Доска почёта Шумилинского района: Дмитрий Данилович

Актуалии Экономика

Больш вопыту – больш адказнасці
Ёсць такая катэгорыя людзей, якія не імкнуцца да частых змен і ўзрушэнняў, якія не хапаюць зорак з неба, а проста жывуць, размерана і спакойна. Пераважна такіх вызначае пастаянства – і ў месцы работы, і ў захапленнях, і наогул у поглядах на жыццё. Напэўна, да такіх адносіцца і наш герой, прозвішча якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару – Дзмітрый Уладзіміравіч Даніловіч.
Уся працоўная дзейнасць Дзмітрыя Даніловіча звязана толькі з адной арганізацыяй – Шумілінскай райветстанцыяй. Прыйшоў сюды адразу пасля заканчэння Віцебскай ветакадэміі і працуе вось ужо 16 год. Спачатку малады ветурач паспрабаваў сябе ў ролі лабаранта, пасля тры з паловай года адпрацаваў урачом-паразітолагам, пяты год займае пасаду ўрача-эпізаатолага. Так што дасканала ведае ўсю “кухню” райветслужбы. І апошнюю пасаду яму прапанавалі не проста так – гэты вельмі адказны і сур’ёзны ўчастак работы давяраюць толькі вопытным спецыялістам, дысцыплінаваным і самастойным. Бо калі размова ідзе пра прафілактыку і лячэнне надзвычай небяспечных хвароб жывёлы (а менавіта гэтым займаецца Д. Даніловіч), напрыклад, шаленства, тут не да жартаў. І вельмі важна, каб у ветурача было развіта высокае пачуццё адказнасці за даручаную справу, каб былі веды і вопыт.  Дзмітрый Уладзіміравіч гэта разумее і стараецца адпавядаць пасадзе. І вынікі работы ўрач-эпізаатолаг дэманструе добрыя.
– А наогул, чым ганарыцца ветурач Дзмітрый Даніловіч? – пытаю ў субяседніка.
На гэта пытанне Дзмітрый сціпла адказаў, што найперш даверам з боку кіраўніцтва і адносінамі калег. Яму даспадобы яго прафесія і месца работы. Радуе, што няма аднастайнасці ў рабоце. За дзень, бывае, выпадае пабываць у многіх кутках раёна. Адчувае асаблівую задаволенасць, калі ўдаецца выратаваць жывёлу, дапамагчы слушнай парадай і кансультацыяй.
Урачу-эпізаатолагу па службовых абавязках даводзіцца рэгулярна выязджаць на мясакамбінаты. І як прыемна спецыялісту з райцэнтра, калі да яго думкі прыслухоўваюцца і яго лічаць кваліфікаваным ветэрынарам.
– І пра што марыце, калі не сакрэт? – задаю яшчэ адно пытанне.
Аказваецца,  Д. У. Даніловіч вельмі хацеў бы больш заможнага лёсу для многіх сельгаспрадпрыемстваў раёна, бо ад гэтага залежыць і здароўе статкаў, і, калі хочаце, эпізаатычная сітуацыя ў цэлым. А для сябе? Ну хіба што адправіцца ў падарожжа, скажам, у бліжэйшае замежжа. Бо за мяжой ні разу ў жыцці не быў, а хацелася б пабачыць свет.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 91 ад 20.11.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *