Валерий Леонидович Филиппов отмечает свой юбилей в кругу родных

Людзі і лёсы

Танкіст, меліяратар і добры сем’янін
Работнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм прасілі напісаць пра ветэрана працы, былога дырэктара ПМС, талковага гаспадара і сем’яніна, шчырага і душэўнага чалавека Валерыя Леанідавіча Філіпава. І нагода для гэтага важкая –  у лютым ён адзначыў 70-гадовы юбілей.
Даўні сябар раёнкі (газету выпісвае амаль паўстагоддзя) сустрэў нас у добрым настроі. Такі ж аптыміст, малады душой, як і дзесяць, і дваццаць гадоў таму. І сёння ён у курсе ўсіх раённых навін, цікавіцца справамі меліяратараў і жыццём прадпрыемства.
Валерый Леанідавіч усё жыццё пражыў у Шуміліне. Выязджаў толькі на вучобу ў Гарадоцкі тэхнікум механізацыі і сельскай гаспадаркі ды на тэрміновую ваенную службу. Служыў у Полацкім гарнізоне. Як аднаго з надзейных і адказных салдат, Валерыя Філіпава прызначылі камандзірам танка. Так і праслужыў “амаль два гады ў камандзірах”.
Пасля арміі В. Л. Філіпаў працаваў брыгадзірам-механікам у Шумілінскай райсельгастэхніцы, а потым райкам партыі рэкамендаваў маладога спецыяліста на пасаду галоўнага механіка ПМК-25. Тады Валерый Леанідавіч і не думаў, што адпрацуе на гэтым прадпрыемстве сорак гадоў, што за добрую работу будзе ўзнагароджаны граматамі ЦК КПСС, нагрудным знакам “Ганаровы меліяратар”.
В. Л. Філіпаў узначаліў партыйную арганізацыю меліярацыйнага прадпрыемства. І ў час камандзіровак дырэктара заставаўся  за галоўнага, кіраваў тэхналагічным працэсам. Таму ні для каго не было дзіўным, што першы сакратар райкама партыі У. С. Пясоцкі і былы дырэктар ПМС М. М. Рагоўскі прапанавалі на пасаду кіраўніка менавіта В. Л. Філіпава. Валерый Леанідавіч добра памятае той сход ў 1988 годзе – калегі за яго прагаласавалі аднагалосна.
“Што і гаварыць, адчуваў на сабе вялікую адказнасць за прадпрыемства, за людзей, за тэхналагічны працэс, – згадвае Валерый Леанідавіч. – Удзячны вопытным прарабам і брыгадзірам, якія навучылі мяне меліярацыйнаму будаўніцтву і падказалі: першае, з чаго трэба пачынаць – гэта парадак і дысцыпліна на прадпрыемстве.  У пачатку 90-х гадоў ПМС працвітала. Помню, на аб’екце Сіроціна карчавальнікі працавалі ў дзве змены”.
А дома чакала вялікая сям’я: жонка, чатыры сыны і дачка. “Я вельмі ўдзячны сваёй Раісе за нашых дзяцей: выхаванне ж клалася на яе плечы”, – шчыра кажа Валерый Леанідавіч. Тым не менш, ён быў і застаецца добрым бацькам, сцвярджаюць жонка і дзеці. У меру патрабавальным і строгім, уважлівым і тактоўным. Галоўнае, чаму навучыў дзяцей – узаемападтрымцы адзін аднаго і працавітасці. Дзеці і зараз памятаюць, як усёй сям’ёй ездзілі на лён, як палолі буракі, як збіралі ў лесе ягады, як адбывалі радоўку і сушылі сена (сям’я раней трымала дзве каровы).
Валерый Леанідавіч успрымае жыццё такім, якое яно ёсць. І ўзрост яго не хвалюе. Наадварот, мужчына лічыць, што ў сталасці свае перавагі: многа вольнага часу, які можна прысвяціць унукам (іх дзесяць), а можна заняцца любімымі справамі. Такіх у юбіляра багата: ён вырошчвае некалькі гатункаў вінаграду, любіць выязджаць на прыроду, адпачываць на возеры.  В. Л. Філіпаў з’яўляецца старшынёй савета таварыства паляўнічых і рыбаловаў, любіць паляваць на дзіка, казуль і качак.  Ды і ва ўласным доме для сапраўднага гаспадара заўсёды знойдзецца справа.
Валерый Леанідавіч збіраўся сціпла адзначыць свой юбілей, у кругу родных. Але жадаючых павіншаваць знайшлося багата: да юбіляра прыехалі былыя калегі на чале з дырэктарам ПМС А. Я. Вайцянковым, віншавала старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, завітаў начальнік аддзела меліярацыі і тэхнічнага нагляду па Віцебскай вобласці А. В. Бажко, шчырыя словы віншавання выказаў генеральны дырэктар КУП “Віцебскмеліявадгас” Э. М. Герасіменка. Усе зычылі здароўя і дабрабыту. Ну, а сам юбіляр пажадаў сам сабе дачакацца праўнукаў. Думаем, гэтае жаданне абавязкова хутка спраўдзіцца.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №15 ад 23.02.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *