахламон ты балотны, перад ім шапкі трэба здымаць, а не гарлапаніць “паддай!». Ён ужо дзеля цябе і мяне даўно сваё аддаў, а табе ўсё яшчэ мала. Зямля яму, вядома, не пад сілу, а для другіх мэт ён нам спатрэбіцца”, – разважаў Пузыр, вырашыўшы ўсур’ёз заняцца рамонтам машыны.
(Працяг будзе).
Надрукавана ў №88 ад 10.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *